Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя, г. Орша. Дарэвалюцыйны перыяд

 

Больш за дзевяць стагоддзяў там, дзе Днепр крута паварочвае з усходу на поўдзень, стаіць Орша. Гэта адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі. Шмат ён спазнаў бітваў на сваім вяку. Яго захоплівалі і вызвалялі, палілі і руйнавалі, а ён зноў і зноў паднімаўся з руін і попелу, каб працягнуць сваю гісторыю...

Упершыню «Рьша» ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 г. як месца, дзе полацкі князь Усяслаў Брачыславіч па мянушцы Чарадзей, «перееха в ладьи через Днепр» для перамоў, быў вераломна захоплены ў палон кіеўскім князем Ізяславам. Так пачынаецца летапісная гісторыя горада. Але даўняе паселішча на яго месцы існавала значна раней, аб чым сведчыць мноства знаходак на старажытным дзядзінцы ля вусця ракі Аршыцы. Яны датуюцца бронзавым і жалезным векам. Сярод археолагаў існуе меркаванне, што ў канцы ІІІ – пачатку II тысячагоддзя да н.э. паўночны ўсход Беларусі, у тым ліку і Аршаншчыну, насялялі плямёны угра-фінаў, і тапонім «Орша – угра-фінскага паходжання і абазначае «праточная вада, рака; або вада, якая цячэ ў рэчышчы».

У пачатку XII ст., калі Полацкая зямля падзялялася на княствы-ўдзелы, Орша ўвайшла ў склад Віцебскага княства. Ужо тады яна была адным з найбуйнейшых местаў Полацкага княства.

Як развівалася Орша ў 12–13 стст. паводле археалагічных даных? Матэрыялы раскопак паказваюць, што пасля ўзвядзення ў пачатку 12 ст. крэпасці на месцы неўмацаванага паселішча канца 11 ст., побач з ёю, а таксама на процілеглым беразе р. Аршыца (Рша) насупраць крэпасці пачынае фарміравацца тэрыторыя гарадскога пасада. Пазней тут утварыліся Зааршыцкі і Надняпроўскі пасады. Стаўшы ў пачатку 12 ст. ключавым фарпостам Полацкай дзяржавы на р. Днепр, Орша паступова пераймае функцыі цэнтра ад пагоста каля в. Чаркасава, які быў заснаваны тут яшчэ кіеўскай уладай у 10 ст.

XIII стагоддзе – амаль суцэльная «белая пляма» ў гісторыі Оршы. Гэта быў час заняпаду Полацкага княства, знясіленага крыжацкімі набегамі. Асаблівае значэнне набыла Орша ў пачатку XIV ст., калі ў складзе Віцебскага княства далучылася да Вялікага княства Літоўскага. Гораду адводзілася вялікая роля ў захаванні ўсходніх межаў Літоўскай зямлі, таму ў першай палове XIV ст. па ініцыятыве князя Альгерда былі ўзведзены Аршанскія гарадскія ўмацаванні, а ў 1398–1407 гг. на месцы старажытнага гарадзішча XI ст., па загаду Вітаўта, пабудаваны мураваны замак. Аршанскі замак, адзін з самых вялікіх і моцных на ўсходзе Беларусі, быў сведкам і ўдзельнікам працяглых жорсткіх войн.

У складзе войска ВКЛ харугва з Оршы прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410 г. У 1505 г. у горадзе пабудавана драўляная царква Ільі Прарока. Паводле гістарычных крыніц за 1555 г., М.К. Радзівіл Чорны заснаваў тут адзін з першых на Беларусі кальвінскі збор.

У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1512–22 гг. пад Оршай у 1514 г. адбылася бітва – адна з буйнейшых бітваў на тэрыторыі Еўропы ў пачатку 16 ст. Пра яе была складзена беларуская песня, якая праслаўляла князя Астрожскага, напісана батальная карціна (1520–1530), якая зберагаецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. У час Лівонскай вайны 1558–83 гг. у 1564 г. прайшла яшчэ адна Аршанская бітва, у якой вызначыўся будучы аршанскі староста Ф. Кміта-Чарнабыльскі. У час шматлікіх войнаў і аблог Орша неаднаразова была разбурана і спалена. 3 1560-х гг. горад – дзяржаўнае ўладанне, цэнтр павета.

1 ліпеня 1569 г. быў прыняты акт Люблінскай уніі, які аб'яднаў Каралеўства Польскае і Вялікае княства Літоўскае ў адзіную федэрацыю – Рэч Паспалітую. У студзені 1582 г. у выніку перамір'я паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай Орша і наваколле адышлі да апошняй.

Адміністрацыйнае становішча Оршы ў складзе Рэчы Паспалітай было сціплае: цэнтр Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. 3 1500 г. тут збіраўся правінцыйны шляхецкі сеймік, а пазней у Оршы быў размешчаны павятовы грамадзянскі суд. Паступовае развіццё горада як самастойнай сацыяльна-эканамічнай адзінкі мела сваё лагічнае завяршэнне: 13 снежня 1620 г. аршанцы атрымалі велікакняжацкую грамату на магдэбургскае права («вялікае»), а як сімвал самастойнасці – герб, які ўяўляў сабой блакітны шчыт з сярэбраным крыжам і залатым паўмесяцам пад ім. Магдэбургскае права – гэта звод законаў, якія вызначалі адносіны горада і феадальнай дзяржавы. Па магдэбургскім праве адмянялася ўлада і суд над мяшчанамі дзяржаўцаў-намеснікаў, ваявод і іншых службовых асоб велікакняжацкай адміністрацыі. Гараджане вызваляліся ад феадальных павіннасцей, ім гарантаваліся свабодныя заняткі гандлем, рамёствамі і земляробствам, яны маглі ствараць рамесныя аб'яднанні – цэхі, выбіралі свае органы ўлады – магістрат і суд. Выдзяленне купецтва як найбольш уплывовай групы было характэрна для сярэдневяковага горада, а характар большасці прывілеяў, якія надаваліся аршанскім мяшчанам, пачынаючы з першага вядомага – 1551 г., аб бязмытным гандлі на працягу 10 гадоў, з'яўляецца найбольш спрыяльным менавіта для купецтва. Купцы з Оршы дастаткова часта ўзгадваюцца ў дакументах, якія адлюстроўваюць памежны гандаль з Рускай дзяржавай.

Ніжэйшыя прыступкі сярод гарадскога саслоўя займалі дробныя рамеснікі і гандляры, падмайстры, вучні і г.д. У 17 ст. адзначаецца наяўнасць у горадзе цэхаў. У 1612 г. быў прыняты статут аршанскіх краўцоў, пастрыгачоў і кушнераў, які быў пацверджаны ў 1633 г. Адміністрацыя цэха – старшыні – павінны былі выбірацца на год на спецыяльнай, галоўнай сходцы, якая працягвалася два тыдні.

Да 1660 – 70-х гг. у Оршы заставаўся замак з гарнізонам і сваёй адміністрацыяй. Адносіны паміж горадам і замкам былі складаныя. Так, у 1646 г. каралеўскім судом разглядалася справа аб нападзе аршанскіх мяшчан колькасцю да 2 тыс. чалавек на замак. На падставе дакументаў аб гэтай справе ў Оршы жыло на той час каля 5 тыс. чалавек. Але ў канцы 18 ст., у час далучэння да Расійскай імперыі, у горадзе заставалася толькі 793 жыхары. Можна меркаваць, што па нацыянальным складзе горад заставаўся беларускім, але прозвішчы некаторых жыхароў гавораць аб іх паходжанні з Рускай дзяржавы. Ёсць звесткі аб існаванні ў Оршы ў пачатку 17 ст. яўрэйскага кагала, сінагогі і школы.

У 1555 г. у Оршы быў кальвінскі (пратэстанцкі) збор, заснаваны Мікалаем Радзівілам Чорным. Пры зборы была школа. Даследчыкамі падкрэсліваецца, што якасць адукацыі ў кальвінскіх школах была вышэйшая, чым у іншых, існаваўшых у той час.

У 1604 г. у Оршы былі пабудаваны езуіцкі касцёл і кляштар, а ў 1616 быў адчынены Аршанскі езуіцкі калегіум. У калегіуме былі адкрыты 3 класы: граматыкі, рыторыкі і філасофіі. Езуіты клапаціліся, каб іх выхаванцы раслі фізічна моцнымі, таму шмат часу адводзілася верхавой яздзе, плаванню, фехтаванню, танцам. Для дзяцей збяднелай шляхты і гараджан існаваў інтэрнат. Пры калегіуме з канца 17 ст. дзейнічаў школьны тэатр. Тут быў створаны рукапісны зборнік драматычных твораў, вядомы як «Аршанскі кодэкс». Ён быў напісаны ў 1693 г. і ўключаў 4 польскія барочныя драмы з беларускімі інтэрмедыямі. Езуіцкі ордэн быў забаронены ў Расіі ў 1820 г., аднак у 1820-я гады ў Оршы яшчэ заставалася 199 езуітаў. Іх кляштар быў канчаткова закрыты ў 1831 г., касцёл разабраны, а ў будынку калегіума зрабілі турму.

Кароль Уладзіслаў IV пабудаваў у Оршы мураваны касцёл і вялікі мураваны будынак для манахаў-бернардзінцаў. У гэты ж перыяд былі ўзведзены францысканскі манастыр, мураваны касцёл для манахаў-трынітарыяў і два жаночыя каталіцкія манастыры – марыявіцкі і базыльянскі. Манастыры былі размешчаны ва ўсіх канцах горада і валодалі значнымі багаццямі.

Пасля скасавання ў Магілёве шэрагу праваслаўных цэркваў і Спаскага манастыра на сродкі і па хадайніцтву Магілёўскага праваслаўнага брацтва на зямлі магната Багдана Статкевіча пад Оршай быў заснаваны Куцеінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр. Ён засноўваўся як лаўра і павінен быў стаць цэнтрам праваслаўя на ўсходзе Беларусі. У 1630 г. па запрашэнні і на грошы Б. Статкевіча асветнік і кнігадрукар з Кіева Спірыдон Собаль заснаваў у Куцейне друкарню і разгарнуў бурную кнігадрукарскую дзейнасць, якую працягваў пасля ад'езду С. Собаля ігумен Іаіль Труцэвіч. За кароткі час Куцеінская друкарня стала буйнейшай на Беларусі. Тут да 1654 г. было выдадзена каля 20 кніг царкоўна-палемічнага, навучальна-асветніцкага і свецкага характару. У іх ліку адзін з першых буквароў «Буквар» С. Собаля, вызначаўся невялікім аб'ёмам і быў вельмі зручны ў параўнанні з іншымі падручнікамі па навучанні грамаце.

 

Спірыдон Собаль Староонка з факсімільнай копіи «Буквара» Спірыдона Собаля. Выява з сайта http://orthoobraz.by Староонка з факсімільнай копіи «Буквара» Спірыдона Собаля. Выява з сайта http://orthoobraz.by

 

 3 кнігадрукаваннем звязаны росквіт куцеінскай школы гравюры, якую вызначае блізкасць да традыцый беларускага народнага мастацтва. Галоўную ролю ў фарміраванні гэтай школы адыграў Спірыдон Собаль. Сапраўдным багаццем куцеінскіх выданняў з'яўляюцца ініцыялы, упрыгожаныя малюнкамі птушак, звяроў, чалавечымі фігурамі. Па стылі гэтыя загалоўныя літары ўзыходзяць да скарынаўскіх. Шэдэўрам кніжнага мастацтва на Беларусі стаў куцеінскі «Трэфалагіён». На гравюрах гэтага выдання – жанравыя шматфігурныя сцэны, персанажы якіх моцна індывідуалізаваны. Гравюры «Трэфалагіёна» былі вельмі папулярныя сярод беларускіх майстроў-іканапісцаў, выкарыстоўваліся імі ў якасці рысавальных дапаможнікаў. На жаль, імёны куцеінскіх гравёраў засталіся невядомымі. Можна толькі меркаваць, што асобныя выданні аздобіў майстар Паісій.

3 развіццём мастацтва кніжнай гравюры звязана майстэрства куцеінскіх манахаў – разьбяроў па дрэве, імён якіх вядома болей: Іпаліт, Восіп Андрэеў, Андрэй Фёдараў, Старац Арсеній. Вядома, што ў Куцеінскім манастыры авалодваў майстэрствам разьбы па дрэве славуты Герасім Укулаў з Дуброўны.

У 1655 г. у сувязі з вайной Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, Куцеінская друкарня разам з майстрамі была перавезена ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам, праз 10 гадоў яна апынулася ў Нова-Іерусалімскім манастыры на Істры, рэзідэнцыі патрыярха Нікана, а пасля ссылкі Нікана пераведзена ў Маскву пад нагляд Сімяона Полацкага, які быў прызначаны галоўным распарадчыкам новай друкарні, што размясцілася ў Крамлі і вядома пад назвай «Верхняя друкарня».

Такі ж быў лёс і куцеінскіх, і іншых майстроў. Вывезеныя ў Расію, яны пакінулі шматлікія ўзоры свайго майстэрства, вядомыя пад назвай «беларускай рэзі».

Куцеінскі манастыр таксама пакінуў свой след у гісторыі музычнага мастацтва. Вядома, што Спірыдон Собаль друкаваў у Куцейне кнігі з нотнымі запісамі. Старажытная сістэма спеваў у праваслаўнай царкве, т.зв. «знаменны распеў», мела некалькі варыянтаў, сярод якіх маецца «куцеінскі распеў».

У жыцці гараджан у сярэднія вякі важную ролю адыгрывалі царкоўныя гадавыя святы – фэсты, якія праводзіліся дастаткова пышна. Святочны рытуал строга рэгламентаваўся, вялікае значэнне надавалася тэатралізаваным пастаноўкам і шэсцям. Прадстаўнікі розных веравызнанняў адзначалі свае святы асобна. У 1640 г. аршанская гарадская рада забараніла на свята каталіцкага Раства ўпрыгожваць вуліцы, а цэхам – удзельнічаць у працэсіі.

Спецыфічнай праявай гэтага часу можна лічыць узнікненне гарадскога фальклору, аб чым, у прыватнасці, сведчыць знойдзены А. Мальдзісам рукапісны «аршанскі зборнік», напісаны ў канцы 17 ст. Гэта кніжка песеннай лірыкі, створаная, відаць, вандроўнымі шкалярамі, акцёрамі і музыкантамі. Сярод песень няма ніводнай на рэлігійную тэму. Прызначаліся яны як для шляхты, так і для гараджан і сялян.

Кірмашы і гарадскія святы былі месцамі выступленняў тагачасных прафесійных артыстаў. Вядома, што на аршанскія кірмашы прыязджалі вандроўныя акцёры, акрабаты і лялечныя камедыянты.

Увогуле ж ваенныя падзеі сярэдзіны 17 ст., калі ў горадзе часам заставалася не болей за сотню жыхароў, пазнейшыя падзеі Паўночнай вайны не спрыялі развіццю культуры.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Орша і наваколле ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі.

Пасля ўваходжання ў склад Расійскай імперыі Орша падпала пад уздзеянне цэлай серыі адміністрацыйных рэформ. Згодна з «Установай для кіравання губерняй» ад 7 лістапада 1775 г., «Уставай благачыння» ад 8 красавіка 1782 г., «Даравальнай граматай дваранству» ад 21 красавіка 1785 г. і адначасова з ёю прынятай «Даравальнай граматай гарадам», даўнія вольнасці магдэбургскага права ў беларускіх гарадах скасоўваліся, а на іх месцы ўсталёўвалася адзіная для ўсёй Расійскай імперыі сістэма адміністрацыі і кіравання. У горадзе, які з'яўляўся самастойнай адміністрацыйнай адзінкай, на чале адміністрацыі стаяў гараднічы. Гарадское самакіраванне складалася з гарадскога сходу і шасцігалосай думы. Яно знаходзілася ў падпарадкаванні адміністрацыі, гарадскі сход склікаўся толькі з дазволу губернатара, дума была падсправаздачная губернатару і казённай палаце; губернатар і губернская ўправа давалі органам гарадскога самакіравання падрабязныя ўказанні, якія выключалі ініцыятыву з іхняга боку.

Увасабленнем новых парадкаў стала стварэнне новага гарадскога герба – 5 скрыжаваных стрэл, таму што, як лічылася «город построен ещё древними скифами», якія «таковыми орудиями похвально действовали».

У першым дзесяцігоддзі пасля далучэння царскі ўрад імкнуўся інтэграваць беларускія землі ў імперыю такімі сродкамі, каб выклікаць у кожнага саслоўя пачуццё лаяльнасці да новых улад. Насельніцтву былі прадастаўлены эканамічныя льготы шляхам значнага памяншэння на працягу многіх гадоў некаторых відаў падаткаў.

Летам 1812 г. напалеонаўская армія пачала свой захопніцкі паход у Расію. Каб прыцягнуць на свой бок польскіх і мясцовых землеўладальнікаў, Напалеон абяцаў узнавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г. узамен на падтрымку сваіх ваенных планаў.

Аршаншчыне давялося перажыць нашэсце войск Напалеона. Прыкладна праз месяц пасля пачатку вайны на заходніх землях Расійскай імперыі, 5 ліпеня 1812 г., атрад генерала Кольберта з корпуса Грушы, які, у сваю чаргу, уваходзіў у групу войск маршала Даву, падышоў да Оршы. Не сустрэўшы значнага супраціўлення з боку расійскіх войск, французы на наступны дзень увайшлі ў горад. Згодна з планам рускага камандавання, Оршы адводзілася роля базы забеспячэння войск неабходным правіянтам. Вялікія запасы мукі, амуніцыі аказаліся захопленымі французамі. За кароткі час інжынерныя службы напалеонаўскага войска навялі цераз Днепр два масты, і пад аховай дзвюх батарэй імператарская армія хутка пераправілася на левы бераг.

На працягу тых 2 тыдняў у Оршы гаспадарыў корпус Даву. Захапіўшы горад і павет, французы пачалі сістэматычнае рабаванне насельніцтва. Перш за ўсё адбіралі коней, хлеб. Значная частка насельніцтва пахавалася ў лясах. Калі ў рэшце рэшт Напалеон змяніў свае планы і французскае войска рушыла далей на ўсход, у Оршы застаўся вялікі шпіталь, у якім знаходзілася каля 10 тыс. параненых і хворых французскіх салдат.

Напалеонаўскае нашэсце нанесла вялізныя страты эканоміцы Аршаншчыны. Працэс аднаўлення прамысловасці працякаў вельмі марудна. У рапарце аршанскага гараднічага магілёўскаму грамадзянскаму губернатару за 1820 год паведамлялася: «У горадзе Оршы фабрык, заводаў і мануфактур не было. Ва ўсім Аршанскім павеце ў 1819 г. існавалі 2 мануфактуры – суконная і талесная. Нягледзячы на дармавую прыгонніцкую сілу і наяўнасць мясцовай сыравіны, прадукцыйнасць іх была вельмі нізкай. Гатовая прадукцыя ў асноўным выкарыстоўвалася на месцы і толькі часткова вывозілася ў іншыя гарады Магілёўскай губерні.

Толькі праз 14 гадоў пасля выгнання французскіх захопнікаў у Оршы быў заснаваны гарбарны завод.

У 1-й палавіне 19 ст. складаліся спрыяльныя ўмовы для развіцця гандлю ў Оршы. 3 далучэннем беларускіх зямель да Расіі былі ўмацаваны старыя і пабудаваны новыя галоўныя дарогі, з якіх дзве – Пецярбургска-Кіеўская і Маскоўска-Варшаўская – перасекліся ў Оршы. Важнымі былі таксама губернскія дарогі, па якіх перавозіліся транзітныя і мясцовыя грузы, У 1-й палавіне 19 ст. праз Оршу пралягалі тракты Орша – Сянно і Орша – Барысаў – Мінск. Увосень і ўвесну грунтавыя дарогі размякалі, і царскі ўрад пачаў будаваць шашэйныя. Адна з іх, Пецярбургска-Кіеўская, у 1830–1840 гг. прайшла праз Оршу. Па Дняпры праз Оршу везлі хлеб з Украіны у Віленскую, Віцебскую, Смаленскую губерні, а з цэнтральных губерняў Расіі ішлі прамысловыя тавары на Украіну. У параўнанні з іншымі гарадамі Магілёўскай губерні, якія размяшчаліся на Дняпры, Орша выдзялялася па колькасці адпраўленых суднаў і плытоў. Так, у 1858 г. у Оршы больш за 120 суднаў было загружана вапнай (каля 360 тыс. пудоў на суму на 20 тыс. руб.), каменем, мэбляй, рыдлёўкамі, гарэлкай, дошкамі на 6 тыс. руб.

Прамысловасць у гарадах Беларусі ў дарэформенны перыяд не дасягала высокага ўзроўню, тым болей гэта датычыцца Оршы. Першае аршанскае прадпрыемства, пра якое маюцца звесткі, – вапнавае, якое дзейнічала ў 1800–02 гг. На ім працавала 30 чалавек, у 1802 г. было выпалена 7 тыс. пудоў вапны. У рапарце аршанскага гараднічага магілёўскаму губернатару за 1826 г. гаворыцца пра 2 піваварныя заводы, якія выраблялі для продажу ў піцейных дамах 35–60 вёдраў піва за год. За той жа 1826 г. было прададзена таксама 60 вёдраў мёду. У 1850 г. у Оршы былі адкрыты 2 гарбарныя заводы па перапрацоўцы скур, кожны з гадавым выпускам прадукцыі на 5 тыс. руб. У Оршы ў 1-й палавіне 19 ст. існавала дробнае прадпрыемства па перапрацоўцы бавоўны.

У 2-й чвэрці 19 ст. у Беларусі назіраецца значны прамысловы ўздым. Ахапіў ён і Аршаншчыну, дзе ў перыяд паміж 1826 і 1848 гг. колькасць фабрык і заводаў павялічылася да 14.

У 1840-х гадах Орша мала чым адрознівалася ад іншых павятовых гарадоў Магілёўскай губерні.

Асноўным заняткам жыхароў з'яўляліся гандаль, рамёслы і гародніцтва. Гандаль вёўся праз крамкі, якіх у 1843 г. налічвалася каля 70. Аршанскія купцы гандлявалі і з іншымі гарадамі Беларусі.

Бюджэт горада быў зусім невялікі (у 1843 г. – 15 208 руб. серабром). Асноўная яго частка выдаткоўвалася на ўтрыманне адміністрацыйна-паліцэйскага апарату, турмы і інш.

У пачатку 1850-х гадоў у Оршы былі 3 плошчы, 35 незабрукаваных вуліц і завулкаў. Тратуараў не было, і горад патанаў у непралазным брудзе. Большасць гарадскіх будынкаў былі драўляныя.

Рэлігійныя патрэбы насельніцтва забяспечвалі 3 праваслаўныя царквы, 4 манастыры, 8 сінагог. У горадзе не было бібліятэк, тэатраў, іншых культурна-асветных устаноў, затое мелася 7 пітных дамоў, або кабакоў. Не ў лепшым становішчы знаходзілася і ахова здароўя. У горадзе мелася толькі адна невялічкая бальніца, у якой працавалі 2 медыцынскія работнікі і 8 чалавек абслугоўваемага персаналу.

Пасля адмены ў 1861 г. прыгоннага права Орша заставалася тыповым павятовым горадам. Тут знаходзілася паліцэйскае ўпраўленне, спраўнік, воінскі начальнік, казначэйства і паштовая кантора, гарадская ўправа, дума і інш.

3 1870-х гадоў пачаліся работы па добраўпарадкаванні горада. На сродкі насельніцта, сабраныя па падпісцы, у 1873 г. у цэнтры горада быў разбіты гарадскі сад. На цэнтральных вуліцах устаноўлены некалькі газавых ліхтароў, «забрукавана каменнем базарная плошча за ракой Аршыцай і забрукаваны чатыры самыя нізкія топкія вуліцы». Цераз цэнтральную частку горада на працягу каля 4 км у 1878 г. быў таксама пракладзены брук, які злучыў горад з чыгуначнай станцыяй. Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні рабіліся на сродкі насельніцтва. I толькі нязначная частка адпускалася з гарадскога бюджэту, які, дарэчы, быў вельмі невялікі. Значныя сродкі з яго паглыналіся адміністрацыйна-паліцэйскім апаратам.

Як і на ўсёй тэрыторыі тагачаснай Беларусі, прамысловасць горада пачала развівацца толькі ў 1870-х гадах. У 1871 г. праз Оршу прайшла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка. 3 цягам часу Орша ператварылся ў буйны чыгуначны вузел.

У 1881 г. у Оршы было 20 фабрык і заводаў: 2 дражджавых, 3 гарбарных, 2 ільнотрапальных, 2 цагельных і 5 вапнавых заводаў. Прадпрыемствы былі невялікія: на іх працавала ўсяго 12 майстроў і 251 рабочы, а валавы даход складаў 62 211 руб.

Значнае месца ў эканоміцы горада займалі промыслы. У 1881 г. у Оршы налічвалася 460 рамеснікаў-саматужнікаў. Асноўную групу іх складалі краўцы, сталяры, шаўцы, цесляры.

Штогод 9 мая праводзіўся кірмаш, куды прывозіліся сельскагаспадарчыя і рамесныя вырабы. У 1880 г. гандлёвы абарот кірмашу складаў 10 тыс. руб.

Матэрыяльнае становішча працоўных горада заставалася вельмі цяжкім. Рабочы дзень працягваўся 12–14 гадзін. Умовы працы былі неспрыяльныя. Заводы і майстэрні туліліся ў сырых неапальваемых памяшканнях. Ніякай тэхнікі бяспекі не існавала. За сваю знясільваючую працу рабочыя атрымлівалі капейкі. Па даных таго часу, месячны заработак кваліфікаванага рабочага не перавышаў 7–8 руб.

Па сацыяльным становішчы насельніцтва Оршы ў канцы 18 – пач. 19 ст. размяркоўвалася наступным чынам: дваране – 8 чалавек (0,4%), духавенства – 32 чалавекі (1,2%), купцы – 181 чал. (9,3%), «прочие» – 121 чал. (6,2%), мяшчане – 1607 чал. (82,9%). Звестак пра колькасць чыноўнікаў, сялян, вайскоўцаў, замежнікаў няма.

Гісторыю народнай адукацыі ў Оршы можна прасачыць з 1612 г. Менавіта з таго часу да 1820 г. у горадзе дзейнічаў езуіцкі калегіум. У 1791 г. у горадзе адкрылася двухкласнае народнае вучылішча, у якім выкладаліся нават танцы, у 1820 г. – павятовае дамініканскае вучылішча, якое праіснавала да 1917 г. У 1821 г. было заснавана прыходскае аднакласнае вучылішча.

3 1824 г. навучальныя ўстановы Оршы падпарадкоўваліся Пецярбургскай вучэбнай акрузе, з 1829 г. – Беларускай, з 1850 г. – Віленскай вучэбнай акрузе. 3 1866 да 1917 існавала дырэкцыя народных вучылішчаў Магілёўскай губерні, якая кіравала адпаведнымі ўстановамі ў Оршы і Аршанскім павеце.

У 1843 г. у горадзе былі духоўнае вучылішча, казённае і прыватнае вучылішчы, у якіх займаліся 231 хлопчык і 20 дзяўчынак, выкладалі 18 настаўнікаў.

У 1878 г. у горадзе адкрыліся 3-класнае павятовае вучылішча і прыватнае 2-класнае яўрэйскае жаночае вучылішча, 15 кастрычніка 1906 г. – дзень адкрыцця рэальнага вучылішча (ліквідавана ў 1918), у якім да 1910 г. працаваў вядомы рэвалюцыянер, бальшавік П.М. Лепяшынскі. 3 1911 да 1919 г. працавала жаночая настаўніцкая семінарыя.

Нягледзячы на, здавалася б, немалую колькасць разнастайных навучальных устаноў, узровень народнай адукацыі ў Оршы ў канцы 19 – пач. 20 ст. трэба лічыць нізкім. Так, па перапісе 1897 г. непісьменныя складалі каля палавіны – 48,2% насельніцтва горада. Масавую непісьменнасць абумовілі недастатковая колькасць школ і высокая плата за навучанне.

У 2-й палавіне 19 ст., пасля вядомых рэформ у дзяржаве і гаспадарцы, тэмпы развіцця горада паскараюцца, імкліва павялічваецца насельніцтва. Побач з Оршай узнікае аднайменная чыгуначная станцыя, якая хутка становіцца чыгуначным вузлом. Доўгі час станцыя і горад былі асобнымі населенымі пунктамі нават у адміністрацыйных адносінах і, зразумела, асобна праходзіла іх культурнае жыццё.

Зручнае становішча станцыі і блізкага ад яе горада прадвызначыла знаёмства аршанцаў з тэатральным мастацтвам. Гэтаму яшчэ спрыяла паяўленне ў раёне гарадскога парка драўлянага тэатральнага будынка, адлюстраванага на паштоўцы пачатку 20 ст. пад моднай тады назвай «Мадэрн». Сваёй прафесійнай трупы ў горадзе не было, але ўжо ў 1902 г. узнікае аматарскі тэатральны гурток. Ствараецца ён на станцыі Тумінскімі і Лаўрыновічамі, напэўна, работнікамі чыгункі, а кіруе ім настаўніца К. Сцяпанава.

Вялікае культурнае значэнне мела адкрыццё ў 1890-х гадах 2 аршанскіх друкарняў – Падземскага і Іёсялевіча, якія распачалі выданне кніг рознага характару і зместу гістарычных, рэлігійных, гаспадарчых і нават мастацкіх.

Плёнам грамадскіх намаганняў стала стварэнне першай гарадской бібліятэкі. Сродкі на яе збіраліся па падпісцы. Ля вытоку гэтай ініцыятывы стаяў чыноўнік гарадской управы, а потым гарадскі галава Іван Андрэевіч Стратановіч. Бібліятэка адкрылася 6 чэрвеня 1899 г., да 100-годдзя з дня нараджэння вялікага рускага паэта А.С. Пушкіна і была названа яго імем. Фонд бібліятэкі налічваў тады 3–4 тыс. тамоў, у ёй працаваў адзін бібліятэкар, колькасць чытачоў не перавышала 150 чалавек, карыстанне кнігамі было платнае.

Да таго моманту існавалі таксама 3 бібліятэкі-чытальні пры навучальных установах. А ў «Отчете могилевского попечительства о народной трезвости за 1899 год» (Магілёў, 1900) прыгадваюцца кніжныя сховішчы для народа ў Аршанскім павеце.

Прыкладна ў той жа час свае кніжныя зборы ствараюць узнікаючыя палітычныя арганізацыі. У красавіку – верасні 1900 г. у Оршы існаваў сацыял-дэмакратычны гурток, які меў бібліятэку нелегальнай літаратуры, а Аршанская рабочая арганізацыя (1889–1900) мела падпісную бібліятэку з прыкладна 80 выданняў РСДРП, Бунда, беластоцкай «Групы рабочых рэвалюцыянераў» і інш. Адзначаецца існаванне ў Оршы прыватных бібліятэк Кагана, Шулькоўскага, Брайніна, Зархі, кнігарань Левіна, Вольфіна, Азаліна, Рыўкіна.

Статыстычныя даныя за 1904 г. сведчаць аб наяўнасці ў горадзе 3 бібліятэк і 2 чытальняў, 2 друкарняў, 3 фотамайстэрняў пры адсутнасці тэатраў, музеяў і газет. У Оршы штогод праводзіліся два кірмашы – вясновы і летні, утрымліваўся адзін начлежны дом, дзейнічала таварыства цвярозасці.

У 1907 г. членам савета бібліятэкі імя А.С. Пушкіна стаў педагог і рэвалюцыянер П.М. Лепяшынскі. Тады ж павялічыўся штат бібліятэкі, папоўніўся разнастайнай літаратурай яе фонд. У 1903 г. (з дадаткамі ў 1903 і 1904) і ў 1913 г. у друкарні Іёсялевіча выдаваліся каталогі бібліятэкі імя Пушкіна. Згодна з апошнім каталогам, у старэйшай бібліятэцы горада мелася мастацкая, дзіцячая, гістарычная, геаграфічная, этнаграфічная, юрыдычная літаратура, кнігі па іншых грамадскіх навуках, па гаспадарцы. Былі кнігі на замежных мовах – польскай, нямецкай, французскай.

У 1909 г. адзначаецца існаванне бібліятэк пры чыгуначным вучылішчы і на станцыі Орша.

У канцы 1898 г. у Оршы ўзнік сацыял-дэмакратычны гурток рабочых рамесніцкіх майстэрняў. Ён меў бібліятэку з 80 кніг і брашур. Нелегальная літаратура прывозілася з Мінска і Гомеля.

Газета «Іскра» ў № 1 за 11 снежня 1900 г. паведамляла, што ў Оршы распаўсюджвалася пракламацыя «Да ўсіх рабочых і работніц Расіі», якая заклікала да пратэсту супраць ваенных судоў над рабочымі Варшавы. У сувязі з гэтым у Оршы было праведзена 20 вобыскаў 114 арыштаў, а ноччу 6 верасня 1900 г. паліцыя арыштавала кіраўнікоў сацыял-дэмакратычнага гуртка, да следства было прыцягнута 22 чалавекі.

У 1904 г. былі аформлены Аршанская і Копыская групы РСДРП, якія ўвайшлі ў склад Палескага камітэта РСДРП. Групы вялі рэвалюцыйную работу сярод рабочых і сялян Аршанскага павета. Гэта работа садзейнічала актыўнаму ўдзелу рабочых і сялян Аршаншчыны ў рэвалюцыі 1905–1907 гг.

У 1905–1907 гг. у Оршы і павеце існавалі таксама Аршанская арганізацыя эсэраў і аршанскі сацыял-дэмакратычны камітэт Бунда, якія праводзілі сваю дзейнасць у асноўным разам з арганізацыямі РСДРП.

18 красавіка 1905 г. сацыял-дэмакраты Оршы арганізавалі забастоўку. Паліцыя чакала дэманстрацыі, у горад былі ўведзены салдаты. На дэманстрацыю выйшлі ад 300 да 400 рабочых. Спяваючы рэвалюцыйныя песні, яны некалькі разоў прайшлі па вуліцах горада. Паліцыя арыштавала 20 чалавек, 10 з якіх яна вымушана была выпусціць з турмы 27 красавіка. У гэты дзень у Оршы зноў адбылася дэманстрацыя.

У ліпені 1905 г. рэзка ўзрастае колькасць выступленняў рабочых Оршы. 1 ліпеня адбылася дэманстрацыя моладзі горада (каля 100 чалавек) у гарадскім садзе. Паліцыя арыштавала двух яе ўдзельнікаў. 5 ліпеня прайшла аднадзённая палітычная забастоўка і мітынг. Аршанскія рабочыя ў гэтым жа месяцы правялі забастоўку ў знак памяці аб забітых таварышах у час паўстання ў Лодзі. Баставалі рабочыя млына Макржыцкага і дабіліся павелічэння заробку.

Пасля выхаду царскага маніфесту 17 кастрычніка ў Оршы адбылася палітычная дэманстрацыя. Дэманстранты прайшлі па вуліцах з рэвалюцыйнымі песнямі, заклікамі «Далоў самадзяржаўе! Далоў цара!». Рабочыя дабіліся вызвалення палітычных вязняў.

У снежні пачалася ўсеагульная стачка ў Маскве, яе адразу падтрымалі чыгуначнікі Оршы. У сваёй тэлеграме рабочым і служачым дэпо Мінска і ўсіх службаў Маскоўска-Брэсцкай чыгункі яны заклікалі далучыцца да забастоўкі: «Таварышы! Просім салідарнасці. Масква, Вязьма і мы, Орша, бастуем па прапанове Маскоўскага вузла. Забастоўка выклікана невыкананнем маніфеста 17 кастрычніка».

8 снежня ў Оршы пачалася стачка рабочых, прыпыніўся рух цягнікоў, не працавалі прадпрыемствы. Кожны дзень адбываліся мітынгі, дзе гучалі заклікі рабочых да ўзброенага паўстання. 3 ліку баставаўшых служачых на станцыі Орша быў выбраны камітэт, які распараджаўся затрымкай цягнікоў. Улады былі вымушаны прасіць аб прысылцы войска. Пачаліся вобыскі і арышты. 22 снежня арыштавалі 13 чыгуначнікаў.

Зноў актывізаваўся рабочы і сялянскі рух у Оршы і Аршанскім павеце перад першай сусветнай вайною, а найбольш яскрава праявіў сябе ў час Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый.

1-я сусветная вайна пачалася 19 ліпеня (1 жніўня) 1914 г. у выніку абвастрэння супярэчнасцей паміж ваенна-палітычнымі блокамі капіталістычных дзяржаў – Траістага саюза (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія) і Антанты (Англія, Францыя і Расія) за калоніі і сферы ўплыву, рынкі збыту і крыніцы сыравіны. У яе былі ўцягнуты 33 краіны з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек.

Заходнія губерні Расійскай імперыі (Орша ўваходзіла ў склад Магілёўскай губерні) 18 ліпеня былі пераведзены на ваеннае становішча. У сувязі з гэтым ваенныя ўлады і губернатары атрымалі неабмежаваныя правы. Былі забаронены сходы, забастоўкі (асабліва на чыгунцы), усё, што пагражала «грамадскаму спакою і дзяржаўнаму парадку». Уводзіўся жорсткі ваенна-паліцэйскі рэжым.

1-я сусветная вайна падарвала і без таго слаба развітую гаспадарку. Многія прадпрыемствы Оршы скарацілі ці зусім спынілі вытворчасць. Так, ужо ў 1914 г. у Оршы і наваколлі зачыніліся 3 лесапільныя і 6 цагляных заводаў, некалькі млыноў і іншых прадпрыемстваў, усяго 17. У канцы 1914 г. у сувязі з увядзеннем у краіне «сухога закону» былі зачынены практычна ўсе вінакурні. На пачатак 1917 г. аб'ём прамысловай прадукцыі для цывільнага насельніцтва склаў 15–16 % даваеннага ўзроўню. Затое значна павялічыўся выпуск прадукцыі прадпрыемстваў, якія выконвалі ваенныя заказы. Узніклі такія прадпрыемствы і ў Оршы. На вытворчасць боепрыпасаў, транспартных сродкаў і іншага вайсковага рыштунку пераключыліся прадпрыемствы металаапрацоўчай прамысловасці. Гранаты і бомбы стаў вырабляць Аршанскі (у Барані) драцяна-цвікавы завод. У Оршы была заснавана майстэрня па вырабе і рамонце зброі і транспартных сродкаў.

У 1915–16 гг., калі фронт прыблізіўся да Оршы, насельніцтва прыфрантавой паласы выконвала цяжкія ваенныя павіннасці: рамонт дарог, пабудову мастоў, ахову чыгунак і інш. Маштабы абарончых работ былі такімі вялікімі, што ваенныя ўлады вырашылі мабілізаваць на Заходні фронт 100 тыс. чалавек з некаторых раёнаў краіны. Так, з Сібіры ў жніўні 1916 г. у Оршу прыбыла першая партыя кітайцаў

Беларусь стала арэнай бітваў мільённых армій. Як вынік пачаліся масавыя ўцёкі. Сотні тысяч чалавек рушылі на ўсход. Праз Магілёўскую губерню прайшло каля 1 млн. бежанцаў. Жудасныя ўмовы (голад, холад, антысанітарыя, недахоп харчавання) выклікалі масавыя захворванні. З'явіўся так званы беларускі тыф, іншыя інфекцыйныя захворванні. У Оршы дзейнічала таварыства Чырвонага Крыжа, бежанскія камітэты, Польскае таварыства дапамогі ахвярам вайны.

Да 1917 г. Орша з'яўлялася важным ваенна-стратэгічным транспартным вузлом, застаючыся тылавым горадам. У горадзе меўся значны ваенны гарнізон, у наваколлі размясцілася казачая дывізія, у межах горада – каманда самакатчыкаў, этапная, ахоўная, інвалідная каманды, буйныя артылерыйскія, інжынерныя і вінныя склады і г.д.

 

 

Орша. Чыгуначны вакзал. Фатаграфія з сайта http://nailizakon.comОрша. Гарадскі тэатр «Мадэрн». Фатаграфія з сайта http://nailizakon.comОрша. Параходная прыстань. Фатаграфія з сайта http://nailizakon.comОрша. Кірмаш. Фатаграфія з сайта http://nailizakon.comОрша. Від на горад з левага берага Дняпра. Фатаграфія з сайта http://orshatut.by/Орша. Від з Задняпроўя на горад. Фатаграфія з сайта http://orshatut.by/Орша. Від на Пецярбургскую вуліцу (цяпер – вуліцаЛеніна). Фатаграфія з сайта http://orshatut.by/

 

ЛІТАРАТУРА

1. Амбражевич, Н. Битва под Оршей 1514 года: мифы и факты / Н. Амбражевич // Віцебскі рабочы. – 2006. – 1 чэрв. – С. 10.

2. Асіноўскі, С. Горад зруйнаваных храмаў і светлых надзей / С. Асіноўскі // Беларуская мінуўшчына. – 1996. – № 1. – С. 33–36.

3. Асіноўскі, С. «У Літоўскай зямлі горад Арш камен...» (да 940-годдзя першага летапіснага ўспаміну Оршы) / С. Асіноўскі // Архівы і справаводства = Архивы и делопроизводство. – 2007. – № 5. – С. 114–121.

4. Доўнар, А. Вытокі аршанскага самакіравання / А. Доўнар // Веды. – 2008. – 8 верас. – С. 3.

5. Знаковые события из истории Орши // Архівы і справаводства = Архивы и делопроизводство. – 2017. – № 4. – С. 159–172.

6. Евангелие Оршанское // Букварь Оршанский / Г. В. Трафимова, С. А. Трафимов. – Орша : Оршанская типография, 2012. – С. 12–13.

7. Евангелие Оршанское // Букварь Оршанский / Г. В. Трафимова, С. А. Трафимов. – Орша : Оршанская типография, 2015. – С. 14–15.

8. Историческое прошлое // Оршеведение : производственно-практическое издание / В. В. Жуковский. – Орша : Оршанская типография, 2009. – С. 116.

9. Историческое прошлое // Орша : историко-экономический очерк / ред. П. Голубцова. – 2-е изд., перераб. и доп. – Минск : Беларусь, 1967. – С. 9–44.

10. Историческое прошлое Орши // Орша : историко-экономический очерк / ред. П. Голубцова. – Минск : Гос. изд-во БССР, 1962. – С. 5–37.

11. Кудзін, А. З гісторыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Аршанскага раёна / А. Кудзін // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн.1. – С. 25–27.

12. Левко, О. Средневековая Орша и ее округа : историко-археологический очерк / О. Левко. – Орша : Оршанская типография, 1993. – 52 с.

13. Лютынскі, В. Аршанскай бітве – 495 гадоў / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 3 сент. – С. 7.

14. Лютынский, В. Блины для наполеона или наш край в 1812 году / В. Лютынский // Телеком-экспресс (Орша). – 2012. – 27 сент. – С. 5.

15. Лютынскі, В. Наш край сто гадоў таму / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 30 июля. – С. 7.

16. Лютынскі, В. Французы ў гісторыі і культуры Оршы / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2008. – 10 июля. – С. 5, 7.

17. Лютынскі, В. Шведы ў гісторыі і культуры Оршы / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2008. – 9 окт. – С. 7 ; 16 окт. – С. 7.

18. Лютынский, В. Наш край в войне 1812 года / В. Лютынский // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 8 окт. – С. 7 ; 29 окт. – С. 7 ; 5 нояб. – С. 7 ; 12 нояб. – С. 7 ; 19 нояб. – С. 7 ; 26 нояб. – С. 7.

19. Лютынский, В. П. Орша в войне 1812 года : исторический очерк / В. П. Лютынский. – Орша : Оршанская типография, 1995. – 34 с.

20. Лютынскі, В. Орша ў Прешай Сусветнай вайне / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2008. – 31 июля. – С. 5 ; 7 авг. – С. 5 ; 14 авг. – С. 7 ; 21 авг. – С. 7.

21. Лютынскі, В. Памяць пра першую сусветную / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2008. – 4 дек. – С. 7.

22. Минченко, П. В поисках утраченного / П. Минченко // Советская Белоруссия. – 2011. – 21 янв. – С. 13.

23. Орша: погляд у мінулае // Аршанская даўніна / А. М. Шынкевіч. – Мінск : Полымя, 1992. – С. 5–16.

24. Орша ў сярэднявеччы // Мой родны край – Аршаншчына : гісторыка-краязнаўчы зборнік. – Віцебск, 2000. – С. 52–84.

25. Партизанское движение в отечественной войне 1812 года / подгот. Л. А. Сурдова // телеком-экспресс (Орша). – 2011. – 8 сент. – С. 5.

26. Храналогія гісторыі Оршы / склад. А. М. Кудзін. – Орша, 1992. –102 с.

27. Шинкевич, А. Н. Орша: взгляд в прошлое / А. Н. Шинкевич. – Орша : Оршанская типография, 1992. – 26 с.

28. Шынкевіч, А. М. Аршаншчына старажытная / А. М. Шынкевіч. – Орша, 1990. – 19 с.

29. Яршова, Л. Рэвалюцыйны рух на Аршаншчыне ў 1900-1917 гг. / Л. Яршова // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Кн.1. – С. 147–151.

30. Яршоў, І. З агню ды ў полымя / І. Яршоў // Віцебскі рабочы. – 1991. – 27 снеж. – С. 4.