Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Народная творчасць. Аршанскі раён, г. Орша

 

Народная паэзія займае ў фальклоры выключна важнае месца. У ёй пазначаны прадстаўленні народа пра свет, сцвярджаецца яго гармонія і прыгажосць. Яна перадае з вуснаў у вусны ўсё самае галоўнае, што ўключае ў сябе. У лірыцы – душа народа. яго нацыянальнае аблічча, яна сведчыць пра ўстойлівасць маральных каштоўнасцяў, выпрацаваных стагоддзямі.

Аршанская зямля здаўна была багатая на народнае слова. Адзін з самых прыгожых відаў фальклору – песня. Без песні не абыходзілася ні адна падзея: свята, вяселле, нараджэнне альбо пахаванне... Адна з самых старых песень, што дайшла да нас, – песня пра бітву пад Оршай 8 верасня 1514 года. I мудрасць народа ў тым, што і пра крывавыя падзеі ён спявае мякка, паэтычна...

«Масква стала наракаці.

Места Воршу пакідаці;

А як з Воршы ўцякалі,

Рэчку-невялічку пракліналі:

Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,

Як наша слава тутака прапала;

Бадай высыхала да сканчэння свету,

Што нашай славанькі ўжо нету».

Сярод песень можна выдзеліць каляндарныя.

Пачынаўся год зімовымі песнямі, большасць з іх спявалася на калядныя святы. Цікавая калядная песня была запісана ў вёсцы Зубава ад жыхаркі Рабенінай:

«Ой, калядачкі, калядачкі,

Вы барджэй, вы барджэй,

Вы прынясіце ў бліны дражджэй.

Нам піліпаўка надакучыла,

Жываты нашы пазамучыла...

А калядачкі на двор, на двор,

А кілбасачкі на стол, на стол!»

Некалькі калядных песень запісаў у 1887 годзе П. В. Шэйн у в. Машкова. Яны надрукаваны ў «Сборникъ отдела русского языка и словесности императорской Академии наук» (Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края).

А ў чистым поли усё под йгрушою,

Охъ люли, люли, усё под йгрушою!

Говориў косю ўсё з ігрушею,

Ой люли, люли ўсё з игрушею.

Шмат было сабрана калядных песень экспедыцыяй у 1965 годзе, праведзенай Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР: «Нам піліпаўка надакучыла» (в. Солаўе), «Ой, калядачкі, калядачкі, бліны-ладачкі» (в. Зубава).

Веснавы каляндарны цыкл быў самы насычаны па колькасці і разнастайнасці функцыянальна спецыялізаванных песень.

Звычай заклікаць вясну на Аршанчыне звязвалі з Благавешчаннем. У гэты дзень моладзь збіралася на высокіх месцах за вёскамі і спявала песні-вяснянкі. Шмат вяснянак змешчана ў працы Е. Р. Раманава, у 1-м і 8-м выпусках яго «Беларускага зборніка».

Вясна-красна, што нам прынесла?

Старым бабам па кіёчкам,

Маладым жонкам па сыночку,

Красным дзеўкам па вяночку.

Малым дзеткам па яечку.

Белым малойцам – па коніку,

Маладым мужчынам ды па сошаньцы.

У 1-м томе «Материалов изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края» П. В. Шэйна апублікавана да сотні веснавых песень, якія даюць уяўленне пра ўсе вядомы групы абрадавых песень: вяснянкі, юр'еўскія, валачобныя, троіцкія, карагодныя. Напрыклад:

«Вясна, вясна, вясна красна!

Што нам прынясла,

Што нам прынясла?»

(в. Зубава)

Вясной на Аршаншчыне спявалі вяснянкі, валачобныя, карагодныя песні. Калі вяснянкі існуюць у фальклоры ўсіх славянскіх народаў, то вясеннія валачобныя песні – толькі ў беларусаў. Іх спявалі, абыходзячы двары, жадаючы гаспадарам добрага ўраджаю. У вёсцы Пугляі спявалі так:

«А з-пад лесу, лесу цёмнага,

Вясна-красна на ўвесь свет!

А з-пад гаю, з-пад зялёнага

Ці не тучка йдзець, ці не воблачка?

А йшлі ж тудой валачобнікі,

Валачобнікі — людзі добрыя.

А йшлі ж яны, шаталіся,

Вялікага сяла пыталіся.

Вялікага сяла, багатага двара.»

Валачобныя песні нечым падобныя да калядных. І за тыя, і за гэтыя спевакі атрымлівалі ежу і гарэлку. Вось песня: «Валачобнікі валачыліся» (в. Жалезнікі):

Валачобнікі валачыліся,

Да ды зялены сад вішнёвы!

Валачыліся, прамачыліся,

Зайшлі ў хату – пасушыліся,

А ці дома, дома сам хазяін?

А калі дома, пакажыся.

Ды з хазяінам павіталіся,

Ды хазяіна павесялілі.

Дабра шчасця ім нажываць.

Значную частку веснавых песень складаюць юр'еўскія, якія спявалі на свята Юр'я – абаронца жывёлы і земляробства. П. В. Шэйн запісаў у Копысі дзве юр'еўскія песні «Што – у тереми стучиць, гручиць?..» і «Пошли дзьяки по воду».

З прыходам вясны сяляне клапаціліся пра будучы ўраджай. Гэта чуваць у песнях: «А ехала вясна рызамі» (в. Міцькаўшчына), «А ўсе людзі жыта сеюць» (в. Сцецава).

Сярод летніх песень вызначаюцца купальскія. Маладыя дзяўчаты гадалі на будучыні. Яны рвалі краскі, плялі вянкі і пускалі іх па рацэ: «У бок паплыве – туды і замуж пойдзеш. Калі будзе стаяць – у гэтым годзе будзеш адна. А калі патоне – памрэш» (запісана ў 1991 годзе ў в. Ляўкі).

«Краскі рвалі, вянкі звівалі

I на Дунай пускалі,

Плыві, плыві вяночак

Да мілага ў дварочак».

(в. Пугляі)

Надыходзіла восень, а з ёй восеньскія песні. Восенню гулялі вяселлі. Таму часцей за ўсё ў восеньскіх песнях – любоўная лірыка. Цесна звязаны з гэтымі песнямі і вясельныя песні.

Вяселле – асобая з'ява ў фальклоры. Гэта падзея суправаджаецца паслядоўнай сістэмай абрадаў і песень. Песні спявалі на сватанні, на заручынах, пры выкупе нявесты, пры вянчанні.

Пачыналася вяселле са сватання, разучын, і запоін. Вось якія песні спявалі на гэтым этапе вяселля: «Пойдзем, дзеўкі, на заручыны» (в. Міцькаўшчына), «Пайшла Арынка ў садок» (в. Зубава).

Асобную групу вясельных песень складаюць песні пра збор, ад'езд і дарогу маладога да сваей нявесты: «А галоўка мая бедная» (в. Зубава), «Шагайце, коні, шырока» (в. Солаўе).

Наступны этап – пасад нявесты і жаніха, пры гэтым пелі: «Цяпер жа нам гульня» і «Божа рада пералетала» (в. Чаркасы).

Значную групу песень складаюць песні, прысвечаныя ўзвялічванню маладых: «Рошча мая, рошча» (в. Ляўкі).

Вялікую групу песень складаюць сямейна-бытавыя і сямейна-абрадавыя. Сямейна-бытавыя распавядаюць аб адносінах мужа і жонкі, свекрыві і нявесткі, маці і сына. Альбо пра цяжкую сіроцкую долю. Сямейна-абрадавыя песні спяваліся на хрэсьбінах. Тады, калі хлопцаў забіралі ў салдаты (рэкруцкія песні). А таксама пры пахаванні (песні-галашэнні).

У скарбніцы беларускай народнай песнятворчасці адметнае месца займаюць ПРЫПЕЎКІ. Гэта аднастрофныя лірычныя песенькі разнастайнага жанру.

Ці на шчасце, ці на ліха,

Такі ўрадзіўся,

Што ўсе дзеўкі заплакалі,

Як я ажаніўся.

(в. Солаўе)

Прыпеўкі часцей за ўсё звязаны з якой-небудзь падзеяй. Узнікаюць яны і сёння. Вы іх чулі, калі бывалі ў вёсках. Іх спяваюць на святах і гуляннях. Але прыпеўкі складаюць і гараджане. I яны ўваходзяць у гарадскі фальклор.

Багацей яшчэ мы будзем,

Хоць і так багатыя,

Толькі б нам не памяшала

Зноў вайна праклятая.

(Склала М. Т. Беларуская, г. Орша)

Вусная народная творчасць вельмі шматгранная. Значнае месца ў ёй займаюць КАЗКІ. Сярод казак, запісаных у Аршанскім раёне, сустракаюцца казкі пра жыццё чалавека, казкі пра жывёл, а таксама чарадзейныя казкі. Цікавымі з'яўляюцца казкі, у якіх гаворка ідзе пра розныя моманты жыцця беларусаў: «Пра трох сясцёр і разбойніка» (в. Жалезнікі), «Жонка-вядзьмарка», «Кароль і стары дзед» (в. Солаўе) і інш. Яны дапамагаюць зразумець, як жылі нашы продкі, іх звычаі, учынкі, іх побыт.

Загадкі, прыказкі, прымаўкі, прыкметы складаюць так званыя малыя жанры фальклору. У іх у кароткай форме адлюстраваны жыццёвы вопыт, разнастайныя назіранні. Таму іх часта называюць народнай філасофіяй. У Аршанскім раёне запісана шмат цікавых і выразных загадак, прыкмет і прымавак. Вось толькі малая іх частка:

ЗАГАДКІ

Пяць пунь, адны варотыПальчатка.

Кабылка бела ўсе дровы з'ела Печ.

Арэ – гудзіць, стаіць – маўчыцьТрактар.

 

ПРЫКМЕТЫ

Калі варона ляціць на поўдня і крычыць, дык будзе цёпла, а калі на поўнач, то будзе студзёна.

Іскаркі з печы сыплюцца – госці будуць.


ПРЫМАЎКІ

Тая карова малошна, каторую прадалі.

У Віцебску кепска, у Воршы яшчэ горшы, а ў Дуброўна не ўсім роўна.

Чужымі блінамі ўсякі сваіх дзядоў памянуў бы.

Кладзі гной густа, не будзе ў клеці пуста.

Народная творчасць не толькі дапамагала працаваць, адпачываць, але і лячыла. Гэтай мэце служылі ЗАМОВЫ – выказаныя словамі пажаданні. Часта замовы злучаліся з пэўным абрадам, напрыклад, абыход хаты ці крапленне вадой. Больш за ўсё захавалася лекавых замоў, якія выкарыстоўваліся для змагання з хваробамі як людзей, так і жывёл. Вось прыклад замовы, запісанай у Аршанскім раёне.

Печку затапіць, а юшкі не адчыняць і казаць: «Крыксы-варыксы, ідзіце за парог, дайце дзіцяці спакой. Начнічкі-сястрычкі, ідзіце з агнём і з дымам, а дайце дзіцяці спакой».(Ад крыксаў)

Замовам прыпісвалася магічная сіла. Слова замоўцы павінна было здзейсніцца, але неабходна, каб у гэта верылі.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Галабурда, Л. Бабінскія вячоркі / Л. Галабурда // Аршанская газета. – 2013. – 29 студз. – С. 1.

2. Горбаченко, Е. А. Для тех, кто хочет сказать «Да!» / Е. А. Горбаченко // Телеком-экспресс (Орша). – 2008. – 31 янв. – С. 2.

3. Лебедева, О. «Колодец, колодец, дай воды напиться» / О. Лебедева // Витебские вести. – 2015. – 1 сент. – С. 7.

4. Лебедева, О. Орехи для потехи / О. Лебедева // Витебские вести. – 2017. – 29 авг. – С. 8.

5. Медведева, М. И цепью скованы одной... / М. Медведева // Віцебскі рабочы. – 2009. – 24 сент. – С. 9.

6. Навойкова, О. «Ой, Божа мой, Божа, дзяўчыну люблю...» / О. Навойкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2014. – 23 авг. – С. 12.

7. Народная лирика Витебского Поозерья : антология / ред.-сост. В. Н. Поклонская ; рец. О. И. Русилко. – Витебск : ВГУ им. П. М. Машерова, 2007. – 255 с.

8. Палітаў, А. М. Нататкі пра аршанскі фальклор / А. М. Палітаў // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – 467–475.

9. Сосницкая, Л. Волшебство купальского праздника / Л. Сосницкая // Телеком-экспресс (Орша). – 2010. – 15 июля. – С. 1, 31.

10. Сосницкая, Л. Купалье – любимый летний праздник! / Л. Сосницкая // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 6 авг. – С. 31.

11. Турок, Н. «Букет Паазер'я» зазіхацеў над Аршанскай зямлёй / Н. Турок // Аршанская газета. – 2013. – 4 чэрв. – С. 1–3.

12. Шутава, В. Вяселле ў «Млыне» / В. Шутава // Народнае слова. – 2008. – 26 лют. – С. 6.

13. Эйдельштейн, И. Свадьба на «Мельнице» / И. Эйдельштейн // Віцьбічы = Витьбичи. – 2008. – 20 мая. – С. 3.