Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Рамёствы. Браслаўскі раён

Браслаўскі рэгіён размешчаны ў зоне існавання старажытнага ледавіка, які пакінуў тут сляды ў выглядзе няроўнага завалуненага рэльефу. Марэнныя пагоркі і грады, пакрытыя лісцева-хвойным лесам, перамяжаюцца з рачнымі далінамі і замкнутымі катлавінамі, што ўтвараюць цэлыя россыпы маляўнічых азёр. Глебы ў Паазер'і дзярнова-падзолістыя, завалуненыя і патрабуюць шмат клопату пры апрацоўцы. Вегетацыйны перыяд – 175–180 дзён – самы кароткі ў Беларусі. Усё гэта зніжала магчымасці земляробства, па-свойму вызначала асаблівасці земляробчай тэхнікі, структуру пасяўных культур, тэрміны сяўбы і збору ўраджаю. Разам з тым разнастайная прырода: лес з густым пладова-ягадным падлескам, шчодрай прамысловай фаунай, шматлікія азёры і рэкі, багатыя рыбай і вадаплаўнай птушкай – усё гэта служыла важнай кармавой базай і вабіла сюды насельніцтва. Найбольшая заселенасць назіралася вакол рэк і азёр.

Зацяжныя войны з Рускай дзяржавай у ХVІ–ХVІІ ст. прывялі да страшэнных разбурэнняў і абязлюдзення рэгіёна. Узмацніўся польска-каталіцкі культурны ўплыў, пашырыліся зямельныя ўладанні каталіцкіх парафій. На Браслаўшчыну, ратуючыся ад рэлігійных ганенняў, перасяліліся таксама рускія стараверы з памежных раёнаў Расіі.

Некаторыя групы мясцовых беларусаў-католікаў называлі сябе палякамі, блыталі народнасць з рэлігіяй, хаця размаўлялі на беларускай мове, песні абрадавыя, ды і самі абрады былі беларускія. Прозвішчы тутэйшых сялян таксама выдавалі іх нацыянальнасць: Журня, Лапыр, Дундар, Стэльмачонак, Бабышка, Ляхновіч, Аўчынка. У той жа час праваслаўныя беларусы нярэдка залічваліся да рускіх.

У шматлікіх невялікіх паселішчах пражывалі сяляне і дробная шляхта. Часцей за ўсё такія паселішчы не мелі выразнай структуры і дакладна акрэсленай вуліцы. Сустракаліся і больш буйныя пасяленні – мястэчкі, якія размяшчаліся ўздоўж дарог і бойкіх трактаў. Вулічныя вёскі такіх паселішчаў звычайна агароджваліся: перад уездам знаходзілася брама, побач з якой стаяў крыж, аздоблены вышытым рушніком.

Гаспадарчы ўклад і традыцыйна-бытавая культура, што складаліся на тэрыторыі Браслаўшчыны, так ці інакш адлюстроўвалі ўзаемаўплывы і сімбіёз розных этнакультурных элементаў, спецыфіку мясцовых гістарычных і экалагічных умоў. Тут не было шырокіх раўнін з урадлівымі глебамі. І ўсё ж, нягледзячы на неспрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы, узровень земляробства ў раннім сярэднявеччы тут быў не ніжэй, чым у суседніх рэгіёнах. У адрозненні ад іншых беларускіх рэгіёнаў, Браслаўшчына не забяспечвала сябе ўласным хлебам. У структуры пасеваў побач са збожжавымі важнае месца займала культура льну. З канца ХІХ ст. прыкметна пашырыліся пасевы бульбы і кармавых траў, якія садзейнічалі ўзнаўленню ўрадлівасці глеб. Палі апрацоўваліся з дапамогай мясцовага варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі, ці смыка, на сугліністых глебах ужывалі круглую калоду з зубамі, матыку і чакуху для драблення камоў. Выбраны на палях лён, у адрозненні ад іншых рэгіёнаў, вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на двухрэбравых нахільных мялках.

Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асноўнай рабочай жывёлай у сялянскай гаспадарцы быў конь. З канца ХІХ стагоддзя жывёлагадоўля атрымала выразны мяса-малочны напрамак.

Наяўнасць шматлікіх азёр садзейнічала шырокаму развіццю рыбалоўства, якое, адыгрываючы важную ролю ў гаспадарцы, пакінула прыкметны след у традыцыйна-бытавой культуры жыхароў Браслаўшчыны. З развіццём капіталістычных адносін значны штуршок атрымалі: нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалтыйскія парты. Многія сяляне ішлі на будаўнічыя работы; мясцовых каменячосаў, муляраў, цесляроў нярэдка можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі.

На Браслаўшчыне пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3–5 сяліб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр. Мясцовыя жыхары сяліліся наводшыбе, у баку ад вялікіх дарог з улікам прыстасаванасці да экалагічных умоў, наяўнасці побач выгану і «нічыйных» зямель, суседства з вадаёмам і лесам, што надавала пасяленням азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Сельскія шляхі вызначаліся слабай набітасцю грунта і невыразнымі абрысамі. Паміж невялікімі вёскамі, хутарамі і асобнымі дварамі былі вузкія прасёлкі і сцежкі. Узімку ўзнаўлялася мноства часовых дарог – так званых зімнікаў, што вялі напрост скарочанымі маршрутамі па замёрзлых рэках і азёрах.

Пашыраны тып сядзібнай забудовы замкнуты ці вяночны, побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара, сустракалася і кампактная забудова, калі памяшканні шчыльна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыллёва-бытавы комплекс з крытым дваром. На некаторай адлегласці ў глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясцовым вызначэнні – гэта комплекс гаспадарчых пабудоў з уласна гумном, сушылкай, пуняй для саломы і сена.

Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). У бяднейшых сялян нярэдка было і двухкамернае жыллё, пры гэтым у сенцах часам адгароджвалі месца (катух) для хатняй жывёлы.

Для традыцыйнага адзення Браслаўшчыны быў уласцівы прамы, свабодны крой. Такі крой мелі, у прыватнасці, розныя тыпы плечавога верхняга адзення – світы, кажухі, лёгкія кафтаны з грубага зрэбнага палатна, курткі. Палатняны кафтан тыпу плашча насілі ва ўсе поры года. Найбольш распаўсюджаны колер адзення – белы.

Жаночае паясное адзенне адрознівалася значнай разнастайнасцю відаў і спосабаў упрыгожвання. Гэта – аднатонныя льняныя спадніцы і такога ж тыпу ўзорныя набойкі і саяны са шматнітовага палатна, каляровыя суконныя андаракі і паўсуконныя дрыліхі. У малюнку ўзорна тканых андаракаў на сінім фоне чаргаваліся рознакаляровыя вертыкальныя палоскі або клятчаты ўзор (у шашкі). Ільняная аснова дрыліха надавала яму рабую танальнасць, пярэдняя полка рабілася са звычайнага палатна, яна закрывалася белым вышытым фартухам. Амаль такога ж крою і другі від паяснога адзення – саян.

Жаночыя сарочкі, як і ў іншых рэгіёнах, шылі ў адным выпадку з аднолькавага палатна (суцэльныя), у другім – з двух розных сартоў тканіны: верхнюю частку з тонкага кужалю, а ніжнюю – з больш грубай, зрэбнай тканіны. Сарочка часцей за ўсё не мела каўнерыка. Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожванняў пераважала вышыўка, якую гарманічна дапаўнялі мярэжка і карункавы арнамент. Віднае месца займала набойка. Аснову ўзорных матываў складалі стылізаваныя выявы мясцовай флоры, палявыя рамонкі, незабудкі, гарошак, сунічкі, бярозавыя, кляновыя лісточкі, якія нярэдка спалучаліся з геаметрычным арнаментам.

Шырока былі распаўсюджаны наплечныя пакрывалы – вілайне. Яны ўяўлялі сабой прамавугольны кавалак тканіны, які зашпільваўся на грудзях фібулай і ўпрыгожваўся бронзавымі спіралькамі і махрамі.

Значную ролю ў касцюме, як жаночым, так і мужчынскім, і дзіцячым, адыгрываў пояс – тканы, плецены, скураны, шаўковы. Паясы ўпрыгожваліся бронзавымі або меднымі бляшкамі, спражкамі, фібуламі. Да іх падвешваліся ножычкі і падвескі-амулеты.

Важнейшай часткай касцюма, асабліва жаночага, з'яўляўся галаўны ўбор. Дзявочымі ўборамі былі вяночкі з бяросты ці лубу, якія абшываліся тканінай і ўпрыгожваліся металічнымі пласцінкамі або вышыўкай.

Жаночыя галаўныя ўборы на Браслаўшчыне адрозніваліся не столькі знешняй формай, колькі ўпрыгожваннем і спосабам іх павязвання. Традыцыйныя наміткі, падобныя на ручнік, ужываліся тут у другой палове ХІХ ст. як святочна-абрадавы ўбор. Пад намітку ці пад хустачку надзявалі чапец. Чапец меў знізу тасёмкі, якія завязваліся ззаду, на патыліцы.

Мясцовая кераміка вызначалася некаторай масіўнасцю форм і грунтоўнасцю апрацоўкі, што павышала яе трываласць і эксплуатацыйныя якасці. Майстры рабілі посуд з адносна тоўстымі сценкамі і шырокімі гарлавінамі. На апошняй стадыі вырабу посуд загартоўвалі (абпальвалі) у горнах, абварвалі ў мучным растворы або задымлівалі.

Прыкладам паспяховай дзейнасці народных майстроў на сучасным этапе можна назваць супрацоўніцтва майстроў Браслаўшчыны з Музеем традыцыйнай культуры. Тут з 1984 года існуе клуб народных майстроў «Ля возера». Разнастайны дыяпазон вырабляемых рэчаў: вырабы з саломы, лазы, выцінанка, кавальскія, тканыя, ганчарныя вырабы і г. д. Таксама майстрамі вырабляюцца велікодныя вербы і пісанкі, дзіцячыя цацкі для пацехі. На жаль, некаторыя старыя народныя майстры Браслаўшчыны ўжо памерлі. Так, у 1999 годзе памёр Альфонс Кулікоўскі – слынны майстар-цацачнік, якога дзеці звалі «Дзядзька Альфонс». Калекцыя яго вырабаў знаходзіцца ў фондах Браслаўскага музея. У 1987 годзе падарыў музею сваю калекцыю цацак яшчэ адзін знакаміты майстар Уладзімір Аўкштоль.

У вёсцы Слабада жыў Пётр Зяляўскі – майстар-разьбяр. У 1995 годзе ён на жаль памёр, але пасля майстра засталіся яго цудоўныя вырабы і слава сапраўднага мастака. Самабытнымі майстрамі-разьбярамі былі таксама Альбін Бялусь, Іван Шпаковіч, Браніслаў і Аркадзь Лабкоўскія і іншыя майстры, вырабы якіх захоўвае Браслаўскі музей. На жаль, старыя майстры паміраюць, іх застаецца ўсё менш, але традыцыі, закладзеныя імі спрабуюць адраджаць маладыя майстры.

Некаторыя маладыя майстры займаюцца рэканструктарскай працай, капіруюць народныя вырабы. Мясцовыя майстры не толькі займаюцца народнымі мастацтвамі самі, але імкнуцца перадаць свае веды дзецям, працуюць са школьнікамі ў гуртках і творчых майстэрнях.

Арганічным з'яўляецца развіццё мастацтва ў межах натуральнага, вясковага асяроддзя. Аднак, у сучасным грамадстве па многіх прычынах натуральная адаптацыя народнага мастацтва ўжо немагчыма. Усё большую ролю ў арганізацыі дзейнасці народных майстроў адыгрываюць афіцыйныя ўстановы, якія ажыцяўляюць падтрымку і вывучэнне народнага мастацтва.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Браслаўскі жаночы святочны строй. Пачатак 20 ст. // Традыцыйная мастацкая культура беларусаў : у 6 т. / Т. Б. Варфаламеева [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 2004. – Т. 2 : Віцебскае Падзвінне. – С. 834.

2. Герцава, Ю. Гасцей прымала «Мацейкава сяліба» / Ю. Герцава // Браслаўская звязда. – 2012. – 25 жн. – С. 3.

3. Дучыц, Л. Касцюм і ўборы браслаўчан у IX–XII стагоддзях / Л. Дучыц // Памяць: Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: К. В. Велічковіч [і інш.] ; уклад. К. С. Шыдлоўскі ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1998. – С. 48–51.

4. Зінкевіч, Э. У. Развіццё лозапляцення на Браслаўшчыне / Э. У. Зінкевіч // Народная культура Віцебшчыны: вывучэнне, захаванне, папулярызацыя / рэдкал.: Л. Вакар, Л. Кернажыцкая, В. Шышанаў. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2012. – С. 53–54.

5. Іванова, Т. Таленавітыя рукі / Т. Іванова // Браслаўская звязда. – 2009. – 18 ліп. – С. 6.

6. Лабачэўская, В. Ручнікі старавераў / В. Лабачэўская // Браслаўская звязда. – 1998. – 11 сак. – С. 2, 4.

7. Ляшкевіч, Э. Рыбалоўства Браслаўшчыны па археалагічных дадзеных / Э. Ляшкевіч // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 935-годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 62–64.

8. Мядзведзева, В. У. Касцярэзная вытворчасць горада Браслава і яго акругі ў IX–XVIII стст. / В. У. Мядзведзева // Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі. Браслаўскія чытанні: (да 950-годдзя горада Браслава) / рэдкал.: В. В. Даніловіч [і інш.] ; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут гісторыі. – Мінск : Беларуская навука, 2016. – С. 54–77.

9. Набеева, А. Азбука ткацтва / А. Набеева // Браслаўская звязда. – 2017. – 30 жн. – С. 5.

10. Набеева, А. У госці да браслаўскіх майстроў / А. Набеева // Браслаўская звязда. – 2017. – 12 жн. – С. 3.

11. Никифорова, А. Л. Редкие технологии на Браславщине. Синелька / А. Л. Никифорова // Народны тэкстыль і адзенне Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, Лепель, снежань 2013 г. / [рэдкал.: Л. У. Вакар і інш.]. – Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2014. – С. 116–119.

12. Палулех, З. Суседнічалі даўніна і сучаснасць / З. Палулех // Браслаўская звязда. – 2008. – 30 ліп. – С. 1, 3.

13. Пятушка, А. Кірмаш творчасці і станоўчых эмоцый / А. Пятушка // Браслаўская звязда. – 2014. – 5 ліп. – С. 3.

14. Разлуцкая, А. Паляванне старажытных браслаўчан / А. Разлуцкая // Браслаўскія чытанні : матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 935-годдзю згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах / К. Шыдлоўскі [і інш.]. – Браслаў, 2001. – С. 83–84.

15. Сергачоў, С. Мазаікі браслаўскага краю / С. Сергачоў // Мастацтва Беларусі. – 1987. – № 4. – С. 64–68.

16. Федористова, Н. Л. Кареник Пётр Казимирович / Н. Л. Федористова // Соломенных дел мастера Витебщины / Н. Л. Федористова, И. П. Хитько, М. П. Шерикова. – Витебск, 2009. – С. 16–17.

17. Федористова, Н. Л. Черкас Михаил Болеславович / Н. Л. Федористова // Соломенных дел мастера Витебщины / Н. Л. Федористова, И. П. Хитько, М. П. Шерикова. – Витебск, 2009. – С. 20–21.

18. Шпакоўская, Г. Душа прагне прыгажосці / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2011. – 24 снеж. – С. 8.

19. Шыдлоўскі, К. С. Разьбяр з вёскі Слабодка / К. С. Шыдлоўскі. – Мінск : Полымя, 1994. – 8 с.