
Абласны семінар па рабоце з дзецьмі
- Details
- Створана 11.04.2025 09:41
Абласны семінар «Бібліятэчнае абслугоўванне дзяцей і падлеткаў» для загадчыкаў дзіцячых бібліятэк, а таксама загадчыкаў аддзелаў (сектараў) па рабоце з дзецьмі раённых і гарадскіх сетак публічных бібліятэк Віцебскай вобласці адбыўся 9 красавіка на базе Цэнтральнай бібліятэкі імя У. У. Маякоўскага г. Наваполацка.
Перад бібліятэкарамі выступілі начальнік аддзела культуры Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта Алеся Садоўская, дырэктар Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Наваполацка Марыя Караваева і намеснік дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Вольга Камендантава. На семінары былі падведзены вынікі 2024 года, адзначаны поспехі і дасягненні дзіцячых бібліятэк.
Марына Іванова, загадчык Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі падзялілася сваім вопытам і ведамі з калегамі па стварэнню і ўвасабленню інтэрактыўных форм масавых мерапрыемстваў з дзецьмі. Пра праекты 2024 года, якія паспяхова рэалізуюцца, і перспектывы 2025 года расказала Алена Гудзь, загадчык Докшыцкай дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 1. Сваё выступленне яна суправаджала цікавай прэзентацыяй самых яркіх мерапрыемстваў года.
Другая частка семінара была прысвечана практычнаму вопыту і атрыманню новых ведаў. Супрацоўнікі дзіцячых бібліятэк наведалі Музей гісторыі і культуры Наваполацка. Дырэктар музея, Уладзімір Бяляеў, захапіў усіх прысутных гісторыяй узнікнення і развіцця горада.
Экскурсіі ў дзіцячыя бібліятэкі імя А. С. Пушкіна і С. Я. Маршака атрымаліся вельмі эмацыйнымі. Удзельнікі семінара таксама наведалі захапляльны майстар-клас па стварэнні велікодных сувеніраў і прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?».


































