
Талент суровы і добры: жыццёвы і творчы шлях В. Быкава
- Details
- Створана 14.03.2014 08:56
Нарадзіўся Васіль Быкаў 19 чэрвеня 1924 г. у в. Бычкі Ушацкага р-на Віцебскай вобласці ў сялянскай сям'і. Бацькі, Уладзімір Фёдаравіч і Ганна Рыгораўна, увесь час жылі ў вёсцы, працавалі ў калгасе. Бацька ўдзельнічаў у 1-й сусветнай вайне, з арміяй Самсонава трапіў у палон. Пасля вызвалення з палона ўдзельнічаў у грамадзянскай вайне.
В. Быкаў, скончыўшы ў 1939 8 класаў Кубліцкай СШ, паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Аднак восенню 1940 г., у сувязі з пагаршэннем матэрыяльнага становішча сям'і і адменай дзяржаўных стыпендый, вымушаны быў пакінуць вучобу ў вучылішчы. Паступіў у Віцебскую школу ФЗН № 5, дзе вучыўся да мая 1941 г. У чэрвені 1941 г. экстэрнам здаў экзамены за дзясяты клас Кубліцкай школы.
У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў мабілізаваны на абарончыя работы. У якасці байца інжынернага батальёна будаваў розныя ваенныя аб'екты ад Гомеля да Варонежа. У зіму 1941–42 гг. жыў на ст. Салтыкоўка і ў г. Аткарску Саратаўскай вобласці, дзе вучыўся ў чыгуначнай школе. Улетку 1942 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію, скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылішча (з 80 выпускнікоў у вайну ацалела толькі чацвёра). З 1943 г. ваяваў на 2-м і 3-м Украінскім франтах. Быў двойчы паранены, ляжаў у шпіталях. У 1944 г. бацькі В. Быкава атрымалі паведамленне, што іх сын мужна загінуў у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля Кіраваграда (гэта было засведчана на абеліску). Але В. Быкаў выжыў і ваяваў далей. 3 дзеючай арміяй прайшоў Румынію, Балгарыю, Венгрыю, Югаславію, Аўстрыю – старшым лейтэнантам, камандзірам узвода палкавой, потым армейскай артылерыі. Служыў на Украіне, у Беларусі, на Далёкім Усходзе.

Пасля дэмабілізацыі (1947) жыў у Гродне, працаваў мастаком у гродзенскіх майстэрнях, у рэдакцыі абласной газеты «Гродзенская праўда». У 1949–55 гг. зноў служыў у Савецкай Арміі. Канчаткова дэмабілізаваўшыся (маёр запаса), працаваў літаратурным супрацоўнікам, літаратурным кансультантам газеты «Гродзенская праўда». Выступаў як журналіст. У абласным і рэспубліканскім друку пачалі з'яўляцца яго замалёўкі, фельетоны, нарысы. Быў абраны сакратаром Гродзенскага аддзялення СП БССР. У 1978 г. пераехаў на сталае жыццё ў Мінск. 3 гэтага часу займаўся выключна творчай працай.
Член СП СССР з 1959 г. Герой Сацыялістычнай Працы (1984). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964, за аповесць «Трэцяя ракета»), Дзяржаўнай прэміі СССР (1974, за аповесці «Абеліск», «Дажыць да світання»), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Коласа (1978), за аповесці «Воўчая зграя», «Яго батальён»), Ленінскай прэміі (1986, за аповесць «Знак бяды»). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі.
Уваходзіў у састаў праўлення СП СССР, Рады СП БССР, рэспубліканскага Савета Фонда міру. Ганаровы грамадзянін Ушацкага р-на Віцебскай вобл. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1978–89). Народны дэпутат СССР (1989). Член грамадскага рэдсавета «Литературной газеты». Адзін з аўтараў «Рыжскага звароту» (1990). Быў прэзідэнтам Беларускага ПЭН-цэнтра.
Першыя апавяданні В. Быкава былі надрукаваны ў часопісе «Вожык» (1947, «Дапякло»), газеце «Гродзенская праўда» (1949, «У першым баі»). Але сам В. Быкаў свой пісьменніцкі лёс адлічвае з 1951 г., калі на Курылах, дзе ў той час служыў, напісаў апавяданні «Смерць чалавека» і «Абознік». Іх ён паслаў на водгук М. Лынькову.
Канец 50-х – пачатак 60-х гг. для В. Быкава – час пошукаў самога сябе. Кожны твор быў для яго своеасаблівай школай майстэрства, пяро пісьменніка сталела, почырк набываў большую індывідуальную афарбоўку, мова – выразнасць і дакладнасць. В. Быкаў набліжаўся да раскрыцця тых трагічных падзей 1941–45 гг., з якімі сутыкаецца галоўны герой яго аповесцей. У «Жураўліным крыку» пісьменнік звярнуўся да ваеннай тэмы, каб застацца ёй верным амаль увесь час. А шырокая вядомасць прыйшла да Быкава пасля публікацыі аповесці «Трэцяя ракета». Тэма чалавека на вайне таксама праходзіць праз аповесці «Пастка», «Альпійская баллада», «Праклятая вышыня».
Аднак у застойныя гады афіцыйная крытыка непрыймальна ставілася да бескампрамісных аповесцей В. Быкава пра вайну. Адзін з самых вострапраўдзівых яго твораў «Мёртвым не баліць» убачыў свет на той час толькі ў часопісах «Маладосць» і «Новый мир», дзякуючы грамадзянскай мужнасці іх рэдактараў П. Панчанкі і А. Твардоўскага. В. Быкава абвінавачвалі ў тым, што ён не з тых пазіцый піша пра вайну, скажае праўду, ачарняе гераічных савецкіх воінаў. Савецкая цэнзура зрабіла каля 200 правак аўтарскага тэксту, у 2014 г. плануецца выданне непадцэнзурнага варыянту аповесці «Мёртвым не баліць».
У 70-я гады В. Быкаў працягвае цыкл аповесцей на ваенную тэму: «Сотнікаў», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Воўчая зграя», «Яго батальён». Ваенныя аповесці В. Быкава – гэта высокамастацкія творы, з якіх складаецца гераічны эпас пра Вялікую Айчынную вайну. У партызанскім цыкле аповесцей «Круглянскі мост», «Пайсці і не вярнуцца», «Знак бяды» з асаблівай сілай выявілася праблема трагічнага, адвечная тэма выбару ў складаных умовах акупіраванай тэрыторыі і партызанскай барацьбы народа супраць фашыстаў. Не менш востра паказаў пісьменнік і падзеі калектывізацыі, да якіх упершыню звярнуўся ў аповесці «Знак бяды». Гэту тэму пісьменнік працягвае даследаваць і ў аповесці «Аблава». Складаны лёс чалавека ва ўмовах фашысцкай акупацыі пісьменнік паказвае ў аповесці «У тумане». «Аблава» мае рэальную жыццёвую аснову. З суровым рэалізмам у адлюстраванні падзей напісана быкаўская «Сцюжа».
У 90-я В. Быкаў бярэ на ўзбраенне апавяданне – самы мабільны і змястоўны жанр літаратуры. «На чорных лядах», «Бедныя людзі», «Жоўты пясочак», «Зенітчыца», «Палкаводзец», «Палітрук Каламіец», «Падоранае жыццё». Аповесць «Пакахай мяне, салдацік» тэматычна звязана з цыклам «ваенных» апавяданняў. Аповесць «Ваўчыная яма» расказвае пра жыццё ў чарнобыльскай зоне. Надзвычай складаныя рэаліі ваеннай рэчаіснасці паўстаюць з аповесці «Балота».
Яшчэ адна іпастась пісьменніка – сучасны Быкаў, аўтар «баек жыцця» з філасофска-алегарычным зместам: «Сцяна», «Музыка», «Народныя мсціўцы», «Ваўчыная яма», «Мальбара», «Тры нявымаўленых словы», «Труба» і інш. Выходзяць кнігі прозы «Сцяна», «Пахаджане». Быкаўскія прыпавесці ўвайшлі ў супольную кнігу Р. Барадуліна і В. Быкава «Калі рукаюцца душы». Працягвае тэму сяброўства кніга «Дажыць да зялёнай травы».
У гады перабудовы В. Быкаў актывізаваўся як грамадскі дзеяч, публіцыст. Яго выступленні, артыкулы, інтэрв'ю склалі зборнікі «На крыжах» і «Крыжовы шлях». Пісьменнік падсумаваў вынікі свайго жыцця і творчасці кнігай успамінаў «Доўгая дарога дадому». Адной з апошніх прац В. Быкава сталі аповеды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 г. «Цярновы шлях», якія пазней увайшлі ў кнігу «Грамадзянін свету». Кожны з 12 аповедаў пачынаецца лірычна-белетрыстычным уступам самога В. Быкава, які пры гэтым каларытна характарызуе нямецкія рэаліі і апавядальніка.
Памёр В. Быкаў 22 чэрвеня 2003 года. Пахаваны на мінскіх Усходніх могілках.
Невядомыя беларускаму чытачу творы Васіля Быкава з'яўляюцца ў друку да сённяшняга дня. У кнігу «Бліндаж» увайшлі аповесці «Бліндаж» і «Апошні баец», якія раней не ўключаліся аўтарам у ніводзін свой зборнік. У 2012 г. пабачыў свет зборнік «Гарадзенскі архіў : Невядомыя творы (1957–1972). Незавершанае. Нататнікі», які складаецца з невядомых раней твораў пісьменніка, – матэрыялаў гродзенскага перыяду яго жыцця.
Па творах В. Быкава пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета», «Альпійская балада», «Дажыць да світання», «Воўчая зграя», «Абеліск», «Узыходжанне», «Знак бяды», «Пайсці і не вярнуцца», «У тумане», 4-х серыйная стужка «Бліндаж», кароткаметражны фільм «Пастка», тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны». В. Дашуком створаны фільм пра В. Быкава «Узыходжанне». П'еса «Апошні шанц» шырока ставілася ў тэатрах краіны. Былі інсцэніраваны яго аповесці «Абеліск», «Альпійская балада», «Дажыць да світання», «Знак бяды», «Пайсці і не вярнуцца», «Сотнікаў», «Трэцяя ракета» і інш. Балет «Альпійская балада» напісаў Я. Глебаў, на яго ж аснове стварыў «Сюіту з балета «Альпійская балада». Оперу «Сцежкаю жыцця» (паводле «Воўчай зграі») стварыў Г. Вагнер. У 1990 пастаноўка радыё-спектакляў па аповесцях В. Быкава «У тумане» і «Кар'ер» адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.
![]() |
Баршчэўскі, Л. Беларуская літаратура і свет : ад эпохі рамантызму да нашых дзён : папулярныя нарысы / Л. Баршчэўскі, П. Васючэнка, М. Тычына. — Мн. : Радыёла-плюс, 2006. — 576 с. Гэта кніга – самы поўны на сённяшні дзень інтэграваны выклад найважнейшых з'яваў літаратуры XIX – пачатку XXI ст., у якім беларуская літаратура разглядаецца як неад'емная частка сусветнага літаратурнага працэса. У кнізе змешчаны артыкулы прысвечаныя беларускім пісьменнікам, у тым ліку і Васілю Быкаву. |
|
|
Бугаёў, Д. Васіль Быкаў : нарыс жыцця і творчасці / Д. Бугаёў. — Мн. : Народная асвета, 1987. — 207 с. : іл. — (Народныя пісьменнікі БССР). У кнізе асвятляецца жыццёвы і творчы шлях выдатнага майстра беларускага мастацкага слова Васіля Быкава. |
![]() |
Быкаў, В. Гарадзенскі архіў : Невядомыя творы (1957—1972). Незавершанае. Нататнікі / В. Быкаў. — Гародня ; Wroclaw : [б. в.], 2012. — 444 с. — (Гарадзенская бібліятэка). Кніга з'яўляецца першым цалкам архіўным выданнем народнага пісьменніка Беларусі, куды ўвайшлі яго раннія творы, што ніколі не друкаваліся, а таксама незавершаная аўтабіяграфія. |
![]() |
Быкаў, В. Праўдай адзінай : літаратурная крытыка, публіцыстыка, інтэрв'ю / В. Быкаў. — Мн. : Мастацкая літаратура, 1984. — 262 с. Кнігу складаюць літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы і выступленні, інтэрв'ю, эсэ народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. |
![]() |
Наш Быкаў : кніга ўспамінаў / уклад. Г. Бураўкін. — Мн. : Кніга, 2004. — 496 с. У кнізе змешчаны ўспаміны беларускіх пісьменнікаў пра знаёмства з Васілём Быкавым. |
![]() |
Шапран, С. Васіль Быкаў : гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах / С. Шапран. — Мн. ; Гародня : [б. в.], 2009. — Ч. 1. — 734 с. : іл. Гэта кніга – першая спроба стварэння энцыклапедыі Васіля Быкава ці дакументальнага бібліяграфічнага летапісання народнага пісьменніка Беларусі.
|
![]() |
Шапран, С. Васіль Быкаў : гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах / С. Шапран. — Мн. ; Гародня : [б. в.], 2009. — Ч. 2. — 768 с. : іл.
|
ЛІТАРАТУРА
1. Адамовіч, Г. Васіль Быкаў — вялікае сэрца народа / Г. Адамовіч // Роднае слова. — 2013. — № 6. — С. 3—5.
2. Андраюк, С. Біяграфія творцы ў кантэксце часу / С. Андраюк // Полымя. — 2009. — № 6. — С. 143—153.
3. Баршчэўскі, Л. Васіль Быкаў / Л. Баршчэўскі, П. Васючэнка, М. Тычына // Беларуская літаратура і свет : ад эпохі рамантызму да нашых дзён : папулярныя нарысы / Л. Баршчэўскі, П. Васючэнка, М. Тычына. — Мн. : Радыёла-плюс, 2006. — С. 414—427.
4. Бугаёў, Д. Васіль Быкаў : нарыс жыцця і творчасці / Д. Бугаёў. — Мн. : Народная асвета, 1987. — 207 с. : іл. — (Народныя пісьменнікі БССР).
5. Быкаў Васіль Уладзіміравіч // Памяць. Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БЕЛТА, 2003. — С. 549–550.
6. Быкаў, В. Гарадзенскі архіў : Невядомыя творы (1957—1972). Незавершанае. Нататнікі / В. Быкаў. — Гародня ; Wroclaw : [б. в.], 2012. — 444 с. — (Гарадзенская бібліятэка).
7. Быкаў, В. Праўдай адзінай : літаратурная крытыка, публіцыстыка, інтэрв'ю / В. Быкаў. — Мн. : Мастацкая літаратура, 1984. — 262 с.
8. Быкаў, В. Пункціры жыцця : далітаратурная біяграфія / В. Быкаў // Дзеяслоў. — 2005. — № 2. — С. 149—163 ; № 3. — С. 157—171 ; № 4. — С. 167—185 ; № 5. — С. 254—269 ; № 6. — С. 159—177.
9. Дедков, И. Василь Быков : повесть о человеке, который выстоял / И. Дедков. — М., Советский писатель, 1990. — 311 с.
10. Залоска, Ю. Дыялогі з Васілём Быкавым : інтэрв'ю, эсэ / Ю. Залоска. — Мн. : Мастацкая літаратура, 1995. — 95 с.
11. Мяснікоў, А. Васіль Быкаў (1924—2003): талент мужны, непаўторны / А. Мяснікоў // Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. — Мн. : Литература и Искусство, 2008. — С. 305—308.
12. Наш Быкаў : кніга ўспамінаў / уклад. Г. Бураўкін. — Мн. : Кніга, 2004. — 496 с.
13. Пациенко, Г. Светлый облик Василя Владимировича / Г. Пациенко // Нёман. — 2009. — № 1. — С. 126—133.
14. Савік, Л. С. Быкаў Васіль / Л. С. Савік, В. І. Козіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.]. — Мн. : БелЭн імя П. Броўкі, 1992. — Т. 1 : Абуховіч — Ватацы. — С. 426—444.
15. Сульянов, А. Василь Быков. Комбат. Писатель. Друг / А. Сульянов // Нёман. — 2008. — № 2. — С. 110—132 ; № 3. — С. 137—159.
16. Шапран, С. Васіль Быкаў : гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах / С. Шапран. — Мн. ; Гародня : [б. в.], 2009. — Ч. 1. — 734 с. : іл.
17. Шапран, С. Васіль Быкаў : гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах, лістах / С. Шапран. — Мн. ; Гародня : [б. в.], 2009. — Ч. 2. — 768 с. : іл.
18. «Я дал себе слово не читать о войне...» / подгот. А. Сульянов // Нёман. — 2009. — № 10. — С. 135—156.
СПАСЫЛКІ
Васіль Уладзіміравіч Быкаў на Вікіпедыіі
Беларускія літаратары. Васіль Быкаў
Беларуская электронная бібліятэка «Беларуская палічка». Васіль Быкаў










































