Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Спіс помнікаў археалогіі. Чашніцкі раён

 

Курган у в. Антаполле

Знаходзіцца за 0,1 км на паўночны захад ад вёскі, каля малочнай фермы. Вышыня 2,3 м, дыяметр 13 м. Выявіла ў 1971 годзе В. Б. Караткевіч, абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька.

Курган у в. Аўсянікі

Знаходзіцца ў лесе, на беразе воз. Старасельскае, каля дарогі ў в. Бельнякі. Да нядаўняга часу тут быў могільнік, які меў 34 насыпы дыяметрам 10–15 м, вышынёй 1,5–3 м. Даследаваў у 1882 годзе Е. Р. Раманаў, абследавалі ў 1971 годзе В. Б. Караткевіч, у 1981 годзе Т. С. Бубенька. Могільнік належыў крывічам. Датуецца канцом I – пачаткам II тыс. н. э. Матэрыялы даследванняў 1882 года захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве.

 

Курганны могільнік ля в. Бор

Мясцовая назва Шведскія магілы. Знаходзіцца за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі, на левым беразе безназоўнай рэчкі. 5 насыпаў вышынёй 2,5 м, дыяметрам 10 м. Добра захаваліся, здзірванелыя, зараслі хмызняком. Выявіла і абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Курганны могільнік ля в. Васькаўшчына

Мясцовая назва Валатоўкі. Знаходзіцца за 2 км на паўднёвы захад ад вёскі, на левым беразе р. Ульянка. 8 курганоў вышынёй 0,6–3,6 м, дыяметрам 9–11 м. Насыпы пясчаныя, некаторыя абкладзены валунамі. Выявіла ў 1954 годзе А. П. Сухамлінава-Марозава, абследавалі ў 1971 годзе В. Б. Караткевіч, у 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Гарадзішча, курганны могільнік ля в. Гара

Гарадзішча. Мясцовая назва Гара. Знаходзіцца за 2 км на паўночны захад ад вёскі, злева ад дарогі да воз. Чарэйскае. Пляцоўка памерам 29×24 м, выцягнута з поўначы на поўдзень, вышыня над наваколлем каля 7 м. З заходняга і паўночнага бакоў абмежавана забалочанай поймай, з паўночнага боку ўмацавана валам вышынёй да 0,8 м і ровам глыбінёй каля 0,6 м. Гарадзішча вядома з 1873 года, абследавалі ў 1971 годзе В. Б. Караткевіч, у 1981 годзе Т. С. Бубенька. У шурфах выяўлены культурны пласт 0,5 м. Раскопкі не праводзіліся.

Курганны могільнік. Мясцовая назва Напалеонаўскія магілы. Знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад вёскі, на могілках. 6 насыпаў вышынёй 0,6–1,2 м, дыяметрам 8–12 м, моцна аплылі, асобныя пашкоджаны ямамі. Вядомы з 1873 года, абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Курганныя могільнікі ля в. Гогалеўка

Могільнік (1). Знаходзіцца за 3,5 км на ўсход ад вёскі, абапал дарогі Кашчына – Фёдараўка, у лесе. 11 курганоў дыяметрам 6–12 м, вышынёй 0,9–2,3 м. Насыпы здзірванелыя і зараслі лесам. Выявіў у 1966 годзе Г. В. Штыхаў, абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

Могільнік (2). Знаходзіцца за 3 км на паўночны ўсход ад вёскі, за 0,6 км на поўнач ад могільніка (1), справа ад дарогі Фёдараўка – Кашчына. 3 насыпы вышынёй 0,3–0,6 м, дыяметрам 8 м, моцна аплылі. Выявіў у 1966 годзе Г. В. Штыхаў, абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Гарадзішча, курганны могільнік ля в. Грынькі

Гарадзішча. Знаходзіцца за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, у забалочанай пойме ручая, які ўпадае ў воз. Міглеўскае. Займае паўднёвы край узвышша, ад якога аддзелена ровам глыбінёй 2 м, шырынёй 13–15 м. З усходняга, паўднёвага і заходняга бакоў абмежавана забалочанай поймай безназоўнага ручая. Схілы стромкія, маюць выгляд тэрасы. Пляцоўка авальная, памерам 45×33 м, вышыня над поймай 16 м. З боку поля (паўночнага) прасочваецца вал вышынёй 0,7–0,8 м, шырынёй 6,5 м. Усходняя частка пляцоўкі пашкоджана ямай. Вядома з 1873 года, абследавалі ў 1971 годзе В. Б. Караткевіч, у 1981 годзе Т. С. Бубенька. У агаленнях выяўлены культурны пласт 0,4 м. Раскопкі не праводзіліся.

Могільнік. Мясцовая назва Напалеонаўскія магілы. Знаходзіцца за 2,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, злева ад дарогі на в. Запруддзе, у лесе. 7 насыпаў вышынёй 1,3 м, дыяметрам 10–13 м. Курганы здзірванелі, зараслі лесам, каля асновы прасочваюцца раўкі. Выявіла ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Гарадзішча ля в. Дварэц

Знаходзіцца ў вёсцы, злева ад дарогі на в. Тараскі, на левым беразе безназоўнай рэчкі. Пляцоўка памерам 45×39 м узвышаецца над поймай на 10–12 м. З паўночнага захаду і захаду ўмацавана ровам глыбінёй каля 7 м, шырынёй каля 20 м, з паўночнага ўсходу і поўначы – забалочаная пойма рэчкі. Пляцоўка часткова зарасла лесам, паўночна-заходні край пашкоджаны 2 ямамі глыбінёй каля 2 м. Абследавалі ў 1951 годзе Л. В. Аляксееў, у 1971 годзе В. Б. Караткевіч, у 1981 г. Т. С. Бубенька. У агаленнях прасочаны культурны пласт, рэшткі керамікі. Раскопкі не праводзіліся.

 

Курганны могільнік у в. Закур'е

Знаходзіцца за 1,5 км на поўдзень ад вёскі. Захавалася 19 курганоў вышынёй 1–3 м, дыяметрам 6–15 м. У 1888 годзе Е. Р. Раманаў даследаваў 3 насыпы. У адным пахавальны абрад трупаспаленне, у двух – трупапалажэнне. Знойдзены нож, сярэбраны пярсцёнак, 2 завушніцы, 5 пацерак. У 1971 годзе Г. В. Штыхаў раскапаў 4 курганы. У адным на падсыпцы ляжаў шкілет чалавека галавой на поўнач, каля яго былі каменныя і шкляныя пацеркі, нож, бронзавы пярсцёнак, 2 цвікі. У другім насыпе шкілет быў на грунце галавой на захад, пры ім бронзавы пярсцёнак, 2 цвікі. У другім насыпе шкілет быў на грунце галавой на захад, пры ім бронзавы пярсцёнак, жалезная сякера, крэсіва, нож, 4 цвікі, сланцавы брусок. У двух іншых курганах пахаванняў не было. Некаторыя курганы насыпаны на месцы паселішча VI–VIII стст. У 1981 годзе абследавала Т. С. Бубенька. Датуюцца XI–XII стст., належылі крывічам.

 

Каменныя крыжы ля в. Кажары

Знаходзяцца на могілках, справа ад дарогі ў в. Кажары. 18 крыжоў, побач – вялікая колькасць каменных пліт, высечаных з мясцовага шэрага граніту. Памеры крыжоў: вышыня 0,7–1,5 м, шырыня 0,6–0,9 м, таўшчыня 0,15–0,25 м. Адносяцца да XIII–XVI стст. На асобных крыжах – надпісы на стараславянскай мове.

 

Гарадзішча, курган, курганны могільнік, селішчы ля в. Лукомль

Комплекс археалагічных помнікаў даследавалі ў 1886 годзе Е. Р. Раманаў, у 1930 годзе А. Дз. Каваленя, у 1956 г. Л. В. Аляксееў, у 1966–1969, 1971, 1973–1974 гг. Г. В. Штыхаў.

Гарадзішча. Знаходзіцца ў вёсцы на правым беразе р. Лукомка, на пагорку вышынёй 15–20 м. Пляцоўка памерам 63×36 м. Культурны пласт у цэнтры пляцоўкі 2,2, м, каля паўночнага краю больш за 5 м. Пры раскопках у 1966–1969, 1971, 1973–1974 гг. даследавана 704 м2 плошчы. Выяўлены рэшткі некалькіх археалагічных культур, якія храналагічна змяняюць адна адну: днепра-дзвінская (рубеж нашай эры); тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (VI–VIII стст. н. э.); матэрыялы IX – пачатку X стст., якія належалі крывічам; магутны культурны пласт XI–XIII стст. з вялікай колькасцю знаходак; верхні пласт перыяду Вялікага княства Літоўскага. Сярод знаходак вырабы з жалеза (сашнікі, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, ключы ад замкоў і інш), каляровых металаў (бранзалеты і іншыя жаночыя ўпрыгожанні), з косці (грабяні, праколкі, накладкі), з каменю (сланцавыя прасліцы, тачыльныя брускі), шкла (бранзалеты, каралі). Да рэдкіх знаходак належаць касцяная шахматная фігурка чалавека, касцяная пласціна з выявамі звяроў, залатая ажурная пацерка. З'яўляецца гарадзішчам старажытнага горада Лукомля.

Селішча (1). Знаходзіцца на поўнач ад гарадзішча, на тэрыторыі школьнага двара. У 1969–1970 гг. Г. В. Штыхаў даследаваў 588 м2 плошчы. Культурны пласт да 1–1,5 м. Выяўлены рэшткі селішчаў V–VIII стст. і часоў Полацкага княства IX–XIII стст., якія значна пашкоджаны перакопамі XIV–XVI стст., таксама даследавана паўзямлянкавае жытло XV ст., у ім знойдзены 2 бронзавыя крыжы і шмат глінянага посуду. Да ранняга феадалізму належаць жалезныя наканечнікі стрэл, ключы, крыцы, шкляныя пацеркі і бранзалеты, сланцавыя прасліцы, бронзавыя трапецападобныя падвескі, гліняныя тыглі для плаўкі каляровых металаў.

Селішча (2). Знаходзіцца на левым беразе р. Лукомка, насупраць гарадзішча, займала некалькі гектараў. Даследаваў у 1973–1974 гг. Г. В. Штыхаў. Культурны пласт 0,6–0,8 м. Знойдзены матэрыялы XI-XIII стст. (гліняны посуд, жалезныя і касцяныя вырабы, каменная форма для адліўкі жаночых упрыгожанняў).

Курган. Мясцовая назва Валатоўка. Знаходзіцца за 1 км ад вёскі, каля могілак. Вышыня 4 м, дыяметр 18 м. Вядомы з 1873 года. Абследаваў у 1966 годзе Г. В. Штыхаў.

Курганны могільнік. Знаходзіцца за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, каля дарогі на в. Чарэя, ва ўрочышчы Праклятае поле. 4 адноўленыя насыпы вышынёй 2 м, дыяметрам 8–10 м. У 1886 годзе Е. Р. Раманаў выявіў пахаванні па абраду трупапалажэння, знойдзены прадметы ўзбраення – баявыя сякеры, наканечнікі коп'яў. Датуецца могільнік XI ст.

Матэрыялы раскопак Е. Р. Раманава захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Раскапанае ў 1966 годзе Г. В. Штыхавым пахаванне воіна разам з інвентаром захоўваецца ў Полацкім краязнаўчым музеі.

 

Гарадзішча каля в. Малая Вядрэнь

Мясцовыя назвы Гарадок, Царкавішча. Знаходзіцца за 2 км на паўночны ўсход ад вёскі, сярод балот, на паўночным беразе возера і беразе ручая. Пляцоўка авальная, вышынёй 15–18 м, памерам 54×30 м, выцягнута з поўначы на поўдзень. Умацавана па краі валам вышынёй 0,6 м, шырынёй 1,5–2 м. З паўднёвага боку быў уваход на гарадзішча шырынёй 1,2 м. У цэнтральнай частцы пляцоўкі захаваліся рэшткі фундамента царквы (памер 22×12 м). Тут жа захаваліся 2 каменныя крыжы і пліта з надпісам «XIX век». Вядома з 1873 года, абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. У агаленнях ям культурны пласт 0,4 м. Раскопкі не праводзіліся.

 

Селішча ля в. Падрэзы

Мясцовыя назвы Валатоўка, Французскі курган. Знаходзіцца за 0,2 км на захад ад вёскі, на правым беразе р. Ула, на ўзгорку вышынёй 10 м. З поўдня і паўднёвага ўсходу абмежавана поплавам, з захаду – ракой. Памер 43×25 м. Выявіла і абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Пры зачыстцы паўночна-заходняга краю пляцоўкі прасочаны культурны пласт 0,7 м. У ім знойдзены рэшткі ляпных гаршкоў, падпраўленых на ганчарным крузе, абпаленыя камяні (верагодна, агнішча). Датуецца X ст.

 

Курганны могільнік ля в. Палітаддзел

Мясцовая назва Валатоўкі. Знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Барок, злева ад дарогі ў в. Трылесіна, у невялікім ляску на левым беразе р. Ула. 9 курганоў вышынёй 0,6–2 м, дыяметрам 6–8 м. Самы вялікі курган дыяметрам 15 м. Паміж насыпаў ёсць адзін жальнік вышынёй 0,6 м, дыяметрам 10 м (пераходнае пахаванне ад курганоў да сучасных магіл). З поўначы ён абкладзены 5 вялікімі камянямі, з астатніх бакоў захаваліся толькі сляды камянёў. Захаванасць курганоў добрая. Абследавалі ў 1967 годзе Г. В. Штыхаў, у 1971 годзе В. Б. Караткевіч, у 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Курганны могільнік ля в. Пачаевічы

Знаходзіцца за 0,5 км на поўдзень ад вёскі. 7 курганоў вышынёй 0,9–2,65 м, дыяметрам 4–15 м. Насыпы пясчаныя, здзірванелыя. Выявіў у 1967 годзе Г. В. Штыхаў, абследавалі ў 1971 годзе В. Б. Караткевіч, у 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Гарадзішча ля в. Рудніца

Мясцовая назва Царкоўка. Знаходзіцца за 0,2 км на захад ад вёскі, на левым беразе безназоўнага ручая, які ўпадае ў р. Лукомка, на высокім мысе. Пляцоўка авальная, памерам 20×38 м, выцягнута з поўначы на поўдзень. З паўднёвага і паўднёва-ўсходняга бакоў прасочаны вал вышынёй 0,5–0,7 м, шырынёй 3 м, побач – роў глыбінёй 0,3 м, шырынёй 2 м. Уваход на гарадзішча ў паўднёвай частцы. З паўночнага боку пляцоўка моцна аплыла. Раней тут была царква, ад якой захаваўся фундамент, цяпер гарадзішча занята могілкамі. Вядома з 1873 года, абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Курганныя могільнікі ля в. Рыжанкі

Могільнік (1). Знаходзіцца за 2,5 км на паўночны ўсход ад вёскі, на правым беразе р. Усвейка, у лесе, ва ўрочышчы Бор. 2 насыпы вышынёй 2,1 м, дыяметрам 10 і 12 м. Курганы добра захаваліся, зараслі лесам, каля іх асновы прасочаны раўкі глыбінёй 0,5 м. Выявіла і абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

Могільнік (2). Мясцовая назва Французскія ці Напалеонаўскія магілы. Знаходзяцца за 3 км на поўнач ад вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Воранава, на правым беразе р. Усвейка. 3 насыпы вышынёй 2,5 м, дыяметрам 10–12 м. Курганы пашкоджаны ямамі, зараслі лесам. Выявіла і абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Курганны могільнік, курган ля в. Сімнавічы

Могільнік. Мяцовая назва Валатоўкі. Знаходзіцца за 1 км на захад ад вёскі, на ўскрайку лесу, абапал дарогі на в. Стаўбцы, ва ўрочышчы Валатоўкі. 6 насыпаў вышынёй 0,5–1,5 м, дыяметрам каля 15 м. Захаванасць добрая, за выключэннем 2 курганоў. Выявіла і абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

Курган. Знаходзіцца за 2,5 км на захад ад вёскі, у лесе, злева ад дарогі на в. Стаўбцы. Вышыня 1,3 м, дыяметр 10 м. Добра захаваўся, зарос лесам, вакол яго асновы прасочаны невялікі равок глыбінёй 0,3 м. Выявіла і абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька.

 

Курганны могільнік ля в. Слабодка

Могільнік (1). Знаходзіцца за 1,5 км на захад ад вёскі, на беразе воз. Лукомскае. 106 курганоў вышынёй 0,5–2,5 м, дыяметрам 6–11 м. Насыпаны з гліны. Выявіў у 1967 г. і даследаваў 12 насыпаў у 1967, 1969 і 1971 гг. Г. В. Штыхаў. Пахавальныя абрады – трупаспаленне і трупапалажэнне. Знойдзены шкляныя пацеркі «лімонкі», скроневае кольца, пярсцёнак, гліняны посуд. Асаблівую цікавасць выклікае наяўнасць у адным кургане 6 гаршкоў (адзін ляпны і 5 ганчарных). Курганы насыпаны на месцы паселішча VI–VIII стст. Датуюцца X – пачаткам XI стст., належалі крывічам.

Могільнік (2). Знаходзіцца за 1,7 км на захад ад вёскі, у лесе, 8 курганоў вышынёй 1–2 м, дыяметрам 8–10 м. Выявіў і даследаваў у 1971 г. Г. В. Штыхаў. Раскапана 2 насыпы. Пахавальны абрад – трупапалажэнне. У адным кургане былі 2 нажы, баявая жалезная сякера «чакан». Датуюцца X – пачаткам XI стст., належалі крывічам.

Могільнік (3). Знаходзіцца за 3 км на захад ад вёскі, на беразе Лукомскага возера. 30 курганоў вышынёй 0,5–2 м, дыяметрам 6–10 м. Выявіў у 1967 г. і даследаваў у 1974 годзе. Г. В. Штыхаў. Раскапана 6 насыпаў. Пахавальны абрад – трупапалажэнне. У адным кургане 2 пахаванні (адно апушчанае ў насып). Каля асноўнага пахавання знойдзена 9 невялікіх бронзавых скроневых кольцаў, на пальцы правай рукі нябожчыка – пярсцёнак, каля пояса – фрагмент сярпа, каля шыі – 71 шкляная пацерка, а таксама сярэбраная падвеска, зробленая з англійскай манеты X–XI стст. Датуюцца 1-й паловай XI ст., належалі крывічам.

 

Курган ля в. Старыя Лаўкі

Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне вёскі. Вышыня 1,3 м, дыяметр 6 м. У 1981 годзе абследавала Т. С. Бубенька.

 

Стаянка ля в. Старыя Лаўкі

Знаходзіцца на мысе левага берага р. Лукомка, на поўдзень ад вёскі. Выявіў у 1930 годзе А. Дз. Каваленя, даследаваў у 1967 г. І. М. Ціханенкаў, абследаваў у 1981 годзе Э. А. Зайкоўскі. Раскапана 200 м2 плошчы. Культурны пласт складаецца з светла-жоўтага зярністага пяску і цёмна-карычневага пясчанага супеску. Знойдзены крамянёвыя мікралітычныя скрабкі, наканечнікі стрэл, разцы, нажы і ножападобныя пласціны, укладышы, трапецападобныя прылады працы. Выяўлены 6 агнішчаў у выглядзе паглыбленых на 0,3–0,5 м у мацярык ям, запоўненых попельна-вугальнай масай. Кераміка 2 відаў: порыстая, дрэнна абпаленая з раслінным дамешкам у гліне і добраабпаленая з дамешкам кварцу і буйназярністага пяску ў гліне. Пасудзін з арнаментам толькі некалькі экземпляраў (наколы адступаючай палачкі, пракрэсленая лінія і ўвагнуты грабеньчык). Стаянка III тыс. да н. э. і адносіцца да неаліту.

 

Курганны могільнік ля в. Стаўбцы

Знаходзіцца за 2,3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Валатоўкі. 45 курганоў вышынёй 0,6–2 м, дыяметрам 3–10 м. Некаторыя насыпы маюць раўкі глыбінёю да 0,4 м. Вялікія курганы пашкоджаны ямамі. Выявіў і абследаваў у 1969 годзе Г. В. Штыхаў, абследавала ў 1981 годзе Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Курганны могільнік у в. Труханавічы

Мясцовая назва Валатоўкі. Знаходзіцца за 0,7 км на поўнач ад вёскі, на тэрыторыі рамонтных майстэрняў калгаса «Прагрэс». 15 курганоў вышынёй 2–3, дыяметрам 10–12 м. Абследавалі ў 1971 годзе В. Б. Караткевіч, у 1981 г. Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Курганны могільнік у в. Трылесіна

Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне вёскі, ва ўрочышчы Валатоўкі (правы бераг р. Ула). 35 курганоў вышынёй 1,2–3 м, дыяметрам 10–15 м. Вядомы з канца XIX ст. Абследавалі ў 1971 годзе В. Б. Караткевіч, у 1981 г. Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Гарадзішча ля в. Чарэя

Знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад вёскі. Пляцоўка памерам 80×40 м узвышаецца на 8 м над навакольнай мясцовасцю. Уваход на гарадзішча з паўднёвага боку. Зараз пляцоўка над могілкамі. Выявіў у канцы XIX ст. Е. Р. Раманаў, абследавалі ў 1930 г. А. Дз. Каваленя, у 1971 г. Г. В. Штыхаў, у 1981 г. Т. С. Бубенька. Раскопкі не праводзіліся.

 

Гарадзішча ля в. Ясяноўкі

Мясцовая назва Лісіная гара. Знаходзіцца за 3,2 км на захад ад вёскі, у лесе, на беразе безназоўнай рэчкі, на паўднёвым схіле ўзвышша. Пляцоўка роўная, памерам 42×49 м, выцягнута з захаду на ўсход, здзірванелая. Вышыня з паўночнага, усходняга і заходняга бакоў 15–18 м, з паўднёвага каля 30 м над поймай рэчкі. Схілы стромкія (45). З паўднёвага боку абмежавана забалочанай поймай, з астатніх умацавана ровам глыбінёй 5–7 м, шырынёй 10–12 м, валам вышынёй 2,5–3 м, шырынёй 5 м. З заходняга боку на схіле гарадзішча прасочаны выступ шырынёй 3,5 м. Ён знаходзіцца ніжэй за пляцоўку ў заходняй частцы на 6 м, у паўночна-заходняй – на 8 м. Верагодна, гэта быў уваход на гарадзішча. Выявіў у 1956 годзе М. М. Чарняўскі, абследавалі ў 1971 годзе В. Б. Караткевіч, у 1981 годзе Т. С. Бубенька. Культурны пласт больш за 0,7 м. Раскопкі не праводзіліся.

 

 

ЛІТАРАТУРА

1. Археалагічныя помнікі на тэрыторыі раёна // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 34–48.

2. Чашніцкі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 442–453.