Материалы
Клуб народны фальклорны «Кругаверць». Лепельскі раён, г. Лепель
- Подробности
- Створана 14.05.2019 12:23
- Адноўлена 14.05.2019 09:27
Народны фальклорны клуб «Кругаверць» створаны ў 1990 годзе ў г. Лепель пры раённым Доме культуры (зараз Лепельскі гарадскі Дом культуры).
У 1996 годзе прысвоена званне – «народны аматарскі калектыў».
Мастацкія кіраўнікі: А. Д. Макаранка (з 1990 года), Ю. Г. Кунчэўская (з 2000), Т. М. Пшонка (з 2005), С. А. Карабань (з 2010).
У складзе клуба каля 20 чалавек ва ўзросце ад 28 да 87 гадоў.
Асноўныя мэты дзейнасці – даследаванне і вывучэнне беларускай нацыянальнай культуры (народных абрадаў, традыцый, вуснай паэзіі, гульняў), выраб вышывак, габеленаў, тканых паясоў, музычных інструментаў, падрыхтоўка і правядзенне нацыянальных святаў і абрадаў.
У рэпертуары беларускія народныя песні «А здайся, дзядзька, здайся», «Дзевачкі, у полі дымна», «Як на горцы, на жоўтым пяску», «Юр'ева матка пагнала цялятка», «Благаславі, Божа», «Дзякуй Богу, што вясна прыйшла», «Свёкар нявестку вядзець», «На свята Іваначку», «Кузьма ў дварочку», «Валачобнікі валачыліся», тэатралізаваныя прадстаўленні народных свят «Каляды», «Купалле», «Саракі», «Вялікдзень», «Святы Пакроў» і іншыя.
Калектыў – удзельнік абласнога конкурсу вясельных абрадаў Віцебшчыны «Вялікая вясельніца» (Дуброўна, 2010), тэлевізійнага праекта «Зорны шлях» (Віцебск, 2012).
З дапамогай гуртка створаны навукова-папулярныя, музычна-этнаграфічныя фільмы на беларускім тэлебачанні «Прынясі, Божа, хмару», «Крывыя вечары», «Спявай душа».
ЛІТАРАТУРА
1. Лепельскі народны фальклорны клуб «Кругаверць» // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: В. В. Калістратава [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – Т. 5 : Л–М. – С. 61.
2. Кернажыцкая, Л. Вопыт і праблемы захавання аўтэнтычнага фальклору ў дзейнасці фальклорных калектываў Віцебшчыны / Л. Кернажыцкая // Народная культура Віцебшчыны : матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі / рэдкал.: Л. Вакар [і інш.]. – Віцебск : УА «ВДУ імя П. М. Машэрава», 2007. – С. 177–194.