Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Пасляваенны перыяд. Дубровенскі раён

 

1130 дзён Дубровеншчына знаходзілася пад нямецка-фашысцкай акупацыяй. На дзень вызвалення мірнага насельніцтва тут, па сутнасці, не было. Падчас вайны людзі былі выгнаны немцамі на захад, а тыя, хто ўцалеў, эвакуіраваліся на Смаленшчыну. За перыяд, калі праз Дубровеншчыну праходзіў фронт, зямля была спустошана, зрэзана абарончымі збудаваннямі, дарогамі і на значных плошчах стала непрыгоднай для карыстання. 3 абароту было выведзена 11 тысяч гектараў сельгасугоддзяў, знішчана дзве трэці лугоў, асабліва ў поймах рэк. Вялікія тэрыторыі займалі мінныя палі. Усе дарогі былі ўсланы накатамі з бярвенняў. Для гэтага гітлераўцы разбіралі вясковыя збудаванні: хаты, школы, клубы, свірны і інш. Зрубы хат закапваліся ў зямлю пад зямлянкі і агнявыя кропкі. Гэтай драўніны не хапала, таму вялася суцэльная высечка лясоў. Калісьці люднага рабочага гарадка Дуброўна цяпер, па сутнасці, не было. Ад фабрыкі «Дняпроўская мануфактура» не засталося нават сцен вытворчых памяшканняў. Адступаючы, гітлераўцы ўзарвалі электрападстанцыю. Не існавала больш ні прыстані, ні суднабудаўнічай верфі. У руінах ляжалі кінатэатр, школы, іншыя грамадскія будынкі. Было спалена ці разбурана 90 % жылля.

Пасля вызвалення ў раён пачалі вяртацца яго былыя жыхары. На 1 студзеня 1945 г. у родныя мясціны вярнуліся 8828 сем'яў. Колькасць сельскага насельніцтва склала 31124 чалавекі. У горадзе ў гэты час жылі 942 сям'і – 3328 чалавек, а ўсяго ў раёне – 34 452 чалавекі.

Калгасы пачалі аднаўляцца фактычна на голым месцы. Гэта быў нялёгкі працэс. Адначасова з аднаўленнем гаспадаркі вялося размініраванне зямель. За першыя чатыры гады пасля вызвалення мінёрамі было абясшкоджана каля 2 мільёнаў мін, снарадаў і іншых выбухова-небяспечных прадметаў. У раёне за гэты час загінула шмат мірных жыхароў, у асноўным – падлеткаў.

У канцы 1944 г. з усходніх раёнаў краіны паступіла каля 1750 галоў буйнай рагатай жывёлы. Тады ж у саўгас «1 Мая» было завезена каля паўсотні галоў маладняку свіней. Пагалоўе паміж калгасамі размяркоўвалі невялікімі групамі – па 15–20 галоў.

Да сяўбы 1945 г. у трох адноўленых МТС мелася каля 40 колавых трактароў (гусенічныя цягалі на фронце гаўбіцы), у калгасах – коні, акрамя таго былі прывучаны да работы і каровы.

Ужо ў ліпені 1944 г. пачалося будаўніцтва льнозавода. Вырашана было будаваць яго на месцы тэкстыльнай фабрыкі «Дняпроўская мануфактура». У 1946 г. была ўведзена ў строй першая чарга завода.

Адначасова з ільнозаводам у горадзе аднаўляліся ці будаваліся іншыя прадпрыемствы. Хутка пачаў дзейнічаць маслазавод, на якім узвялі новы цэх па выпрацоўцы масла. Пашырылася арцель «Чырвоны Кастрычнік». Тут да абутковага і швейнага прыбавіўся ткацкі цэх.

Развіваўся райпрамкамбінат. У першыя пасляваенныя гады тут была пабудавана гофманская печ на цагельным заводзе, рэканструяваны вапнавы завод, пушчана піларама. Гэта дазволіла значна паскорыць тэмпы прамыслова-гаспадарчага і культурна-бытавога будаўніцтва, што мела першаступеннае значэнне для раёна.

У 1947 была створана Дубровенская МТС, машынна-трактарны парк.

Да 1948 г. на сяле было пабудавана больш за 5000 дамоў.

У 50-х гадах уступіў у строй дзеючых шчэбневы завод. На карце горада з'явіліся дзесяць нанава адбудаваных вуліц, раённы Дом культуры, трохпавярховая сярэдняя школа, паліклініка і бальніца з трыма аддзяленнямі, некалькі магазінаў, у тым ліку – кнігарня, а таксама сталовая, пякарня, іншыя аб'екты сацкультбыту. Новы жалезабетонны мост звязаў берагі Дняпра – дзве часткі горада. Завяршылася яго электрыфікацыя.

У 1958 г. у Дуброўне на паявых пачатках калгасаў была створана міжкалгасная будаўнічая арганізацыя. У калгасах з'явіліся новыя фермы, збожжатакі, майстэрні, школы, клубы, жылыя дамы. У 1959 годзе ў Дуброўна пражывала 4,9 тыс. жыхароў.

У 1962 годзе Дубровенскі раён быў ліквідаваны, а яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Аршанскага раёна.

У 1965 годзе Дубровенскі раён быў адноўлены. На яго тэрыторыі працавала 1 раённая бальніца на 125 ложкаў, 1 пасялковая, 5 урачэбна-амбулаторных участкаў, 15 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 2 пункты здароўя, аддзяленне хуткай дапамогі, 3 аптэкі, 20 сельскіх клубаў, 14 бібліятэк, 12 калгасных і 2 саўгасныя клубы, 1 раённы Дом культуры.

У 1966 годзе ў г. Дуброўна пачалося будаўніцтва ўнівермага, аўтобуснай станцыі, комплекса школы механізацыі, шматпавярховых жылых дамоў. Упершыню прададзена насельніцтву 4 аўтамабілі.

У 1967 годзе ў асноўным была завершана электрыфікацыя калгасаў і саўгасаў, у дамах калгаснікаў гарэлі электрычныя лямпачкі і свяціліся экраны тэлевізараў, у сельскіх клубах дзейнічала 15 стацыянарных кінаўстановак.

Значныя поспехі прынеслі раёну 70-я гады. Аб'ём вытворчасці 1975 г. у параўнанні з 1970 г. павялічыўся на 22,8 %, рэалізацыі – на 28 %. Прадукцыйнасць працы за пяць гадоў узрасла на 27 %. Было здадзена ў эксплуатацыю звыш 40000 м2 жылля, на 15000 месцаў жывёлагадоўчых памяшканняў, больш трыццаці збожжатакоў і кармацэхаў, а ўсяго 200 будаўнічых аб'ектаў. Па выніках дзевятай пяцігодкі вытворчасць зерня ў раёне павялічылася на 45, мяса – на 54, малака – на 30 %. Амаль удвая ўзраслі асноўныя вытворчыя фонды гаспадарак.

Па выніках работы ў першым годзе дзесятай пяцігодкі 75 рабочых, калгаснікаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі, кіраўнікоў і спецыялістаў сельскай гаспадаркі былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Усяго за 1966–1976 гады ў раёне былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі 360 чалавек.

Рашэннем райвыканкама ад 17жніўня 1967 г. № 217 была зацверджана схема раённай планіроўкі, якой прадугледжвалася будаўніцтва і добраўпарадкаванне толькі ў так званых перспектыўных населеных пунктах. Да ліку перспектыўных былі аднесены 64 вёскі, г. Дуброўна, пас. Асінторф з пасёлкам № 7, станцыя Шухаўцы і Асінаўка. Да неперспектыўных былі аднесены 112 вёсак і 7 пасёлкаў. Жыхары вёсак, аднесеных да неперспектыўных, павінны былі адсяляцца толькі ў перспектыўныя населеныя пункты. У 16 вёсках, аднесеных да першай чаргі адсялення, забаранялася хоць якое-небудзь будаўніцтва і капітальны рамонт жылых, культурна-бытавых і вытворчых памяшканняў.

Патрабаванне вышэйшай улады рэспублікі, якая меркавала з 33 тыс. населеных пунктаў Беларусі пакінуць толькі 3 тыс. «перспектыўных», нанесла непапраўную шкоду ўсяму народу і прывяло тысячы вёсак да поўнага разору. Эканоміка краіны, а тым самым і раёна, фактычна гадамі тапталася на месцы. Гэта прывяло да таго, што ў 70-я і на пачатку 80-х гадоў мнагалюдны раён стала пакідаць моладзь, маладыя сем'і. Вёскі штогод пусцелі. Нараджальнасць змяншалася, а смяротнасць павялічвалася. Да 1996 года смяротнасць па раёну ў два разы перавысіла нараджальнасць. У 1941 годзе ў раёне пражывала 45000 чалавек, у 1945 – 34452, у 1980 – 27900, у 1985 – 26800, у 1990 – 25100, у 1995 – 24300, у тым ліку на вёсцы – 14500 чалавек.

Зараз раён развіваецца ў аграпрамысловым напрамку. Пад сельскагаспадарчымі ўгоддзямі занята 78 тыс. га. Сельскагаспадарчая вытворчасць спецыяліцуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, ільнаводстве, сеюць збожжавыя культуры і бульбу. У наш час у раёне працуюць прадпрыемствы лёгкай, паліўнай, харчовай і будаўнічай галін прамысловасці. Дзейнічаюць установы адукацыі і культуры, медыцынскія, спартыўныя ўстановы.

 

Горад Дуброўна. Фотаздымак з сайта www.vitbichi.byГорад Дуброўна. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.byГорад Дуброўна. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Агеева, Е. У часіну нялёгкую / Е. Агеева // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2001. – 6 лістап. – С. 3.

2. Адраджэнне // Памяць: Дубровенскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: А. Я. Гаўруцікаў [і інш.] ; уклад.: А. Я. Гаўруцікаў, Р. П. Кахноўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 1997. – Кн. 1. – С. 477–517.

3. Рыжанская, С. В. Дубровенский район / С. В. Рыжанская // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 404–407.

4. Дубровенскі раён // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 131–132.

5. Дубровенскі раён // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 6 : Дадаізм–Застава. – С. 246–247.

6. Дубровенскі раён мовай лічбаў і фактаў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1965. – 22 чэрв. – С. 1.

7. Кулакоў, Ф. Першае мірнае паўгоддзе // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2000. – 29 лiп. – С. 2.

8. Рабчыкаў, В. А. Адраджэнне / В. А. Рабчыкаў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1984. – 16 чэрв. – С. 2.

9. Фёдараў, Я. І. Дубровеншчына ў 1965 годзе / Я. І. Фёдараў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 1965. – 6 крас. – С. 2.