Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Глыбоцкі раён. Пасляваенны перыяд

Жыццё станавілася на мірныя рэйкі. Найпершай задачай было аднаўленне разбуранай эканомікі. А страты былі вельмі цяжкія. У 1941 г. у Глыбокім было 1124 двары, а ў 1944 г.– толькі 357, гэта значыць, было знішчана 2/3 жылога фонду. Больш як у 3 разы скарацілася i колькасць насельніцтва райцэнтра – было знішчана больш за 5800 чалавек. У фашысцкую няволю з Глыбокага было вывезена 1037 чалавек, да красавіка 1946 г. дадому вярнуліся толькі 460 глыбачан. У Глыбоцкім раёне за гады акупацыі было знішчана 10 133 мірныя жыхары.

Паступова сталі аднаўляць работу прадпрыемствы i арцелі, установы гандлю. Да канца ліпеня 1944 г. сталі працаваць райпрамкамбінаты, мылаварны завод, райспажыўсаюз, кантора па нарыхтоўцы лёну, лінейна-тэхнічны вузел сувязі, скураны i лесапільны заводы, лясніцтва, гарадская электрастанцыя, швейная, абутковая i іншыя арцелі, мясакамбінат, МТС, бальніца i інш. Захаваліся дакументы пра аднаўленне ў ліпені 2 даваенных калгасаў – імя Молатава ў в. Пятроўшчына i «1 Мая» ў в. Узрэчча. Былі створаны цагельныя заводы ў вёсках Падгаі i Арэхаўна, у апошняй i торфазавод, вапнавы завод у в. Сарокі, млын у Каштылянаўшчыне. На 5 жніўня 1944 г. у Пліскім раёне працавала 5 млыноў, 2 вапнавыя заводы, 4 цагельныя, смалакурны, спіртавы і тарфяны заводы.

Аднаўленчы працэс патрабаваў бесперабойнай работы транспарту. Аднак перавозкі скоўваліся разбітымі дарогамі. Таму райвыканкам давёў план па рамонце дарог кожнай гаспадарцы, кожнаму населенаму пункту. Аднаўляліся i лініі сувязі. Акрамя вытворчых праблем, раённыя ўлады былі заклапочаны дрэнным санітарным станам большасці населеных пунктаў. Было шмат выпадкаў цяжкіх інфекцыйных захворванняў. Медыкаў чакала вялікая работа па паляпшэнні медыка-санітарнага стану раёна. У Празароках быў створаны інфекцыйны блок, у Плісе – санпрапускнік, у многіх вёсках адкрываліся медпункты.

У цяжкім стане была народная асвета. Мала было настаўнікаў, не хапала памяшканняў для школ, сшыткаў, ручак, падручнікаў. А тыя настаўнікі, што прыязджалі, не затрымліваліся ў вёсках з-за цяжкіх умоў жыцця. Восенню 1944 г. у Глыбокім было адкрыта педвучылішча, у 1947 г. адбыўся яго першы выпуск. Размясцілася вучылішча ва ўцалелым 3-павярховым прыгожым будынку, узведзеным у 1928–1930 гг. Кожны выпуск вучылішча (праіснавала да 1954 г.) станавіўся падзеяй для народнай асветы раёна. Глыбоцкае педвучылішча скончыла беларуская паэтэса Еўдакія Лось, тут яна пачала сваё паэтычнае жыццё. Восенню 1944 г. у Глыбокім аднавілі работу i 2 сярэднія школы.

Напярэдадні 5-й гадавіны з дня вызвалення Глыбоччыны ў райцэнтры закончана будаўніцтва кансервавага завода. У гонар знамянальнай падзеі быў разгорнуты стаханаўскі рух. Многія будаўнікі паказалі ў гэтым спаборніцтве выдатныя вынікі. Завод пачаў выпуск кансерваў з ягад, садавіны i гародніны. У тым жа 1949 г. у Плісе было закончана будаўніцтва механізаванага маслазавода. Паступова развівалася сетка кааператыўнага гандлю. У 1948 г. глыбоцкія кааператары прадалі насельніцтву тавараў на суму 10 млн. рублёў, мелі базу рэалізацыі з 48 магазінаў i гандлёвых кропак, вялі нарыхтоўку грыбоў i ягад, закупку прадуктаў у насельніцтва, трымалі сваю дапаможную гаспадарку.

Складанай была эканамічная i сацыяльна-палітычная сітуацыя ў сельскай гаспадарцы. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ўлады не сталі адразу праводзіць палітыку масавай калектывізацыі – шмат сялян было супраць. Перад самай вайной створана зусім мала калгасаў. 3 1944 г. да 1949 г. зямля была аддадзена сялянам, асновай сельскай гаспадаркі сталі аднаасобнікі. А ў краіне ў гэты час праводзілася планамернае наступленне на кулакоў, сталінская рэпрэсіўная машына працягвала набіраць абароты. I калі да 1949 г. жорсткія меры ў адносінах да заможных сялян Глыбоччыны выкарыстоўваліся рэдка, то з пачаткам калектывізацыі раёна пачаліся масавыя судовыя працэсы. Толькі ў 1949–1950 гг., калі пачалася масавая калектывізацыя, у Глыбоцкім i Пліскім раёнах было засуджана больш як 30 «кулакоў». Калектывізацыя сельскай гаспадаркі раёна ў 1950 г. была ў асноўным завершана. Пасля ўзбуйнення дробных гаспадарак у раёне дзейнічалі 66 калгасаў i 1 саўгас.

У 1950-я гады Глыбоцкі раён праславіўся як цэнтр ільнаводства на паўночным захадзе Беларусі. У 1954 г. раён стаў удзельнікам ВДНГ СССР у Маскве. У Беразвеччы была створана доследная станцыя, якая вяла навуковыя даследаванні па вывядзенні высокаўраджайных сартоў канюшыны i лёну. У 1949 г. аддзел насенняводства (кіраўнік – старшы супрацоўнік К. С. Уласава) вырасціў 4 ц элітнага насення i перадаў ix ільнасеяльным гаспадаркам. Гэта i дапамагло калгасам праз некалькі гадоў заявіць аб сабе на ўсесаюзным узроўні. За высокую ўраджайнасць, багатую валакністасць лёну званне Героя Сацыялістычнай Працы атрымалі ў розны час М. В. Лытысаў (1950), М. М. Мацюшонак (1950), Л. П. Плыгаўка (1966), М. А. Клімянок (1966).

У першыя пасляваенныя гады вельмі развіты былі дробныя промыслы. Так, райпрамкамбінат аб'ядноўваў цагельныя, вапнавыя, смалакурны, мылаварны, скураны заводы, ганчарны цэх, вытворчасць алюмініевага посуду, станаў для павозак, саней. Развіваліся дробныя промыслы на сяле: кузні, рымарныя майстэрні, масларобства i сыраварэнне, вытворчасць павозак, саней, вяровак, вапны i г. д. Напрыклад, па адначасовым уліку дробнай прамысловасці ў 1950 г. калгасамі было выраблена 8607 кг жывёльнага масла, 414 кг сыру, 25 павозак, 26 цэнтнераў вяровак. У калгасе «Верны шлях» Мамайскага сельсавета было выраблена для сваіх патрэб 1600 кг вапны. За гады 5-й i 6-й (2-й i 3-й пасляваенных) пяцігодак прамысловасць раёна працягвала развівацца. Сярэднегадавыя тэмпы росту валавой прадукцыі ў 6-й пяцігодцы склалі 112,8 %. У 1960 г. у прамысловасці было занята 1749 чалавек.

У 1960 г. да Глыбоцкага раёна быў далучаны Дунілавіцкі з такімі прадпрыемствамі, як Дунілавіцкі маслазавод, ільнозавод, райпрамкамбінат, шклозавод «Гута», торфапрадпрыемства «Гаўрыловічы», харчкамбінат, рыбгас. Удзельная вага валавой прадукцыі прадпрыемстваў былога Дунілавіцкага раёна ў агульным аб'ёме прадукцыі па раёне склала 20 %. У канцы 1962 г. адбылося яшчэ адно ўзбуйненне раёна за кошт часткі тэрыторыі былога Пліскага раёна. У 1955–1957 гг. у калгасах Глыбоцкага раёна ўпершыню сталі асвойвацца шляхі ўкаранення пабрыгаднага ўнутрыгаспадарчага разліку, асноўнай i дадатковай аплаты ў залежнасці ад выканання гаспадарча-разліковых заданняў брыгадамі, фермамі, звёнамі. Першымі паказалі прыклад гаспадарчага разліку калгасы імя Калініна, «Новы шлях», «За Радзіму», «Перамога». Пачалося масавае ўкараненне гаспадарчага разліку i яго ўдасканаленне ва ўcix калгасах раёна. Павышалася матэрыяльная зацікаўленасць працаўнікоў вёскі ў выніках сваёй працы, узрастаў ix дабрабыт. Добрыя вытворчыя паказчыкі былі ў калгасаў «Перамога», «17 Верасня», «Зара», «За Радзіму», імя Калініна, імя Чапаева, «Парыжская камуна», імя Сталіна. На сяле вялося актыўнае будаўніцтва. Будавалася жыллё, жывёлагадоўчыя памяшканні, клубы, школы, магазіны. Для абслугоўвання гаспадарак былі створаны Глыбоцкая і Падсвільская міжкалгасныя будаўнічыя арганізацыі, перасоўная механізаваная калона, аб'яднанні райсельгасхіміі i райсельгастэхнікі.

За высокія паказчыкі ў розных галінах вытворчасці шмат працаўнікоў Глыбоччыны ў розны час былі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі, каля 50 чалавек сталі ардэнаносцамі.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці пасляваеннага жыцця, аднаўлялі сваю работу ўстановы культуры. У 1951 г. было закончана будаўніцтва раённага Дома культуры, у 1952 г. адкрыта музычная школа, у 1953 г. – раённая дзіцячая бібліятэка, у 1954 г. – кінатэатр «Радзіма». У 1960-я гады сетка культурна-асветных устаноў у раёне налічвала 43 клубныя ўстановы, 65 бібліятэк, іх абслугоўвалі 113 культасветработнікаў, з ix ліку 1 работнік меў вышэйшую адукацыю, 22 – сярэднюю.

Для прамысловасці раёна найбольш плённай была 9-я пяцігодка (1971–1975), калі ўступілі ў строй 2 буйныя прадпрыемствы – малочнакансервавы камбінат і камбікормавы завод.

У наступныя гады стабільна ўзрастала валавая вытворчасць прамысловай прадукцыі ў раёне, павялічвалася i прадукцыйнасць працы.

Пасля шматлікіх узбуйненняў i рэарганізацый у раёне стабілізавалася землекарыстанне калгасаў i саўгасаў. За кошт перасялення з былых хутарскіх надзелаў выраслі буйныя населеныя пункты, вытворчыя аб'екты, праведзена электрыфікацыя. Вялікія плошчы, якія раней не выкарыстоўваліся, былі ўведзены ў сельскагаспадарчы абарот. Развівалася матэрыяльна-тэхнічная база, удасканальваліся спецыялізацыя гаспадарак i ix эканамічныя ўзаемаадносіны.

Былі пабудаваны буйныя жывёлагадоўчыя комплексы па адкорме буйной рагатай жывёлы ў калгасе імя Свярдлова i саўгасе імя Ціміразева, свінагадоўчы комплекс «Маліноўшчына» ў калгасе «Герой працы», комплекс па вырошчванні цялушак для ўзнаўлення статка

ў калгасе імя Калініна, авечкагадоўчы комплекс у калгасе імя Чкалава. Створаны спецгасы па вырошчванні сартавога насення збожжавых культур у калгасах «17 Верасня», «За Радзіму», «Кастрычнік», саўгасе «Азярцы», траў – у калгасах імя Юрава і імя Чапаева, спецгас па агародніцтве ў саўгасе імя Энгельса.

3 году ў год гаспадаркі раёна забяспечваліся сельскагаспадарчай тэхнікай, усе больш узрастала вага механізацыі асноўных працаёмкіх працэсаў, значна аблягчалася праца i паляпшаліся яе ўмовы ва ўcix без выключэння гаспадарках. Спецыялістамі сельскагаспадарчых органаў вялася актыўная работа па ўкараненні інтэнсіўных тэхналогій у земляробстве i жывёлагадоўлі, пошуках больш поўнага выкарыстання рэзерваў вытворчасці, усямернага павышэння ўрадлівасці зямель i эфектыўнасці працы.

Ведучы пошукі павышэння эфектыўнасці вытворчасці, спецыялісты калгасаў і саўгасаў штогод адпрацоўваюць шляхі павышэння ўзроўню вытворчасці збожжа, мяса, прадукцыйнасці грамадскай жывёлагадоўлі, уздыму эканомікі нізкарэнтабельных гаспадарак.

 

Горад Глыбокае. Сучасны выгляд. Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.byГорад Глыбокае. Сучасны выгляд. Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.byГорад Глыбокае. Сучасны выгляд. Фатаграфія з сайта http://www.fotobel.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ардынская, Л. Рычардаў кут / Л. Ардынская // Вольнае Глыбокае. – 2016. – 7 крас. – С. 5.

2. Баравік, Н. А. Новая кніга аб гісторыі адукацыі ў нашым краі / Н. А. Баравік // Вольнае Глыбокае. – 2012. – 27 верас. – С. 5.

3. Боровик, Н. Год 1953 – в истории города [Глубокое] и района / Н. Боровик // Веснік Глыбоччыны. – 2013. – 15 мая. – С. 6.

4. Гісторыя // Глыбокае. Глыбоцкі раён / пад. рэд. М. М. Кандзерскага, М. П. Чарапкоўскага. – Мінск : Бонэм, 2004. – С. [6–9].

5. Гісторыя Глыбокага [з 1414 года] // Веснік Глыбоччыны. – 2013. – 2 лют. – С. 2.

6. Глыбокае: подых гісторыі і дзень сённяшні / падрыхт. Г. Сутула // Веснік Глыбоччыны. – 2014. – 9 жн. – С. 5.

7. История Глубокого [Электронный ресурс] // Глубокский историко-этнографический музей. – Режим доступа: http://www.glubmusej.by/ru/nasledie/istglybbochhiy/40-2011-07-27-07-34-25. – Дата доступа: 21.08.2017.

8. Морхат, О. В. Место притяжения – Глубокое / О. В. Морхат ; беседовала С. Сыритская // СБ. Беларусь сегодня. – 2017. – 25 мая. – С. 8–9.

9. Послевоенный день города // Зарницы в глубинах озер / О. А. Тариков. – Минск : Полымя, 1993. – С. 120–136.

10. У мірнай працы // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1995. – С. 385–451.

11. У сям’і братэрскай // Глыбокае: повязь часоў: фоталетапіс горада Глыбокае пачынаецца з канца XIX стагоддзя, калі з'явіліся першыя паштоўкі з відарысамі местачковых краявідаў / уклад. У. І. Бацкалевіч; аўт. тэксту А. В. Хайноўскі, А. М. Мядзелец, У. А. Мірончык. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2012. – С. 10–11.