Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Міёрскі раён. Вялікая Айчынная вайна

Вестка аб пачатку вайны была ўспрынята жыхарамі Міёршчыны насцярожана, са страхам і трывогай. Фронт імкліва набліжаўся па бальшаку Германавічы – Дзісна. Адступалі савецкія войскі, якія ў абход Дзісны ад Сіцькова скіроўваліся на Дзянісава і Грыгаравічы да Дзісны, дзе перапраўляліся праз раку ўброд. Па дарозе Лужкі – Дзісна, што на правым беразе Дзісенкі, наступалі немцы. Яны спяшаліся перарэзаць шляхі адыходу. 3-ая нямецкая танкавая група да 4 ліпеня 1941 года захапіла невялікі плацдарм на ўсходнім беразе Заходняй Дзвіны ў раёне Дзісны. Часці 22-ой арміі адступалі з цяжкімі баямі.

У ноч на 5 ліпеня немцы фарсіравалі Заходнюю Дзвіну.

Міёршчына была акупавана праз два тыдні пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз 2–3 ліпеня 1941 года. Фашысцкае камандаванне адразу ж прыступіла да ўвядзення новага парадку на тэрыторыі раёна. Паводле архіўных дадзеных, у тагачасным Міёрскім раёне былі закатаваныя і спалены жывымі 1902 чалавекі (па іншых звестках 3000 чалавек). У Дзісненскім раёне фашысты знішчылі 4584 чалавекі без уліку яўрэяў. З 1942 года працаздольных маладых людзей пачалі адпраўляць у Германію. Усяго за час вайны з Дзісеншчыны было вывезена 8000 чалавек, з іх 3815 жанчын. З Міёршчыны на прымусовыя работы ў Германію адправілі больш 2000 чалавек.

Супраціўленне захопнікам пачалося літаральна з першых дзён. Першапачатковы этап развіцця ўсенароднай барацьбы з акупантамі ў значнай ступені звязаны з аказаннем дапамогі савецкім воінам, якія трапілі ў акружэнне. Акружэнцы ў сваю чаргу садзейнічалі кансалідацыі сіл супраціўлення. Падпольныя групы ствараліся ў розных пунктах раёна. Ужо ў 1942 годзе народныя мсціўцы пачалі праводзіць значныя аперацыі. Закладвалася аснова масавага партызанскага руху. Актывізавалася дзейнасць падпольшчыкаў. На тэрыторыі раёна ў розны час дзейнічалі брыгады «Кастрычнік» імя Калініна, «4-ая Беларуская».

Прыкладаў узаемадзеяння партызан і патрыётаў дастаткова. Напрыклад, вясной 1943 года Ірына Гарбаценка паведаміла ў брыгаду «Кастрычнік» аб тым, што з Міёраў у Дзісну накіроўваецца абоз паліцыі. Народныя мсціўцы зрабілі засаду ў вёсцы Крукі, захапілі трафеі.

Цікавай з’явай у партызанскім руху можна назваць падпольны партызанскі атрад «Масква», створаны падпольшчыкамі вёскі Чэрасы пад кіраўніцтвам А. М. Манцэвіч і пры падтрымцы камандавання 4-ай Беларускай брыгады. Асаблівасць гэтага падраздзялення заключалася ў тым, што звычайныя сялянскія хлопцы займаліся сваімі звычайнымі справамі. Калі камандаванне трубіла збор, гэтыя хлопцы станавіліся байцамі-партызанамі. Яны ўдзельнічалі ў баявых аперацыях, разбуралі масты.

Атрады 4-ай Беларускай брыгады трымалі пад ударам чыгуначную магістраль Полацк – Дзісна. Яны блакіравалі нямецкі гарнізон у Дзісне, а 11 лютага 1944 года раптоўна напалі на гарнізон, спалілі там млын, электрастанцыю, склады. У маёнтку Даражкевічы былі захоплены дзесяткі галоў жывёлы. 14 лютага знішчаны гарнізон у Узменах, яшчэ перад гэтым быў разгромлены гарнізон у Лявонпалі.

Вялікі рэзананс мела аперацыя ў Міёрах. Яе ажыццявіла 30 чэрвеня 1943 года брыгада імя Ракасоўскага. Камандаваў гэтым злучэннем А. В. Раманаў. Камісарам з’яўляўся П. М. Машэраў, начальнікам штаба – В. Н. Дармянеў.
Брыгада імя Жукава разграміла гарнізон з маентку Курыловіча, дзе захапіла зброю, боепрыпасы, коней і кароў.

Гітлераўцы паспрабавалі блакіраваць у канцы мая – сярэдзіне чэрвеня 1944 года шэраг партызанскіх злучэнняў у раёне балота Багна – Мох. Аднак асноўныя сілы партызан прабіліся з акружэння, хоць кожная аперацыя выклікала шматлікія ахвяры не толькі сярод народных мсціўцаў, але і мірнага насельніцтва, прыносіла беды і пакуты.

Вызваленне на Міёршчыну прынеслі войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе першага этапу аперацыі «Баграціён».

30 чэрвеня 1944 года танкісты 159-ай танкавай брыгады і матастралковы батальён 44-ай матастралковай брыгады пад камандаваннем маёра Лосева пачалі бой за Дзісну. Чацвёра сутак працягваўся бой, але ўсе спробы гітлераўцаў выбіць танкістаў і матастралкоў поспеху не мелі. Без сну і гарачай ежы, у акружэнні змагаліся воіны да падыходу 154-ай стралковай дывізіі, якая 3 ліпеня пры падтрымцы артылерыі з ходу ўступіла ў бой. Да раніцы наступнага дня Дзісна была поўнасцю ачышчана ад акупантаў.

У напрамку Міёраў наступала 9-ая гвардзейская Чырванасцяжная дывізія пад камандваннем палкоўніка Я. Я. Вербава. Непасрэдна на Міёры часці 9-ай гвардзейскай стралковай дывізіі пачалі наступленне 3 ліпеня ў 16 гадзін. Пры гэтым 18-ы гвардзейскі стралковы полк праз Атокі, Краснае, Наўгароды, Дворнае Сяло выйшаў у раён вескі Свярдлы. У ноч на 4 ліпеня ён замяніў падраздзяленні 517-га стралковага палка 166-ай стралковай дывізіі на рубяжы Слаўшчына – Масеўцы – Міснікі. Раніцай 4 ліпеня 18-ы полк нанёс удар адным батальёнам у міжазерным дэфіле з поўдня на Міёры, другім ад Кацілава ўздоўж чыгункі на Наталіна і трэцім у абход з захаду праз Любінова, Камянполле, Марцінаўцы, Гізуны. Не затрымліваючыся ў Міёрах, да канца дня полк выйшаў на рубеж Захарні – Гір’яты.

 

ЛІТАРАТУРА

1. 1941–1945 // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуска навука, 1998. – С. 241–494.

2. Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны : в 3 т. / редкол.: А.Т. Кузьмин [и др.]. – Минск : Беларусь, 1985. – Т. 3. – 531 с. : ил.

3. Лазебнікаў, В. С. «Фрыц» / В. С. Лазебнікаў, У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг. : энцыклапедыя / рэдкал.: І. Я. Андрэеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1990. – С. 608–609.

4. Лапечанкаў, А. Пачатак акупацыі / А. Лапечанкаў // Міёрскія навіны. – 2016. – 2 ліп. – С. 7.

5. Люди нарочанского края: воспоминания участников революционной борьбы и Великой Отечественной войны / редкол.: И. Ф. Климов [и др.]. – Минск : Беларусь, 1975. – 592 с.

6. Ляўковіч, У. Пілотка / У. Ляўковіч // Міёрскія навіны. – 2013. – 2 ліп. – С. 3.

7. Матэленак, Л. Вызваліцелі / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2013. – 2 ліп. – С. 2.

8. Шымуковіч, Ф. Жыццё з тымі, хто за праўду / Ф. Шымуковіч // Вольнае Глыбокае. – 2016. – 5 траўня. – С. 11.