Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Міёрскі раён. Дарэвалюцыйны перыяд

Гісторыя міёрскага краю звязана з імем полацкага князя Усяслава Брачыславіча (1044–1101 гг.), вядомага яшчэ як Усяслаў Полацкі, Усяслаў Чарадзей. Гэта пры ім Полацкае княства дасягнула найбольшай магутнасці і практычна стала самастойнай, незалежнай дзяржавай.

Яшчэ адзін полацкі князь (пач. ХІІ ст.) пакінуў адметны след на Міёршчыне. Гэта Барыс Усяславіч, які падараваў аднаму з першых полацкіх епіскапаў дзісенскія землі.

Увогуле полацкі перыяд для Міёршчыны не быў спакойным.

Раздробленая на невялікія княствы Полацкая зямля з сярэдзіны ХІІІ ст. усё больш уцягваецца ў сферу палітычнага ўплыву Літвы і добраахвотна ўваходзіць у склад Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Аднак гэта не абараніла яе землі ад крыжацкай навалы. У 1324 (двойчы), 1325, 1333, 1343, 1373, 1377, 1413 гадах крыжакі рабілі свае рэйды на Полаччыну, Дзісеншчыну і Дзісну.

Першае пісьмовае ўпамінанне пра Дзісну адносіцца да 1461 г. У 1500 г. Дзісна стала цэнтрам павета ў складзе Полацкага ваяводства ВКЛ. Першая дакументальная звестка аб Навалацы, сядзібе князёў Нагішкаў, адносіцца да 1468 г. З ХІІ ст. па пісьмовых крыніцах становяцца вядомымі вёскі Чэрасы, Язна, Курылавічы, Юндзялова, Іст, Дзедзіна і іншыя. Сярод дакументаў фонду Радзівілаў знаходзіцца копія пацвярджэння Жыгімонта Старога ад 13 студзеня 1517 г., выдадзенага ў Вільні, абмену зямельных маёнткаў паміж Гетаўтам Каленіковічам і падляскім ваяводам Іванам Сямёнавічам Сапегам. У выніку яе Сапега атрымаў двары Орца і Міёры, якія былі выслужаны Гетаўтам у каралевы Алены. Гэта першае пісьмовае ўпамінанне Міёраў як населенага пункта.

На граніцах ВКЛ рэдка было спакойна. Сапраўднай трагедыяй стала Лівонская вайна (1558–1583 гг.). Рускія войскі занялі Дзісенскую, Празароцкую, Глыбоцкую і іншыя вобласці. У 1559 г. у час Лівонскай вайны ротмістр яго каралеўскай вялікасці, стараста дзісенскі Баркулаб Іванавіч Корсак пабудаваў замак на востраве (Верхні замак, Капец), і Дзісна была перанесена на левы бераг ракі (Ніжні замак).

У 1569 г. Дзісна атрымала магдэбургскае права і новы герб – лодку, сімвал гандлёвых сувязяў.

Кароль Сігізмунд Аўгуст дараваў за асаблівыя заслугі 25 лютага 1571 г. магдэбургскае права в. Пераброддзе, якая горадам так і не стала.

Вялікую цікавасць да Дзісны праяўляў польскі кароль Стэфан Баторый. У час полацкага паходу ў 1579 г. ён прыпыніўся тут лагерам, а яшчэ раз наведаў у ліпені 1581 г.

25 мая 1644 г. Севасціян Святаполк-Мірскі заснаваў у Міёрах праваслаўны манастыр і царкву, падараваўшы ім значныя зямельныя ўгоддзі. Аднак 20 снежня 1690 г. яны былі абрабаваны, а царква ператворана ў касцёл.

У 1640 г. Крыштоф і Алена Рылы прадалі Міёры вядомаму ў свой час паборніку праваслаўя Севасціяну Святаполк-Мірскаму, суддзі земскаму браслаўскаму. Ён заснаваў у сваім маёнтку праваслаўны манастыр, ахвяраваўшы для яго маёнтак Ляшчылавічы з пажаданнем стварыць школу для дзяцей. Фундушны запіс Севасціяна Мірскага ад 25 мая 1644 г. быў парушаны ўжо яго сынам. У абарону малавядомага манастыра ў Міёрах выступае Пётр І, які чуў пра Міёры ад Сімяона Полацкага. Сімяон Полацкі завяшчаў значныя сумы праваслаўным манастырам Міёраў і Дзісны.

У час руска-польскай вайны 1654–1667 гг. дзісенцы добраахвотна здалі свой горад рускім войскам Мацвея Шарамецева і Сямёна Страшнева.

За трынаццаць гадоў 2-ой паловы ХVІІ ст. міёрскі край неаднаразова станавіўся арэнай проціборства рускіх і польска-літоўскіх войск. І заўсёды ад ваенных дзеянняў цярпелі ў першую чаргу безабаронныя вёскі. Так, у 1656 г. цар Аляксей Міхайлавіч (Цішэйшы) міма Дзісны ішоў «пад Рыгу» з войскамі і вяртаўся з няўдалага паходу. Маскоўскае войска рабавала мясцовае насельніцтва і паліла вёскі не горш за шведаў. Вось таму «веры той», што далі цару дзісенцы, ім хапіла на 5 гадоў. У 1661 г. у Дзісне адбылося антырасійскае паўстанне, і рускі гарнізон быў выразаны.

Неаднаразова праходзілі па міёрскіх землях рускія, польскія, шведскія войскі, казацкія атрады падчас Паўночнай вайны (1700–1721 гг.).

Ваенныя дзеянні пакінулі ў Дзісне вялікія разбурэнні, папялішчы, незасеяныя палі, развал эканомікі і гандлю, масавыя эпідэміі. Толькі ў 2-ой палове ХУІІІ ст. пачынаецца эканамічнае ажыўленне на Дзісеншчыне.

Пісару ВКЛ Мікалаю Тадэвушу Лапацінскаму ў 1750 г. мясцовыя майстры пабудавалі ў вёсцы Лявонпаль прыгожы белы палац. У 1772 г. тут узведзена драўляная ўніяцкая царква са званіцай на ёй. Лапацінскія наладзілі вытворчасць каберцаў, сурвэтаў, абрусаў з так званага друйскага лёну, які высока цаніўся на рынку. Працавалі капялюшная і суконная вытворчасць.

У 1793 г. у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай Дзісеншчына ў складзе іншых беларускіх зямель была далучана да Расійскай імперыі. У 1795 г. Дзісна становіцца павятовым цэнтрам Мінскай губерні, а з 1842 г. – Віленскай, у 1796 г. атрымлівае ад Кацярыны ІІ новы герб: на зялёным полі залаты сноп ільну. Мяняецца адміністрацыйнае дзяленне, у выніку якога Дзісенскі павет значна ўзбуйняецца, у тым ліку і за кошт Міёрскай вобласці.

Шмат бедаў давялося перанесці мясцоваму насельніцтву ў Айчынную вайну 1812 г. 10–16 ліпеня 1812 г. стотысячная 1-ая руская армія пад камандаваннем ваеннага міністра генерала ад інфантэрыі Міхаіла Багдановіча Барклая дэ Толі знаходзілася з царом Аляксандрам І у Дрысенскім умацаваным лагеры і далей адступала на Полацк. Дрысенскі ўмацаваны лагер знаходзіўся на левым беразе Заходняй Дзвіны паміж вёскамі Брэдзева, Барсукі, Слабада, Шчэберы, Дварчаны, гэта значыць на тэрыторыі сучаснага Міёрскага раёна. На працягу некалькіх месяцаў Міёршчына з’яўлялася арэнай сутычак асобных атрадаў рускіх войскаў з корпуса Вітгенштэйна і французскіх – маршала Ундзіна. Жыхары краю не менш пацярпелі і ад дзейнасці Камісіі часовага кіравання ВКЛ, створанай Напалеонам.

Аднаўленне гаспадаркі пасля вайны ішло цяжка і марудна.

Але ў гэты час Дзісна была вядома як буйны гандлёвы цэнтр на Заходняй Дзвіне. Пакуль асноўным гандлёвым шляхам заставалася Дзвіна. Дзісна, хоць кожнае дзесяцігоддзе гарэла ў агні пажараў, затаплялася паводкай, але адраджалася, расшыралася, станавілася больш мнагалюднай. У 1811 г. у ёй было 1405 жыхароў, а ў 1825 г. – 2801 жыхар. У першай палове ХІХ ст. знешнегандлёвыя сувязі Дзісны і павета ўсё больш перамяшчаюцца з Захаду на Усход. Развіццё гаспадаркі, характэрнае для першых дзесяцігоддзяў ХІХ ст., з 40-х гадоў змянілася застоем.

29 лістапада 1830 г. у Варшаве ўспыхнула паўстанне супраць рускага царызму. У сакавіку 1831 г. яно распаўсюдзілася на Літву і заходнюю частку Беларусі: Ашмянскі, Браслаўскі, Вілейскі і Дзісенскі паветы. У ім прынялі ўдзел каля 10000 чалавек. 23–24 красавіка 1831 г. паўстанцы ў колькасці да 3000 чалавек выйшлі з Лужкоў для ўзяцця Дзісны. Горад быў разрабаваны. 4 мая 1831 г. паўстанцы пакінулі Дзісенскі павет. У канцы жніўня 1831 г. паўстанне было задушана ва ўсіх паветах Беларусі і Літвы, а затым і Польшчы. Пасля паўстання адмяняецца дзеянне асноўнага заканадаўчага акта – Статута ВКЛ, уводзіцца расійскае заканадаўства.

Спад вытворчасці пачаўся з неўрадлівага 1844 г. Міёры ў гэты час з’яўляліся цэнтрам чатырох аднайменных уладанняў. У адно з іх уваходзілі вёска Пячонкі, хутары Даўгаполь і Баркі, маёнтак – усяго 7 гаспадарак і 96 душ абодвух полаў. Другое ўладанне ўключала вёскі Мацюкі, Русачкі, Жукі і засценак Акулаўшчына – усяго 9 цяглавых двароў. Трэцяе ўладанне – гэта вёскі Плейкі, Міснікі, Пад’ельцы, Паршалі, Рыжаўшчына (усяго 30 двароў). Нарэшце, чацвёртае ўладанне Міёраў складалася з маёнткаў Залессе (22 двары) і Мікалаёва (10 двароў).

У 1863–1864 гг. было паўстанне ў Польшчы, на Беларусі і ў Літве, у якім удзельнічалі жыхары Дзісеншчыны.

У 1870 г. у Дзісне была ўзведзена цагляная Уваскрэсенская царква. У 1897 г. па ўсерасійскім перапісе насельніцтва – у Дзісне 6755 жыхароў, у Міёрах – 145 жыхароў. Першыя рабочыя гурткі сацыял-дэмакратычнага напрамку ўзніклі ў Дзісне ў 1900-1901гг.
У Дзісне адбыліся першыя рэвалюцыйныя выступленні. 1 мая 1905 г. тут пад антыўрадавымі лозунгамі прайшла дэманстрацыя.

На валасным сходзе ў Міёрах сяляне адмовіліся плаціць падаткі на ўтрыманне валаснога суда і абвінавачвалі валасное праўленне ў прысваенні сабраных імі сродкаў.

У канцы 1905 – пачатку 1906 гг. Дзісенскі павет займаў адно з першых месц у Беларусі па колькасці рэвалюцыйных выступленняў.

Як і пасля рэвалюцыйных падзей 60-х гадоў ХІХ ст., пачынаецца актыўнае будаўніцтва культурных устаноў. Яны ўзводзяцца ў Міёрах, Пераброддзі і іншых населеных пунктах.

У 1912 г. у Дзісне з’яўляецца партыйная арганізацыя. Што датычыцца Дзісны, то яна заставалася значным гандлёвым цэнтрам са штотыднёвым рынкам. Да 1904 г. у ёй ужо 841 будынак і 9113 жыхароў, ёсць бальніца, аптэка, працуюць 3 урачы, 2 акушэркі, 7 фельчараў. У чатырох пачатковых школах займаецца 700 дзяцей. Дзейнічае бібліятэка.

Значна пагаршаецца становішча народа пасля пачатку вайны. Дзісна неўзабаве становіцца прыфрантавым горадам, у ёй стаяць часці 3-яй арміі, пасля акупацыі немцамі Вільні сюды эвакуіруюцца губернскія ўстановы.

Вестка аб лютаўскай рэвалюцыі на Дзісеншчыне была сустрэта з уздымам.

У горадзе пачаліся мітынгі, дэманстрацыі.

У першыя ж дні пасля рэвалюцыі пачалі стварацца Саветы рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў. У павеце ішла замена лясной варты выбранымі людзьмі, не выконваліся рашэнні мясцовых органаў Часовага ўрада. Аднак вялікіх перамен у сацыяльным жыцці не адбылося. З 4 па 6 чэрвеня 1917 г. у г. Дзісне праходзіў першы сялянскі з’езд Віленскай губерні, скліканы па ініцыятыве бальшавікоў. На з’ездзе прысутнічала каля 400 дэлегатаў.

Да сярэдзіны лета 1917 г. большасць сялян павета пачынае падтрымліваць погляды бальшавікоў па пытаннях аб вайне, міры і зямлі. Уплыў эсэраў памяншаецца, калі Дзісеншчына з 2 ліпеня ўключаецца ў франтавую зону, дзе ўводзіцца пакаранне смерцю.

Эсэры, жадаючы ўмацаваць свой уплыў у вёсцы, 27 жніўня зноў склікалі ў Дзісне тэрміновы з’езд сялян Віленскай і Ковенскай губерняў. Аднак асноўнае пытанне аб зямлі нават не ўключылі ў парадак абмеркавання.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ад часоў першабытных – 1917 // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуска навука, 1998. – С. 27–146.

2. Дерябин, Н. 1812 год. Император Александр I в Перебродье / Н. Дерябин // Міёрскія навіны. – 2012. – 22 снеж. – С. 3.

3. Дзісна, ці «Капец-Гарадок» // Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я: ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 65–71.

4. Ермалёнак, В. 1812 год / В. Ермалёнак // Сцяг працы (Міёры). – 1992. – 18 лют. – С. 3.

5. Ермалёнак, В. 1812 год на Міёршчыне / В. Ермалёнак // Міёрскія навіны. – 2012. – 14 жн. – С. 4–5.

6. Ермалёнак, В. Міёры – старажытныя / В. Ермалёнак // Міёрскія навіны. – 2009. – 7 лістап. – С. 3.

7. Ермалёнак, В. Першыя жыхары нашага краю / В. Ермалёнак // Сцяг працы (Міёры). – 1992. – 5 верас. – С. 3–4.

8. Ермалёнак, В. Слова з мінулага / В. Ермалёнак // Мiёрскiя навiны. – 2004. – 7 верас. – С. 3.

9. Ермалёнак, В. Старонкі з ваеннай гісторыі / В. Ермалёнак // Сцяг працы (Міёры). – 1992. – 29 верас. – С. 3.

10. Казлоўскі, П. Панскі двор і вёска два стагоддзі назад / П. Казлоўскі // Сцяг працы (Міёры). – 1995. – 18 ліп. – С. 3.

11. Каралёў, В. У час Лівонскай вайны / В. Каралёў // Міёрскія навіны. – 2003. – 12 жн. – С. 3–4.

12. Матэлёнак, Л. Наш край 1909 год / Л. Матэлёнак // Сцяг працы (Міёры). – 1998. – 14 ліп. – С. 3.

13. Матэлёнак, Л. Юбілей будзе! А лагер? / Л. Матэлёнак / Міёрскія навіны. – 2008. – 15 ліп. – С. 4.

14. Міёрска-дзісненскі край на старонках «Нашай Нівы» 1906–1909 гадоў // Сцяг працы (Міёры). – 2000. – 19 верас. – С. 3.

15. Некалькі слоў пра Міёры // Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я: ад старажытнасці да пачатку XX стагоддзя / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 112–114.

16. Саладзілава, А. В. Паўстанне 1863–1864 гадоў на тэрыторыі Дзісенскага павета / А. В. Саладзілава // Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета / Министерство образования Республики Беларусь, Полоцкий государственный университет ; редкол.: Д. Н. Лазовский [и др.]. – Новополоцк, 2005. – Вып. 10 : Гуманитарные науки. – С. 19–21.

17. Шымуковіч, Ф. 170 гадоў таму / Ф. Шымуковіч // Міёрскія навіны. – 2002. – 3 верас. – С. 2.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Миорский районный исполнительный комитет. История