Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. г. Полацк. Вялікая Айчынная вайна

 

Ранкам 27 чэрвеня 1941 г. стала вядома, што на подступах да Полацка заўважаны рух калоны немцаў. У гэты дзень камандзір артпалка маёр Колакалаў даў першую каманду: «Агонь!» У гэты ж дзень з Урала ў Полацкі ўмацаваны раён прыбыла 174-я стралковая дывізія пад камандаваннем Аляксея Зыгіна. З 29 чэрвеня горад бесперапынна падвяргаўся масавым атакам ворага. На пачатку ліпеня палачане адчулі бамбёжкі, артылерыйскія і мінамётныя абстрэлы, за якімі пачаліся ярасныя атакі нямецкай пяхоты. 174-я стралковая дывізія і 390-ы гаўбічны полк прынялі на сябе першыя баі, якія з кожным днём станавіліся ўсё больш напружанымі. Хутка стала бачна, што вораг абыходзіць пазіцыі абаронцаў Полацка па ўсёй лініі ад Улы да Дзісны.

Праціўнік кідаў у бой новыя падраздзяленні, называў Полацк крэпасцю і адзначыў, што «ў Полацку знаходзіцца здольны кіраўнік». Ужо ішлі вулічныя баі ў Смаленску, а абаронцы Полацка з вялікімі стратамі прадаўжалі змагацца. Нягледзячы на мужнасць воінаў, вораг стварыў пагрозу акружэння, 7–9 ліпеня гітлераўцы пачалі ахопліваць Полацк у кальцо, і абаронцы былі вымушаны адступаць. Старажытны Полацк, ужо досыць знявечаны, у ноч з 15 на 16 ліпеня 1941 г. быў захоплены акупантамі.

Полацк увайшоў у зону армейскага тылу групы армій «Цэнтр» і заставаўся ў ёй да канца акупацыі. З першых дзён вайны гітлераўцы прыступілі да ажыццяўлення жудаснага плана «Ост» – масавага зняволення і знішчэння ваеннапалонных і мірных жыхароў. У горадзе быў устаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым, пад пагрозай смерці забаранялася хадзіць па Полацку з 17 вечара да 5 гадзін. У цэнтры горада была ўстаноўлена шыбеніца, на якой дзеля запалохвання вешалі савецкіх патрыётаў.

Для масавага знішчэння мірных жыхароў і ваеннапалонных было створана два канцлагеры і гета, дзе ўтрымлівалася яўрэйскае насельніцтва. Зімой 1941–1942 гг. у былым Спаскім ваенным гарадку быў створаны канцлагер для ваеннапалонных. Палонныя ў любое надвор'е знаходзіліся пад адкрытым небам, ім не давалі ежу, збівалі палкамі і прыкладамі, прымушалі працаваць па 15–18 гадзін у суткі. Масава гінулі палонныя ад голаду. На супрацьлеглым баку горада, у Задзвінні, на тэрыторыі былой вайсковай часці знаходзіўся лагер для мірных жыхароў. І там масава гінулі людзі ад холаду, голаду, непасільнай працы. Калі і давалі вязням ежу, то гэта было па дзве шклянкі мучной баланды і па 100 г хлеба, які ўяўляў сумесь драўляных апілак і жмыху. У канцлагерах штодня гінулі сотні чалавек. Часцей за ўсё іх адвозілі ў лес на ўскрайку горада, закопвалі ў ямы, аблівалі газай і спальвалі.

Спецыяльны лагер для знішчэння яўрэяў быў у раёне цагельнага завода. У гета загінулі каля 7 тыс. чалавек. Усяго ж у горадзе і канцлагерах за тры гады гітлераўскай няволі знішчана 150 тыс. грамадзян. У полымі вайны загінуў кожны трэці жыхар Полацка, ваеннапалонныя і вязні, прывезеныя з іншых мясцін.

Нягледзячы на жорсткі акупацыйны рэжым, у Полацку дзейнічалі 3 падпольныя патрыятычныя групы, 8 – у раёне. Пасля вайны прайшло шмат гадоў. Хоць гэтая тэма недастаткова вывучана, але дзейнасць кожнага патрыёта была маленькай кропелькай у той вялікай усенароднай барацьбе з ворагам дзеля набліжэння вызвалення нашай зямлі.

Вызвалялі Полацк у 1944 г. войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту пад камандаваннем Івана Баграмяна ў ходзе беларускай наступальна-вызваленчай аперацыі «Баграціён». 23 чэрвеня 1944 г. савецкія войскі пачалі наступленне па вызваленні шматпакутнай беларускай зямлі. 1 ліпеня войскі пры падтрымцы артылерыі і авіяцыі пайшлі ў наступленне на Полацк. 2 ліпеня першым у горад з поўдня ўварваўся танкавы экіпаж лейтэнанта Васіля Халева.Танкісты падаўлялі варожыя агнявыя кропкі, але хутка закончыліся боезапасы, танк быў падпалены. Экіпаж згарэў у машыне, але не скарыўся ворагу.

Праціўнік моцным агнём да апошняга моманту прыкрываў чыгуначны і драўляны масты праз Дзвіну. Асабліва важным быў драўляны мост у цэнтры горада для стварэння плацдарма на правым беразе Дзвіны. Рота аўтаматчыкаў 158-га гв. стралковага палка на чале з гв. лейтэнантам Аляксандрам Грыгор'евым цаною свайго жыцця забяспечыла войскам пераправу праз мост на працягу дзвюх гадзін. На беразе ракі, дзе быў мост, наваполацкі скульптар Леў Аганаў стварыў комплекс, дзе ўвасоблены фігуры воінаў у момант здзяйснення подзвігу.

Усю ноч з 3 на 4 ліпеня ў горадзе ішлі кровапралітныя баі, савецкія воіны штурмам бралі дом за домам, вуліцу за вуліцай. І да 6 гадзін раніцы 4 ліпеня 1944 г. Полацк быў поўнасцю вызвалены. Старажытны горад ляжаў у руінах і папялішчах, ён аказаўся разбураным на 96 працэнтаў.

Загінуўшых воінаў хавалі ў брацкіх магілах на гарадскіх могілках, а 16 камандзіраў, што найбольш вызначыліся, пахавалі на плошчы Свабоды. На гэтай брацкай магіле ў 1981 годзе ўзведзены комплекс па праекце архітэктара В. Аладава і скульптара Г. Мурамцава.

 

 

Баі на вуліцах Полацка. 1944 г. Фатаграфія з сайта https://news.tut.byВоіны 90-й гвардзейскай стралковай дывізіі ў Полацку. 1944 г. Фатаграфія з сайта https://news.tut.byБайцы 1-га Прыбалтыйскага фронту размаўляюць з жыхарамі вызваленага Полацка ля Свята-Мікалаеўскага сабора. Фатаграфія з сайта http://waralbum.ru


ЛІТАРАТУРА

1. Ішла вайна народная // Памяць : Полацк : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. С. С. Чарняўская ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – С.393–495.

2. Копыл, С. Первый день Великой Отечественной войны в Полоцке / С. Копыл // Полацкі веснік. – 2011. – 21 чэрв. – С. 2.

3. Каліноўскі, І. І. Полацк і яго ваколіцы / І. І. Каліноўскі ; фота Э. Цецярэўскага ; пер. на англ. мову С. І. Русанавай, Н. С. Царык. – Мінск : Вышэйшая школа, 2005. – С. 76–80.

4. Свірын, І. «Крэпасць Полацк» стала непарушна / І. Свірын // Культура. – 2010. – 8–14 мая. – С. 4.