Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Полацкі раён. Пасляваенны перыяд

 

Руіны і пусташы, разбураная эканоміка – вось што пакінулі крывавыя гады вайны на тэрыторыі Полацкага раёна. Але ўпартыя намаганні людзей, іх жаданне як мага хутчэй залячыць жудасныя раны акупацыі давалі плённыя вынікі. Ужо ў пачатку чацвёртай пяцігодкі калгасы раёна пашырылі пасяўныя плошчы і засеялі 4250 га азімага збожжа, 10 074 га яравога, што складала 73 % ад даваеннага плана сяўбы. У МТС было ўжо 46 трактароў, 6 камбайнаў, іншы сельгасінвентар.

На 25 ліпеня 1946 г. у Полацкім раёне было адноўлена 1289 жылых дамоў і 198 гаспадарчых пабудоў, узведзена 480 і падрыхтавана 775 зрубаў. 3 зямлянак у жылыя дамы перасяліліся 1562 сям'і, але 775 яшчэ працягвалі жыць у зямлянках.

У Ветрынскім раёне было пабудавана 294 дамы, з зямлянак перасяліліся 896 сем'яў. Для гэтых мэт выкарыстоўваўся дзяржаўны доўгатэрміновы крэдыт у суме 3 250 000 р.

У 1950 г. пачалося ўзбуйненне дробных калгасаў. Лічылася, што гэта дасць магчымасць больш поўна забяспечыць іх ворнымі землямі, пашамі, скараціць кіраўніцкі апарат. Аднак сяляне не былі псіхалагічна падрыхтаваны да ссялення з дробных вёсак у буйныя калгасныя пасёлкі. Ушчамляліся ў той час і сацыяльныя правы сялян, якім не выдавалі пашпартоў і таму, па сутнасці, прымусова прымацоўвалі да зямлі. Нягледзячы на гэтыя супярэчнасці, працоўныя Полацкага і Ветрынскага раёнаў стварылі ўмовы для далейшага нарошчвання эканамічнага патэнцыялу.

Паступова павялічвалася колькасць жыхароў раёна. Калі ў маі 1946 г. у ім пражывала 28 157, то ў 1950 г. ужо 31 409 чалавек, або 59,1 % даваеннага ўзроўню.

8 студзеня 1954 г. была скасавана Полацкая вобласць, якая праіснавала амаль 10 гадоў. Полацкі раён увайшоў у склад Віцебскай вобласці.

16 ліпеня 1954 г. ліквідаваны Алёсаўскі, Баярскі, Булаўскі, Верхачэнскі, Громаўскі, Замшанскі, Кушлікоўскі, Сосніцкі, Шацілаўскі, Юравіцкі сельсаветы. Салоніцкі сельсавет перайменаваны ў Тросніцкі. Створаны Адамоўскі, Гаранскі, Захарніцкі, Палоцкі сельсаветы.

22 студзеня 1960 г. быў скасаваны Ветрынскі раён, у Полацкі перайшла частка яго тэрыторыі: Астроўшчынскі, Гомельскі, Завозерскі, Заскарскі, Ліцвінаўскі, Нацкі, Тураўлянскі, Шпакоўшчынскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Ветрына.

20 мая 1960 г. адбылося перайменаванне сельсаветаў Ліцвінаўскага ў Фарынаўскі, Тросніцкага ў Громаўскі. Скасаваны Дамнікоўскі, Заскарскі, Захарніцкі, Тураўлянскі сельсаветы.

У 1962 г. ад Ушацкага раёна да Полацкага адышлі тэрыторыі Бабыніцкага і Вароніцкага сельсаветаў.

Далейшы крок у развіцці народнай гаспадаркі раёна быў зроблены ў шостай пяцігодцы. Ураджайнасць збожжавых за гэты час узрасла на 34 %, бульбы – на 24, ільну – на 154 %. Валавы збор бульбы ўзрос больш чым у 1,5 раза, ільну – больш чым у 4 разы. Калі за 1953 г. калгасы раёна атрымалі 1304 т малака, то ў 1958 – у тры разы больш, вытворчасць мяса адпаведна складала 450 і больш за 600 т. Вялася работа ў напрамку павелічэння вытворчасці і нарыхтоўкі кармоў, будаўніцтва памяшканняў для жывёлы і росту яе колькасці, развіцця птушкагадоўлі. 3 ростам вытворчасці сельскагаспадарчых прадуктаў значна павялічыліся грашовыя даходы калгасаў. Калі ў 1953 г. яны склалі 3,2 млн. р., то ў 1957 г. – 18,3 млн. р. Адбылося зніжэнне сельгаспадаткаў з сялян. Акрамя таго, былі спісаны нядоімкі з калгаснікаў па сельгаспадатку за папярэднія гады, павялічаны памеры іх прысядзібных участкаў. 3 калгасаў была спісана запазычанасць, умацавана іх матэрыяльна-тэхнічная база.

У 1956 г. калгасы імя Молатава, «Рабочы шлях», імя Куйбышава, імя Малянкова былі ўдзельнікамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. У ёй прыняў удзел таксама гурток юных натуралістаў Кушлікоўскай школы.

13 ліпеня 1956 г. адбыўся I з'езд калгаснікаў Полацкага раёна. На ім прысутнічала 700 дэлегатаў. Званне «Лепшая даярка» было прысвоена Е. В. Громавай, Т. Д. Дулянковай, Н. К. Скуматавай, «Лепшая свінарка» – К. М. Пляшковай, В. П. Камісаравай, 3. К. Салаўёвай, М. А. Баевай, «Лепшы пастух» – Ц. Д. Круглікаву, В. В. Багдановічу, «Лепшая цялятніца» – К. П. Шыпкінай, I. Р. Бердашкевіч, «Лепшы аўчар» – Д. Ф. Кокіну, «Лепшы агароднік» – I. Ф. Чаркову, В. М. Журыкаву, I. Л. Юрчанка, М. I. Казарынавай, «Лепшы трактарыст» – У. М. Грышановічу, М. Угоднікавай, I. П. Пузікаву. Было ўручана больш за 400 каштоўных падарункаў.

У 1962 г. у раёне налічвалася 45 калгасаў і 12 саўгасаў. На 1 студзеня 1964 г. тут пражывала 72 923 чалавекі. У гэтым годзе пабудаваны камбінат бытавога абслугоўвання, створана разгалінаваная сетка майстэрань і прыёмных пунктаў непасрэдна ў вёсках. Ажыццяўлялася жыллёвае будаўніцтва.

Калгасы і саўгасы сталі шматгаліновымі. Вырасла энергаўзброенасць працы, павялічылася механізацыя працаёмкіх працэсаў у жывёлагадоўлі і паляводстве. У калгасах і саўгасах працавала 58 аграномаў, 52 заатэхнікі, 61 інжынер-механік, 43 эканамісты, 1052 трактарысты і 431 шафёр.

У 1966 г. 146 работнікаў сельскай гаспадаркі і прамысловасці раёна па выніках выканання заданняў сямігадовага плана былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а звеннявая-льнаводка калгаса імя Сільніцкага Г. М. Крупская ўдастоена звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Рост даходаў у калгасах і саўгасах, іх эканамічнае ўмацаванне дазволілі выдзеліць значныя сродкі на вытворчае будаўніцтва. За кошт уласных фондаў гаспадарак і сродкаў, выдзеленых дзяржавай, за гады восьмай пяцігодкі пабудавана 15 кароўнікаў, 15 цялятнікаў, 15 свінарнікаў, 3 птушнікі, 33 механізаваныя такі, 9 рамонтных майстэрань. Быў зроблены сур'ёзны крок у павышэнні ўраджайнасці збожжавых. У 1966 г. яна складала 8,7 ц з гектара, у 1970 г. – 17 ц; бульбы адпаведна 94 і 133; ільновалакна – 3,6 і 4,4 ц.

Вялікая работа праводзілася па добраўпарадкаванні вёсак. Былі пабудаваны дарогі ў калгасе імя Дзяржынскага, дарога Новыя Гараны – Домнікі і інш. Ажыццяўлялася вялікае жыллёвае будаўніцтва.

3 сярэдзіны 60-х гадоў пачалося вырашэнне праблемы ўсеагульнай сярэдняй адукацыі. У 1967 г. у раёне працавала 11 сярэдніх школ, 32 васьмігадовыя, 85 пачатковых, 1 школа-інтэрнат. У дзённых школах навучалася 8027, у школах сельскай моладзі – 282, завочна – 416 чалавек, працавала 663 настаўнікі. Дзяржава выдаткавала на асвету 1 896 000 р.

У раёне налічвалася 67 дзяржаўных культурна-асветных устаноў, з іх 37 сельскіх клубаў, 23 сельскія бібліятэкі, 2 дамы культуры. Акрамя таго, дзейнічалі 2 прафсаюзныя, 3 калгасныя, 30 брыгадных клубаў. Кніжны фонд бібліятэк складаў 353 243 экз. Працавала 60 кінаўстановак. У хатах сялян налічвалася 10 690 радыёкропак, 1208 тэлевізараў, 5015 радыёпрыёмнікаў. У клубах выступалі 65 калектываў мастацкай самадзейнасці.

Шмат увагі ўдзялялася ахове здароўя. Каб забяспечыць нармальную работу раённай, 10 участковых бальніц, 4 урачэбна-амбулаторных участкаў, 21 фельчарска-акушэрскага пункта, 2 фельчарскіх здраўпунктаў і 2 дзіцячых ясляў, з бюджэту было выдзелена 751 тыс. р.

За гады дзевятай пяцігодкі (1971–1975 гг.) адбывалася далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчай вытворчасці. На палях і фермах 28 калгасаў і 11 саўгасаў працавала 526 трактароў, 230 грузавых аўтамашын, 100 збожжаўборачных і 51 бульбаўборачны камбайн. Пастаянна працавала ў калгасах 5146 чалавек, у саўгасах – 5134. Сельская гаспадарка развівалася на аснове ўкаранення механізацыі, хімізацыі, паглыблення канцэнтрацыі, спецыялізацыі і інтэнсіфікацыі вытворчасці. Яе фонды ўзраслі на 20 млн. р. і склалі каля 100 млн. р., або 100 тыс. р. у разліку на 100 га сельгасугоддзяў.

Валавы збор на канец пяцігодкі склаў 38 767 т збожжа, 45 000 т бульбы, 1043 т ільну. На 100 га сельгасугоддзяў атрымана 451,9 ц малака, 101,5 ц мяса. Надой малака на фуражную карову склаў 2423 кг.

6 красавіка 1972 г. была створана СПМК-28. Ужо ў першы год работы калектыў здаў сярэднюю школу ў в. Зялёнка і іншыя аб'екты.

Асноўныя вытворчыя фонды сельскай гаспадаркі раёна за гады дзесятай пяцігодкі выраслі ў 1,4 раза і склалі амаль 78 млн. р. Забяспечанасць гаспадарак раёна энергетычнымі магутнасцямі вырасла ў 1,8 раза. На развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці за гэты перыяд выкарыстана больш як 60 млн. р. бюджэтных сродкаў. I хоць 4 гады пяцігодкі вызначаліся неспрыяльнымі ўмовамі для сельскагаспадарчай вытворчасці, у калгасах і саўгасах раёна сярэднегадавая вытворчасць мяса ў параўнанні з дзевятай пяцігодкай узрасла на 15,9 %, малака – на 7,8, яек больш чым на 67 %. Сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых за гады пяцігодкі склала 18,3 ц з гектара, бульбы – 123,4, ільну – 3 ц. Пабудавана 177 аб'ектаў вытворчага прызначэння, здадзена ў эксплуатацыю больш за 29 тыс. м2 жылля, 4 школы, 4 дзіцячыя ўстановы.

У 1979 г. прымянілі кругласутачную пашавую сістэму ўтрымання дойнага статку ўлетку на ферме эксперыментальнай базы «Ветрынская». Гэтая сістэма распаўсюдзілася ў раёне, а затым у іншых месцах рэспублікі. Упершыню быў укаранёны арэндны сямейны падрад у в. Булаўкі саўгаса «Зялёнка».

У 1976–1980 гг. у раёне праводзілася ўпарадкаванне школьнай сеткі – закрыта 28 малалікіх пачатковых школ, 6 васьмігадовых і 1 сэрэдняя пераўтвораны ў пачатковыя. 3 18 да 28 павялічылася колькасць дашкольных устаноў. Сярэднім усенавучам было ахоплена 99,8 % выпускнікоў 8-х класаў. Усе вучні былі бясплатна забяспечаны падручнікамі. Гарачае харчаванне атрымлівалі 96 % школьнікаў. Пабудаваны 3 сярэднія і 1 пачатковая школа, 8 дзіцячых устаноў, дамы для настаўнікаў. У вячэрніх школах атрымалі сярэднюю адукацыю 596 чалавек. У 1980 г. працавала 14 сярэдніх школ, 19 васьмігадовых, 29 пачатковых, у якіх займаўся 5 331 вучань. Настаўнікаў налічвалася 571, з іх 95,2 % з вышэйшай адукацыяй.

Далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, як і прамысловасці, праходзіла вельмі супярэчліва. Умацаванне яе матэрыяльна-тэхнічнай базы не спрыяла росту тэмпаў развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці. Сярэднегадавы аб'ём валавой прадукцыі павялічыўся толькі на 9 %. Ні адна гаспадарка не выканала планаў вытворчасці збожжа, бульбы, ільну. Ураджайнасць збожжавых у 1985 г. склала толькі 22,3 ц з гектара.

Маштабы работ па сацыяльным пераўтварэнні сяла, будаўніцтва жылых дамоў, аб'ектаў культурна-бытавога прызначэння, дарог спрыялі стварэнню ўмоў для замацавання кадраў на сяле. Але нягледзячы на гэта, колькасць сельскага насельніцтва зменшылася з 49,2 тыс. у 1970 г. да 35,3 тыс. у 1986 г. Недахоп рабочых рук у сельскай гаспадарцы штогод кампенсаваўся прыцягненнем, асабліва ў перыяд пасяўных і ўборачных работ, рабочых, служачых, студэнтаў, навучэнцаў школ. Прадукцыйнасць працы была нізкай. Гэта вялікім цяжарам клалася на эканоміку як калгасаў, саўгасаў, так і прамысловых прадпрыемстваў.

У 1987 г. калгасы і саўгасы раёна выканалі планы продажу дзяржаве збожжа, сена, травянай мукі, малака, мяса жывёлы і птушкі, яек і воўны. Ураджайнасць з гектара пасяўной плошчы збожжа склала 21 ц, бульбы – 79 ц. Замарудзілася развіццё жывёлагадоўлі. Скарацілася пагалоўе жывёлы: на 359 галоў буйной рагатай жывёлы, на 1134 свіней, на 414 авечак.

Жыллёвы фонд папоўніўся на 345 кватэр, здадзены ў эксплуатацыю дзіцячы сад у саўгасе «Варонічы», сталовая ў в. Багатырская, цэх перапрацоўкі харчовых адходаў у саўгасе «Шпакоўшчына». Але не былі ўведзены ў эксплуатацыю многія планавыя аб'екты, мала кватэр пабудавана гаспадарчым спосабам.

Прадпрыемствамі дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю рэалізавана тавараў на 45 955 300 р., а 38 магазінаў у аддаленых вёсках не справіліся з гадавой праграмай з-за адсутнасці дастатковага асартыменту тавараў.

На 1 студзеня 1989 г. у раёне налічвалася 37,5 тыс. чалавек, у тым ліку 33,5 тыс. сельскага насельніцтва. Дзейнічала 13 саўгасаў, 9 калгасаў, 2 птушкафабрыкі, 7 прамысловых прадпрыемстваў і 14 будаўнічых арганізацый. Агульная плошча сельгасугоддзяў складала 77 803 га, у тым ліку 50,5 тыс. га ворных зямель.

У 1989 г. ажыццяўляліся меры, накіраваныя на структурную перабудову эканомікі, яе сацыяльную пераарыентацыю. Павялічылася вытворчасць тавараў народнага спажывання, выраслі аб'ёмы рознічнага тавараабароту і платных паслуг насельніцтву. Пашырылася прымяненне новых форм гаспадарання. Дагаворныя абавязацельствы па пастаўках прадукцыі ў адпаведнасці з дзяржаўным заказам і па прамых сувязях усімі прадпрыемствамі раёна выкананы на 100 %. Аднак карэннага паляпшэння эканамічнай сітуацыі не адбылося. Заданні па ўводзе магутнасцей не выконваліся. Заработная плата стала павялічвацца хутчэй, чым прадукцыйнасць працы і выпуск прадметаў спажывання. Не забяспечвалася стабільнасць і ўстойлівасць вытворчасці, пагоршылася працоўная дысцыпліна, на асобных прадпрыемствах павялічылася цякучасць кадраў, не хапала рабочых рук.

У 1990 г. гаспадарка раёна развівалася нестабільна. У прамысловасці адзначаны некаторы рост вытворчасці прадукцыі, але павялічылася недапастаўка яе спажыўцам на 3,3 млн. р. Пагоршылася дагаворная дысцыпліна. Працоўныя калектывы знізілі тэмпы росту як па выпуску прадукцыі, так і па прадукцыйнасці працы. 3-за адсутнасці сыравіны льнозавод недапаставіў прадукцыі на 8 тыс. р.

Істотны ўклад у сельскагаспадарчую вытворчасць раёна сталі ўносіць асабістыя падсобныя гаспадаркі грамадзян. У 1990 г. імі было прададзена 9 тыс. т малака, 1260 т мяса, што склала 18 і 11 % ад агульнага аб'ёму рэалізацыі. Акрамя таго, на падвор'ях атрымалі 30 % бульбы, 85 % – садавіны і ягад, 18 % яек. Для пашырэння магчымасці асабістых падсобных гаспадарак быў павялічаны памер прысядзібных участкаў да 1 га, павышаны закупачныя цэны на мяса.

Каля 250 га зямлі было аддадзена пад індывідуальныя дачныя ўчасткі для гараджан, на плошчы 1550 га арганізаваны садова-агародніцкія таварыствы. Па прынцыпе скразной арэнды пачалі працаваць тры калектывы ў саўгасе «Зялёнка» і адзін у саўгасе імя Жыжова. За імі замацавалі 700 галоў буйной рагатай жывёлы, сельгасугоддзі.

3 пачатку 90-х гадоў у калгасах і саўгасах пачалі развівацца падсобныя промыслы і вытворчасці. За іх кошт у 1990 г. атрымана прадукцыі на суму звыш 2,5 млн р. і прыбытку звыш 1 млн р.

На 1 студзеня 1991 г. на тэрыторыі раёна дзейнічала 19 падсобных сельскіх гаспадарак, прадпрыемстваў і арганізацый. Гэтыя гаспадаркі садзейнічалі паляпшэнню харчовага забеспячэння працоўных калектываў.

Побач з традыцыйнымі калгаснымі гаспадаркамі пачалі стварацца самастойныя сялянскія (фермерскія). На 1 ліпеня 1991 г. іх было 18. Яны валодалі дзяржаўнымі актамі на 749 га сельгасугоддзяў. 7 гаспадарак мелі 30 галоў буйной рагатай жывёлы.

Лібералізацыя цэн, паглыбляючы разрыў паміж тэмпамі росту грашовых даходаў насельніцтва і коштам тавараў, прывяла да значнага, у сярэднім у 2 разы, разрыву паміж цэнамі на прамысловую і сельскагаспадарчую прадукцыю. У такіх умовах нават высокарэнтабельныя гаспадаркі апынуліся ў крытычным эканамічным стане.

Гаспадаркі Полацкага раёна ў 1992 г. засеялі 4416 га, на 6 % менш, чым у папярэднім годзе, і ўсё ж ураджай сельскагаспадарчых культур, акрамя гародніны, быў вышэйшы, чым у 1991 г. Калгасамі і саўгасамі сабрана збожжа больш на 56 %, бульбы – на 15,5 %, ільновалакна – на 30,5 %.

У 1992 г. скарацілася пагалоўе кароў на 2,5, свіней на 4,1 %, што прывяло да змяншэння закупак жывёлы і птушкі на 2124 т (21,5 %) у параўнанні з 1991 годам. Увод у дзеянне жылля ў параўнанні з 1991 г. скараціўся па раёне на 27 %.

Фінансавы стан прадпрыемстваў і арганізацый раёна заставаўся напружаным. Асабліва вострай стала праблема ўзаемных разлікаў паміж прадпрыемствамі з-за дэфіцыту плацёжных сродкаў.

У 1992 г. у раёне зарэгістравана 416 нараджэнняў і 652 смерці. Створана 191 сям'я, скасавана 144 шлюбы.

У 1995 г. не ўдалося ўтрымаць узровень падзення прамысловай вытворчасці. Асабліва складаным быў год для сельскай гаспадаркі. 3-за неплацежаздольнасці гаспадарак рэзка скараціліся ўнясенне ўгнаенняў, выкарыстанне сродкаў абароны раслін, не вялося абнаўленне машынна-трактарнага парка. Большасць калгасаў і саўгасаў не выйшла на паказчыкі па вытворчасці і пастаўках у дзяржрэсурсы асноўных відаў сельгаспрадукцыі.

У 1996 г. запаволіліся тэмпы падзення аб'ёмаў прамысловай вытворчасці з 8,7 % (у 1995) да 2,7 %. Рэнтабельнасць склала 4,1 %. Прадпрыемствамі ўсіх формаў уласнасці асвоена 74,5 млрд. р. капітальных укладанняў. Рознічны тавараабарот у параўнанні з папярэднім годам павялічыўся на 12,2 %.

Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ўзрасла на 2,2 %, хоць у жывёлагадоўлі працягвалася зніжэнне ўзроўню яе вытворчасці. Цяжкім заставаўся ў 1996 г. эканамічны стан калгасаў і саўгасаў, асабліва тых, якія ў папярэднія гады дапусцілі найбольшы спад вытворчасці.

Як сведчыць статыстыка, у 1996 г. у раёне захавалася адмоўная дэмаграфічная тэндэнцыя – нарадзілася 297, а памерла 753 чалавекі.

У 1997 г. аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў параўнанні з папярэднім годам павялічыўся на 5,2 %, прычым увесь прырост атрыманы за кошт росту прадукцыйнасці працы, якая ўзрасла на 8,5 %.

У раёне скарацілася колькасць стратных прадпрыемстваў, запасы гатовай прадукцыі на складах. Павялічыліся выпуск тавараў народнага спажывання на 33,3 %, рознічны тавараабарот на 12,3 %.

Аб'ём валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў 1997 г. застаўся на ўзроўні мінулага года.

Намеціўся спад фіксаванага беспрацоўя, яго ўзровень склаў 1,4 %.

На 01.01.1998 г. у раёне налічвалася 88 малых прадпрыемстваў і таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, 256 прадпрымальнікаў без стварэння юрыдычнай асобы, 46 фермерскіх гаспадарак.

Пэўныя змены адбываліся і ў іншых сферах жыцця раёна. У 1993/94 навучальным годзе пачала працаваць Баравухская школа-гімназія. Працавалі 4 рускамоўныя агульнаадукацыйныя школы, 14 дзіцячых дашкольных устаноў пачалі паступовы пераход на беларускую мову навучання.

Былі адкрыты клубы «Спадчына» ў Палатоўскай і Бабыніцкай сярэдніх школах, клуб «Крыніца» ў Багатырскай сярэдняй школе, этнаграфічны музей у Ветрынскай сярэдняй школе і СПТВ-167; беларуская хата абсталявана ў Палатоўскай сярэдняй школе. Шмат матэрыялаў па этнаграфіі сабрана ў Вароніцкай, Фарынаўскай, Баравіцкай і Гаранскай сярэдніх школах.

Культурнае абслугоўванне насельніцтва забяспечвалі раённы навукова-метадычны цэнтр, 24 дамы культуры, 23 сельскія клубы, 2 дзіцячыя школы мастацтваў, 4 музычныя школы, 29 кінаўстановак. Да паслуг жыхароў працавала 51 бібліятэка з кніжным фондам у 560 тыс. экз. Сацыяльна-эканамічнае развіцце раёна ў 90-я гады адбывалася ў складаных умовах. Яго вынікі сведчаць аб тым, што шлях людзей да лепшага жыцця патрабуе ад іх яшчэ шмат намаганняў.

 

Полацкі Дом гандлю адчыніў дзверы сваім пакупнікам 50 гадоў таму. Фатаграфія з сайта http://www.pvestnik.byЯк і 50 гадоў назад, сёння «Дом гандлю» - вядучае прадпрыемства галіны ў горадзе. Фатаграфія з сайта http://www.pvestnik.by«Манеж» – адзіны гандлёва-забаўляльны цэнтр Полацка. Фатаграфія з сайта  http://manege.by

 

ЛІТАРАТУРА

1. Аксенова, М. В сердце моём – мой Город! В пульсе моём – твой ритм! : задорно, ярко, празднично Новополоцк отметил День города / М. Аксенова // Новая газета (Наваполацк). – 2012. – 12 июня. – С. 4–5.

2. Васильева, Г. Сохранить и приумножить / Г. Васильева // Новая газета (Наваполацк). – 2011. – 29 июля. – С. 2.

3. Владимиров, П. Город больших возможностей и прекрасных перспектив / П. Владимиров // Новая газета (Наваполацк). – 2015. – 28 авг. – С. 1–2.

4. Коханко, В. П. Полоцк в первые мирные дни / В. П. Коханко // Выстояли и победили : свидетельствуют архивы / редкол.: М. В. Пищуленок (гл. ред.) [и др.]. – Витебск, 2005. – С. 26 –28.

5. Полоцкая область, административно -территориальная единица в 1944–1954 гг. // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.] – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 165.

6. Полоцкий район : регион-тур / подгот. Л. Малашеня // Витебские вести. – 2016. – 22 окт. – С. 8–9.

7. Памяць : Полацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. С. С. Чарняўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Вышэйшая школа,1999. – 700 с. : іл.

8. Петкевич, П. М. Полоцкий район / П. М. Петкевич // Регионы Беларуси : энциклопедия / редкол.: Т. В. Белова (гл. ред.) [ и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 338–339.