Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Рэкі. Расонскі раён

Рэкі Расонскага раёна належаць да Заходне-Дзвінскага гідралагічнага раёна. Густата натуральнай рачной сеткі складае 0,5 км/км2. Агульная даўжыня асушальнай сеткі 3,3 тыс. км, у тым ліку адрэгуляваных водапрыёмнікаў каля 20 км, магістральных і падводных каналаў 240 км, рэгуляцыйных каналаў больш за 120 км.

Найбольшая рака – Дрыса з прытокамі Свольна, Нішча, Нешчарда.

Дрыса – рака ў Расонскім і Верхнядзвінскім раёнах, правы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня – 183 км. Плошча вадазбору – 6420 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці – 45,6 м3/с. Агульнае падзенне ракі – 45,3 м. Выцякае з возера Дрысы, цячэ па паўночнай частцы Полацкай нізіны, праз азёры Астраўцы, Сіньша і Буза, вусце ў межах г. Верхнядзвінска. Асноўныя прытокі: Нешчарда, Нішча, Свольна (справа), Шчаперня і Дахнарка (злева). Даліна трапецападобная, месцамі скрынкападобная, ніжэй вусця Нішчы на асобных участках невыразная, шырынёй 0,2–0,5 км, у нізоўі – 1,5 км. Пойма нярэдка забалочаная, яе шырыня 0,1–0,5 км. Рэчышча звілістае, шырынёй 25–45 м. Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сакавіка, доўжыцца каля 60 сутак. Летне-асенняя межань каля 140 сутак. Замярзае ў канцы снежня, крыгалом у канцы сакавіка – пачатку красавіка. Веснавы ледаход у вярхоўі 8 сутак, у нізоўі 2 сутак. Каля в. Дзёрнавічы Верхнядзвінскага раёна (61 км уверх ад вусця) найбольшы расход вады 279 м3/с (1962), найменшы – 6,34 м3/с (1972). Вярхоўе ракі ў межах ландшафтнага заказніка Сіньша.

Свольна – рака ў Пскоўскай вобласці (Расія) і Віцебскай вобласці, правы прыток р. Дрыса (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 99 км. Плошча вадазбору – 1510 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці – 11,7 м3/с. Выцякае з возера Нечарыца (Себежскі раён), цячэ па Полацкай нізіне (даўжыня на Беларусі 93 км) на мяжы Расонскага і Верхнядзвінскага раёнаў, сярэдняе і ніжняе цячэнне ў Верхнядзвінскім раёне, вусце насупраць в. Цясты, размешчанай на левым беразе Дрысы. Верхняе і сярэдняе цячэнне ракі ў лясістай мясцовасці. Цячэ праз азёры Лісна і Бузянка. Асноўныя прытокі на Беларусі: Лонніца, Лешня (злева), Піжаўка, Водзьга (справа). Даліна пераважна трапецападобная, шырыня ў верхнім і сярэднім цячэнні 0,4–0,6 км, у ніжнім 0,8–1,5 км. Пойма перарывістая, пераважная шырыня каля 0,1 км, у ніжнім цячэнні 0,2–0,3 км. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае, шырыня 18–20 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў 1-й дэкадзе красавіка, сярэдняя вышыня – 4,5 м, найбольшая – 7,6 м (1956). Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у пачатку красавіка. Веснавы крыгаход 2 сутак.

Нешчарда – рака ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці, правы прыток р. Дрыса (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 21 км. Плошча вадазбору – 346 км2. Выцякае з возера Нешчарда за 1 км на паўночны ўсход ад в. Парэчча, вусце за 0,8 км на ўсход ад в. Прыбыткі. Асноўны прыток – р. Расонка (справа). На вадазборы азёры займаюць да 9 % плошчы – Нешчарда, Валуйскае, Бродна, Доўгае, Расамачынскае і інш. Цячэ па лясістай забалочанай мясцовасці.

Нішча – рака ў Пскоўскай вобласці (Расія) і Расонскім раёне Віцебскай вобласці, правы прыток р. Дрыса (басейн Заходняй Дзвіны). Даўжыня – 85 км, у т. л. на Беларусі – 68 км. Плошча вадазбору 1380 км2. Сярэднегадавы расход вады ў вусці – 9,7 м3/с. Выцякае з возера Нішча (Себежскі раён Пскоўскай вобласці), цячэ па Полацкай нізіне, вусце за 1 км на захад ад в. Кульнёва. Асноўныя прытокі: Чарапяціца, Люці, Вельніца (злева), Хонка, ручай Галавач (справа). Даліна пераважна трапецападобная, шырынёй 100–200 м. Пойма часцей двухбаковая, чаргуецца па берагах, у сярэднім і ніжнім цячэнні месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае (шырыня 25–30 м); у ніжнім цячэнні рака зарэгулявана Клясціцкім вадасховішчам. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы 1-й дэкады красавіка, сярэдняя вышыня – 3 м, найвышэйшая – 5,1 м (1956). Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Веснавы ледаход 2 сутак.

 

Рака Дрыса. Расонскі раён. Фотаздымак з сайта https://ru.wikipedia.orgРака Нішча. Расонскі раён. Фотаздымак з сайта http://wmbel.byРака Дрыса. Расонскі раён. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.by

ЛІТАРАТУРА

1. Дрыса // Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.] ; маст. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 155.

2. Дрыса // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С 175–176.

3. Гончеронок, В. Водоёмы пополняются рыбой / В. Гончеронок // Дзвінская праўда (Верхнядзвінск). – 2018. – 2 лістап. – С. 4.

4. Нешчарда // Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.] ; маст. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 269.

5. Нешчарда // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С 307.

6. Нішча // Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.] ; маст. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 272.

7. Нішча // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С 309.

8. Природа Беларуси : энциклопедия : в 3 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Климат и вода. – 504 с. : ил.

9. Расонскі раён / Ф. Ф. Бурак [і інш.] // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – Т. 4 : Недалька – Стаўраліт. – С. 366–367.

10. Россонский район // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский Центр маркетинга, 2005. – С. 146–157.

11. Свольна // Блакітная кніга Беларусі (водныя аб'екты Беларусі) : энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько [і інш.] ; маст. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 327–328.

12. Свольна // Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст.: Ю. А. Тарэеў, У. І. Цярэнцьеў. – Мінск : БелЭн, 2007. – С 373.

13. У гармоніі з прыродай / падрыхт. В. Шыёнак // Голас Расоншчыны. – 2009. – 22 мая. – С. 2.