Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Сенненскі раён. Рэвалюцыйныя падзеі і ўстанаўленне савецкай улады

 

Савецкая ўлада на Сенненшчыне была ўстаноўлена ў лістападзе 1917 г. 26 лістапада I з'езд сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў Сенненскага павета прыняў рэзалюцыю, у якой адзначалася, што «ўся ўлада ў Сенненскім павеце пераходзіць да Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў і Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта».

У маі адбыўся II з'езд Саветаў Сенненскага павета. У яго рэзалюцыі ўказвалася, што ўзяцце ўлады ў рукі працоўных – гэта палова справы, самая ж галоўная задача заключаецца ў тым, каб ажыццявіць сацыялізм на справе. З'езд заклікаў ўсіх працоўных усямерна садзейнічаць аднаўленню народнай гаспадаркі, актыўна праводзіць работу па стварэнні Чырвонай Арміі.

У гэты час ажыццяўляліся рэвалюцыйна-дэмакратычныя і сацыялістычныя пераўтварэнні ў вёсцы. Першым крокам у гэтым напрамку была канфіскацыя памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыя зямлі. Бальшавіцкія агітатары растлумачвалі сялянам сутнасць ленінскага Дэкрэта аб зямлі, канкрэтныя шляхі яго ажыццяўлення. На базе канфіскаваных памешчыцкіх маёнткаў пачалі арганізоўвацца савецкія (дзяржаўныя) гаспадаркі. У Сенненскім павеце першым быў створаны такі саўгас у былым маёнтку Беліца памешчыка Свяцкага.

Устанаўленне Савецкай улады выклікала супраціўленне звергнутых класаў. Контррэвалюцыя пачала грамадзянскую вайну. Германскае камандаванне, скарыстаўшы адмову Троцкага падпісаць мірны дагавор, заявіла аб спыненні перамір'я. 18 лютага 1918 года германскія і аўстра-венгерскія дывізіі перайшлі ў наступленне. Органы Савецкай улады на месцах мабілізавалі ўсе сілы на барацьбу з ворагам. У даведцы вучэбнага аддзела Усерасійскай Чырвонай Арміі ад 5 красавіка 1918 года ўказвалася, што ў горадзе Сянно ёсць атрад добраахвотнікаў колькасцю ў 310 чалавек, яго ўзбраенне – 3 кулямёты, 50 гранат, 10 тысяч патронаў. Вясной і летам 1918 г. у падтрымку Чырвонай Арміі выказаліся другі з'езд Саветаў Сенненскага павета, сход членаў сельскіх саветаў і камуністычных ячэек Латыгальскай воласці, агульны сход жыхароў в. Міхнава. У канцы 1918 г. з добраахвотнікаў быў сфарміраваны Сенненскі народны полк, які актыўна ўдзельнічаў у барацьбе за ўмацаванне Савецкай улады ў павеце.

Летам і восенню 1918 г. на тэрыторыі Беларусі актывізавалі свае дзеянні левыя эсэры і кулацтва, якія ставілі мэтай ліквідацыю мясцовых Саветаў, іншых савецкіх устаноў. Паўстаўшы полк, які дыслацыраваўся недалёка ад дэмаркацыйнай лініі на тэрыторыі Сенненскага павета, разагнаў мясцовы Савет і, парушыўшы Брэсцкі мір, уступіў на тэрыторыю, якая кантралявалася нямецкімі войскамі. Гэтай правакацыяй левыя эсэры імкнуліся аднавіць вайну з Германіяй. Аднак рашучымі мерамі Савецкага ўрада пагроза ваенных дзеянняў была ліквідавана. 26–27 верасня германскія войскі былі выведзены з тэрыторыі Сенненскага павета. На вызваленай тэрыторыі паўсюдна ствараліся органы Савецкай улады – ваенныя Саветы, рэвалюцыйныя камітэты, выканкамы Саветаў.

19 ліпеня 1918 года выканкам Сенненскага павятовага Савета прыняў пастанову аб тэрміновым ажыццяўленні дэкрэта аб хлебнай манаполіі і арганізацыі камітэтаў беднаты. Харчоваму аддзелу даручалася ўзяць на ўлік увесь ураджай. Рашуча выказаўся за стварэнне камбедаў трэці з'езд Саветаў павета, які адбыўся 19 жніўня. У яго рэзалюцыі валасным Саветам прапаноўвалася прыняць энергічныя меры па арганізацыі камітэтаў вясковай беднаты.

На наступны дзень з'езд зацвердзіў рэзалюцыю па харчовым пытанні. Было вырашана правесці дакладны ўлік хлеба новага ўраджаю і лішкаў 1917 г., перадаць іх у распараджэнне павятовага харчовага камітэта. Для практычнага ажыццяўлення гэтых мерапрыемстваў з'езд пастанавіў стварыць камбеды і рэквізіцыйныя атрады. Рашэнне з'езда ўштыкі сустрэлі заможныя сяляне, якія не жадалі добраахвотна здаваць хлеб. Яны забівалі савецкіх актывістаў, разганялі сходы беднякоў.

10 лістапада 1918 года Сенненскі павятовы выканкам Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў прыняў пастанову аб узмацненні барацьбы са спекуляцыяй. Валасным выканкамам і сельскім камітэтам беднаты прапаноўвалася арыштоўваць і дастаўляць у павятовую надзвычайную камісію ўсіх асоб, якія прывозяць любыя прадукты харчавання без адпаведнага дазволу. Усялякі вываз прадуктаў з вёскі і воласці без ведама камітэта беднаты лічыўся незаконным.

Пасля вываду нямецкіх войск шмат жывёлы і неабмалочанага збожжа аказалася ў маёнтку Беліца. Харчовы атрад сумесна з камітэтам беднаты адразу ж наладзіў тут абмалот жыта. Хлебам былі забяспечаны мясцовыя батракі і чырвонаармейскія ўдовы. Болей за 10 тыс. пудоў жыта адправілі ў Сянно на склад.

Шмат вагонаў з харчаваннем адпраўляў Сенненскі павет рабочым Масквы і Петраграда, а таксама на фронт. Гэта патрабавала вялікай працы і немалых ахвяр. Разгаралася бязлітасная класавая барацьба. У схватках за хлеб загінулі многія супрацоўнікі харчовых атрадаў.

Акрамя рэквізіцый хлеба, мясцовыя органы ўлады праводзілі вялікую работу па расшырэнні пасяўных плошчаў, прыцягненні ў вытворчасць бяднейшага сялянства, стварэнні калектыўных гаспадарак. Як і ў іншых паветах Беларусі, на Сенненшчыне ствараліся гаспадаркі трох тыпаў: таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, арцелі і камуны. Работа была складаная, не дапускала спешкі, патрабавала захавання добраахвотнасці і паслядоўнасці. Усяго ў павеце ўзнікла першапачаткова 12 калектыўных гаспадарак, у тым ліку тры камуны – у Пустынкаўскай, Латыгальскай і Машканскай валасцях. У Машканах камуне далі імя У. I. Леніна. Першыя камуны існавалі таксама ў вёсках Белая Ліпа, Падворыца, Баравікі, у некаторых іншых. Беззямельныя сяляне вёсак Сапегі, Ладынец, Шацят, Машчоны стварылі камуну пад назвай «Чырвоны маяк».

29 лістапада 1920 года ў горадзе Сянно адбыўся з'езд прадстаўнікоў калектыўных гаспадарак.

У складанай абстаноўцы пачалася перабудова ўсёй сістэмы народнай адукацыі. У Сенненскім павеце толькі ў студзені 1918 г. было адкрыта пяць вышэйшых пачатковых вучылішчаў. Пры існаваўшым у горадзе вышэйшым вучылішчы былі адкрыты паралельныя класы. Новыя савецкія школы пачыналі работу ў надзвычай цяжкіх умовах: не было дастатковай колькасці прыстасаваных памяшканняў, вучэбных дапаможнікаў, настаўніцкіх кадраў. У горадзе Сянно пад вышэйшае вучылішча быў прыстасаваны закрыты перад пачаткам імперыялістычнай вайны казённы спіртаачышчальны склад. Каб забяспечыць школы настаўнікамі, адданымі Савецкай уладзе, адкрываліся кароткатэрміновыя курсы. ў г. Сянно. У 1919 г. у павеце, як і ва ўсёй Беларусі, была завершана работа па ліквідацыі старой сістэмы народнай адукацыі і створана адзіная працоўная савецкая школа.

1–2 сакавіка 1919 года адбылася Сенненская павятовая канферэнцыя РКП(б), на якой прысутнічала 35 дэлегатаў. Абмяркоўвалася галоўнае пытанне – аб рабоце мясцовых парт'ячэек.

Вясной 1919 г. Магілёўская губерня была ліквідавана. Сенненскі павет увайшоў у склад Віцебскай губерні РСФСР. Загадам рэўваенсавета Заходняга фронту ад 6 кастрычніка 1919 года быў створаны Віцебскі губрэўкам, які ў сваю чаргу ўтварыў павятовыя рэўкамы. У баявую гатоўнасць былі прыведзены войскі ўнутранай аховы, атрады міліцыі.

У верасні 1919 г. Сенненскі павятовы камітэт РКП(б) правёў мабілізацыю ўсіх членаў партыі.

24 студзеня 1920 года Сенненская павятовая беспартыйная канферэнцыя звярнулася да працоўных з заклікам «добраахвотна прыняць удзел у нарыхтоўцы дроў, каб усе, хто можа, дапамаглі пазбавіцца ад небяспечнага ворага». 8 мая 1920 года Сенненскі павятовы рэўкам прыняў пастанову аб мабілізацыі падвод для надзвычайных ваенных патрэб.

Барацьба працоўных закончылася перамогай. Першыя пасляваенныя гады былі вельмі цяжкімі. Не хапала паліва, сыравіны, матэрыялаў, абсталявання. Прамысловыя прадпрыемствы, не звязаныя з выкананнем ваенных заказаў, не працавалі. Ратуючыся ад голаду, рабочыя ішлі ў вёску, займаліся саматужніцтвам. У 1920–1923 гг. колькасць жыхароў у г. Сянно скрацілася на 21,1%.

У запушчаным стане знаходзілася сельская гаспадарка. У 1920 г. пасяўныя плошчы, у параўнанні з 1916 г., складалі толькі 40 працэнтаў. Асабліва скараціліся пасевы льну, каноплі, канюшыны. У сярэднім на адну гаспадарку прыпадала коней – 0,87, кароў – 1,37, авечак – 1,67, а зямлі на душу насельніцтва – каля паўтары дзесяціны. Пераважала трохпольная сістэма земляробства.

У павеце разгарнулася вялікая работа па падрыхтоўцы да веснавой пасяўной кампаніі 1921 г. Галоўнай яе задачай было пашырэнне пасяўных плошчаў. Цяжкасці заключаліся ў тым, што значная частка сялянскіх гаспадарак адчувала востры недахоп насення, інвентару, коней. Важным выпрабаваннем для новага эканамічнага курса Савецкай дзяржавы з'явілася правядзенне першай падатковай кампаніі, якая пачалася ў жніўні 1921 г. Нарыхтоўка сельгаспрадуктаў ішла і па лініі тавараабмену. 3 гэтай мэтай у сельскай мясцовасці стварылі сетку кааператываў і тавараабменных пунктаў. На падтрымку бяднейшых слаёў сялянства арыентавалася дзейнасць камітэтаў сялянскай грамадскай узаемадапамогі.

У красавіку 1929 г. адбылася XVI канферэнцыя ВКП(б), якая вызначыла задачы па далейшым разгортванні калектывізацыі. Адным з першых створаны калгас у вёсцы Ульянавічы.

У студзені 1930 г. праходзіў Сенненскі раённы з'езд калгаснікаў. Размова на ім ішла аб насенні і ўгнаеннях, беражлівасці і ўмелым гаспадаранні, аб тэхніцы і кадрах.

У пачатку чэрвеня 1930 г. калгаснікі былой камуны «Мір» рапартавалі аб сваіх поспехах. Веснавая сяўба праведзена паспяхова. Калгаснікі пачалі будаўніцтва кароўніка на 500 галоў. Выкананы план нарыхтовак калгасам «Мір»: 300 пудоў ільновалакна, 3500 пудоў бульбы, 1000 пудоў капусты, 4000 пудоў яблыкаў і 21 галава буйной рагатай жывёлы. За перыяд уборачнай кампаніі і сяўбы арганізавана 11 новых калгасаў. На 1 студзеня 1932 года калектывізацыя ў раёне ў асноўным была завершана. Пачалі стварацца машынна-трактарныя станцыі (МТС). Напярэдадні вайны іх у раёне было чатыры. Узрастала роля машынна-трактарных станцый. У 1937 г. Сенненская МТС абслугоўвала 87 калгасаў з агульнай плошчай ворнай зямлі 23461 га. Шырокае развіццё ў раёне атрымала льнаводства.

У 1939 г. 24 работнікі сельскай гаспадаркі раёна з'явіліся ўдзельнікамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі. Перадавікі і наватары вытворчасці былі адзначаны дыпломамі, прэміямі, медалямі.

 

 

Паштоўка-фатаграфія. г. Сянно, Магілёўская губерня, 1917 г. Фота з сайта http://senno.museum.by/be/node/59271

 

ЛІТАРАТУРА

1. 1917–1941 // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 73–136.

2. Бандарэвіч, В. В. Экскурсія да вытокаў горада Сянно : краязнаўчыя нарысы / В. В. Бандарэвіч. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – С. 168.

3. Бараноўскі, А. Голад 1930-х, або Як галоўны рэдактар кіраваў раёнам! / А. Бараноўскі // Голас Сенненшчыны. – 2019. – 14 мая. – С. 5.

4. Барановский, А. Дмитрий Прищепов: между эсерами и большевиками / А. Барановский // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 18 крас. – С. 5.

5. Бараноўскі, А. З Магілёўскай у Віцебскую губернію / А. Бараноўскі // Голас Сенненшчыны. – 2018. – 7 жн. – С. 4.

6. Бараноўскі, А. В. Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі / А. В. Бараноўскі. – Віцебск : ВДУ імя П. М. Машэрава, 2015. – С. 40.

7. Гігін, В. Ф. Парадоксы рэвалюцыі: што адбылося ў Оршы і Сянно ў жніўні 1918 года? / В. Гігін // Беларуская думка. – 2015. – № 11. – С. 106–113.

8. За власть Советов // Сенно : ист.-экон. очерк / В. Г. Скопа. – Минск : Беларусь, 1978. – С. 12–22.

9. Лазюк, А. У віры дзвюх рэвалюцый / А. Лазюк // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 4 сак. – С. 6.

10. Мясоедова, С. Самый большой грех Ревекки Лившиц / С. Мясоедова // Голас Сенненшчыны. – 2020. – 25 жн. – С. 5.

11. Якаўлева, А. Пазнаёміліся з сімваламі савецкай эпохі / А. Якаўлева // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 4 лістап. – С. 4.