Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Сенненскі раён. Пасляваенны перыяд

 

На працягу многіх вякоў Сенненшчына не ведала такога спусташэння, як за гады Вялікай Айчыннай вайны. Нямецка-фашысцкія акупанты разрабавалі калгасы, саўгасы, МТС, спалілі больш за 3 тыс. дамоў. У былым Сенненскім раёне яны знішчылі або вывезлі ў Германію 114 трактароў, 9 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, 6 тыс. коней. Было знішчана 1707 жылых будынкаў, 2549 падворных пабудоў, страчана шмат хатняй жывёлы. Амаль кожная сям'я панесла людскія страты.

Вялікую дапамогу пацярпеламу раёну аказала дзяржава. 3 многіх куткоў Савецкага Саюза на чыгуначныя станцыі Багушэўская i Бурбін пачалі прыбываць вагоны з харчаваннем, будаўнічымі матэрыяламі, абсталяваннем, сельскагаспадарчай тэхнікай, насеннем. За 1945–1946 гг. у калгасы раёна паступіла 1089 коней, 2117 галоў буйной рагатай жывёлы, больш за 4 тыс. цэнтнераў насення, 20 трактароў, 13 аўтамашын.

Паступова на Сенненшчыне пачало адраджацца жыццё. У грудах металу, абломках баявых машын механізатары знаходзілі дэталі i збіралі першыя трактары. У прыстасаваных памяшканнях адкрываліся школы, клубы i магазіны. Узорвалася i засявалася ператвораная ў залежы за час вайны зямля. У 1946 г. пасяўныя плошчы збожжавых культур у раёне складалі 76 працэнтаў даваеннага ўзроўню, а 15 калгасаў асволі амаль 16 тыс. гектараў мяккага ворыва, а таксама адноўлены 161 ферма буйной рагатай жывёлы, 160 авечкагадоўчых i 9 конегадоўчых ферм. За два гады ў раёне пабудавана 1080 жылых дамоў.На Сенненшчыне былі адноўлены 2 ільнозаводы, 2 спіртзаводы, дрэваапрацоўчы камбінат, маслазавод, лесапункт, прамкамбінат, усе калгасы i саўгасы. Славіўся прыгарадны калгас «Шлях сацыялізму», які ўзначальваў вопытны камандзір сельскагаспадарчай вытворчасці Б. Грынявецкі. Буйной па тым часе гаспадаркай быў калгас «Чырвоны пуцілавец». Пераадольвалі пасляваенныя цяжкасці i рабочыя саўгаса «Полымя». Давалі прадукцыю цагельны i вапняковы заводы, працавалі лесапільня, млын. Рабочыя за кароткі тэрмін пабудавалі электрастанцыю, радыёвузел на 350 кропак, клуб са стацыянарнай кінаўстаноўкай, дзіцячыя яслі, лазню. Да 1948 г. было адноўлена больш за 1 тыс. кв. м. жылля.

У сувязі з павелічэннем вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі больш упэўнена пачалі развівацца прамысловыя перапрацоўчыя прадпрыемствы: маслазавод, iльнозаводы. Нарошчваліся вытворчыя магутнасці іншых прамысловых прадпрыемстваў, на ix устанаўлівалася новае абсталяванне. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў i саўгасаў, школ, культурна-асветных, медыцынскіх устаноў.

У 1966–1975 гг. у г. Сянно пабудаваны біяхімічны завод – прадпрыемства па вытворчасці лізіну, які прымяняецца для ўзбагачэння кармоў. Здадзены ў эксплуатацыю цагельны завод у в. Папоўка. Нарошчвала магутнасці Багушэўская мэблевая фабрыка. За кошт тэхнічнага пераўзбраення вытворчасці, зніжэння сабекошту прадукцыі з прыбыткам працавалі Сенненскі i Багушэускі льнозаводы, камбінат будматэрыялаў, лясгас, лесапункт Аршанскага леспрамгаса i іншыя.

У 1971–1975 гг. у райцэнтры былі пабудаваны Дом быту, раённая бальніца, вузел сувязі, аўтобусная станцыя, рэдакцыя i друкарня, школа № 1 на 940 вучнёўскіх месцаў, інтэрнат міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі. Толькі ў г. Сянно ўзведзены 94 жылыя дамы, з'явіліся новыя вуліцы: Юбілейная, Піянерская, Камсамольская, Зялёная.

Умовы для сельскагаспадарчай вытворчасці на Сенненшчыне складаныя. Зямельныя ўгоддзі большасці калгасаў i саўгасаў характарызуюцца рэзкай перасечанасцю рэльефу, захмызнячанасцю, пераўвільгатненнем глеб i дробнай контурнасцю палёў. Правядзенне меліярацыйных работ патрабавалася на плошчы ў 67,3 тыс. гектараў. Пытаннямі паляпшэння зямель у раёне займалася Сенненская ПМК-33.

Значнае месца ў раёне займалі пасевы бульбы i лёну. Штогод калгасы i саўгасы пастаўлялі дзяржаве 17–18 тыс. т. бульбы. У лепшыя гады калгасы i саўгасы прадавалі дзяржаве больш за 1 тыс. т. ільнасемя i 2400–2800 т. ільновалакна. Па вытворчасці малака лепшых паказчыкаў дабіваліся штогод жывёлаводы калгасаў «Сцяг Перамогі», імя Карла Маркса, імя Гастэлы, «Чырвоны пуцілавец». Сапраўдныя фабрыкі мяса дзейнічалі ў калгасах «Кастрычнік», «Бальшавік», «Ледневічы», саўгасах імя Гараўца, «Багушэўскі», «Янова».

У сувязі з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі змяніліся аблічча вёсак, характар сялянскай працы. У вёсцы з'явіліся такія спецыялісты, як інжынер-электрык, прараб, у калгасах i саўгасах працавалі дыпламаваныя спецыялісты сельскай гаспадаркі. Па стане на 1 студзеня 1976 г. у сельскай гаспадарцы раёна працавала 570 спецыялістаў, з ix 139 чалавек з вышэйшай i 137 – з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй: аграномы, 98 заатэхнікаў, 97 інжынераў-механікаў, 59 эканамістаў.

20 студзеня 1960 г. далучаны г. п. Багушэўскі і 7 сельсаветаў скасавнага Багушэўскага раёна. У 1999 г. у Сенненскім раёне 12 сельсаветаў, 336 сельскіх населеных пунктаў.

На 2015 г. дзейнічаюць прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. Вядучае сельскагаспадарчае прадпрыемства – дзяржаўнае прадпрыемства «Саўгас імя П. М. Машэрава», якое спецыялізуецца ў асноўным на вытворчасці свініны. У 2009 г. уведзена ў эксплуатацыю сучасная малочна-таварная ферма на 530 галоў. У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла ў 2005–2010 гг. былі пабудаваны 10 аграгарадкоў. У раёне 5 сярэдніх школ, 7 навучальна-педагагічных комплексаў «Дзіцячы сад – сярэдняя школа», 3 навучальна-педагагічныя комплексы «Дзіцячы сад – базавая школа», 3 школы мастацтваў, 2 школы-інтэрната, 5 дашкольных устаноў, цэнтры: сацыяльна-педагагічны, карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Працуюць раённыя Цэнтр культуры і народнай творчасці, Цэнтр дзяцей і моладзі, гарпасялковы і 5 сельскіх дамоў культуры, Дом рамёстваў, 11 сельскіх клубаў, 2 сельскія клубы-бібліятэкі, 20 бібліятэк, сельская бібліятэка-музей этнаграфіі, раённы гісторыка-краязнаўчы музей. У сістэме аховы здароўя цэнтральная раённая бальніца і раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Для заняткаў фізкультурай і спортам ёсць фізкультурна-спартыўны комплекс, стадыён, 16 спартыўных залаў, 17 спартыўных ядраў, 10 іншых спартыўных пляцовак, лыжаролерная траса, біятлоннае стрэльбішча і іншыя. Выдаецца газета «Голас Сенненшчыны». Дзейнічаюць 14 рэлігійных абшчын, у тым ліку 8 праваслаўных, 1 рымска-каталіцкая, 2 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 2 хрысціян веры евангельскай, 1 адвентыстаў Сёмага дня.

 

Горад Сянно.  Універсам «Родны кут» –  адзін з буйнейшых магазінаў Сенненскай райспажыўкааперацыі. Фатаграфія з сайта http://www.senno.byГорад Сянно. Сярэдняя школа № 2.. Фатаграфія з сайта http://senno-school2.belhost.byГорад Сянно. Фізкультурна-спартыўны комплекс. Фатаграфія з сайта http://www.skyscrapercity.com

 

ЛІТАРАТУРА

1. 1945 – Да нашых дзён // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 505–583.

2. Бандарэвіч, В. Гісторыя раёна на старонках газеты / В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 14 студз. – С. 6.

3. Буракова, Т. Гісторыя раёна на старонках газеты / Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 7 сак. – С. 4.

4. Гісторыя раёна на старонках газеты / падрыхт. Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 15 крас. – С. 4.

5. Гісторыя раёна на старонках газеты / падрыхт. Т. Буракова // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 6 чэрв. – С. 5.

6. Днём разбирали завалы, вечером шли в кино / подгот. О. Бондаревич // Голас Сенненшчыны. – 2017. – 1 ліп. – С. 4.

7. К новым свершениям // Сенно : историко-экономический очерк / В. Г. Скопа. – Минск : Беларусь, 1978. – С. 52–57. – (Города Белоруссии).

8. Сенненский район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 451–454.

9. Сенненскі раён // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 342–343.