Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Народная творчасць. Шаркаўшчынскі раён

 

Вялікай і разнастайнай фальклорнай спадчынай багаты Шаркаўшчынскі край. Выклікаюць павагу і ўдзячнасць складальнікі і захавальнікі, выканаўцы і распаўсюджвальнікі народных песень. Сярод іх – Мышко Алена Кліменцьеўна (1892–1974) з в. Корніца і Януш Таццяна Сямёнаўна (1910–1976) з в. Галінова, ад якіх у свой час былі запісаны гэтыя і іншыя песні, казкі, прымаўкі, частушкі.

Проста і бясхітрасна апавядаюць яны пра паўсядзённае жыццё селяніна, святы, абрады. Народная паэзія Шаркаўшчынскага краю характарызуецца вялікай разнастайнасцю песень земляробчага календара, якія непасрэдна звязаны з працай чалавека:

Ніўка, ніўка!

А я цябе жала, жала, не ляжала,

Снапочкі вязала, у бабкі стаўляла.

А я цябе палола, палола

I ручкі накалола.

Або:

Рада, рада шэра перапёлка,

Што лета даждала.

Рада, рада наша гаспадынька,

Што жыта дажала.

Багаццем зместу і адметнасцю форм вызначаюцца многія сямейна-абрадавыя песні, песні пра каханне, якія раскрываюць багаты духоўны свет, высокія пачуцці, глыбокія перажыванні маладых:

Да адна ягадка ў садочку расцець,

А другая адна на прымежачку,

Адна з другой скаціліся,

Іван з Мар'яй злюбіліся.

Другая песня пачынаецца:

За ракою, над вадою,

Адзінокі куст стаіць,

Яго ветры не шатаюць,

На ім лісце не шуміць.

Хто любовікі не знае.

Таго сэрца не баліць.

Найбольш шматлікімі з'яўляюцца вясельныя песні. Пра глыбокі роздум маладой дзяўчыны перад адказным выбарам апавядае гэтая песня:

Парадзь, матулька,

Што мне рабіці:

Ці замуж ісці,

Ці дзеўкай быці?

Замуж зайшоўшы – вялікае гора,

А дзеўкай быці – людская мова.

Пра няпростую долю маладой у чужой сям'і расказваецца ў наступных песнях, бо свякруха ніколі не заменіць маці:

У каморы Мар'я ўмывалася,

3 свайго лічыка дзівавалася:

Лічыка, ты маё бяленькае,

Ці будзеш такое ў свякроўкі,

Як цяпер у матулькі?

Або:

Ды як жа мне свякровачку назваці?

Назваць яе матулечкай – жаль будзе,

Назваць яе свякровачкай – гнеў будзе.

У песнях ушаноўваецца ўсё добрае, адвечнае. На першае месца ставіцца не багацце, а розум:

Другі брацік павучае малайца:

Як паедзеш, мой брацік, у новы двор,

Там пасадзяць трох паненак на выбор.

Не бяры тую, што ў золаце, фарсліва,

А бяры тую, што ў розуме шчасліва.

А ў гэтай песні падкрэсліваецца працавітасць жанчыны, сапраўднай майстрыхі:

Хваліўся сват сваёй жоначкай,

Што яго жоначка – рукадзельніца,

Выткала красёнцы трыма ўзорамі...

Нярэдка сустракаем у песнях трапныя эпітэты, нават гіпербалізацыю:

Умная, разумная Мар'я

Па павуціне сіняе мора перайшла...

Частка песень складзена пра сірот, іх цяжкі лёс і нядолю:

У мяне ў доме не топлена хатка, не родная матка,

Не пытае: ці баляць ручкі, ці баляць плечкі?

А пытае: ці многа саджала, ці многа нажала?

А вось песня пра маёмасную няроўнасць:

Па багатую сястру трох паслоў пасылалі,

А беднай, гаротнай праз суседа наказалі.

Цяжка стрымаць слёзы, не ўзрушыцца душой, калі чытаеш, як перажывалі і аплаквалі страчаных блізкіх людзей:

Пайшла яна (Мар'я) ў чыстае поле

На магілачку да матулечкі:

– Прашу цябе, мамка, на вяселле,

Да сябе на благаслаўленне.

– Ды не магу, маё дзіцятка, не магу:

Мне сасновыя дошкі сціснулі ножкі – не ўстану.

Сырая зямелька на грудзі злягла – не дыхну,

Сыры пясочак вочы засыпаў – не гляджу.

I тут гучыць зварот дачкі да ўсемагутных, чарадзейных сіл прыроды:

Узыйдзіце, буйны ветры, узыйдзіце,

Разнясіце жоўтыя пяскі па полю,

Пашчапайце сасновыя дошкі на крошкі,

Падыміце маю матульку на ножкі!

У песнях падкрэсліваецца даравітасць беларусаў, іх годнасць, прыгажосць. Пры гэтым адзначаецца, што галоўны ў сям'і – мужчына:

Ды чый гэта двор

(вастракол каля вокан, цясовыя вароты)?

Ды чый гэта сын на двару ходзіць, золата носіць.

I яшчэ:

Не калышыся, кляновы лісток, над вадой,

Там паедзіць млады Ванечка з грамадой.

Па лугу едзіць – луг зелянеіць ад яго,

Па садзе едзіць – сад расцвітаіць ад яго.

Выдзяляюцца сваёй дасціпнасцю, тонкім гумарам, павучальным зместам жартоўныя песні:

Светачка-лялечка,

Дзе была, дзе ездзіла?

Што чула, што відзела?

– Таргавала братовачку:

Старгавала за 100 рублёў,

А купіла за тры грошы,

Бо мой брацітка – харошы.

Багатая фальклорная спадчына краю – не толькі гістарычная каштоўнасць, але і крыніца вобразаў, тэм, матываў для сучасных творцаў, неад'емная частка духоўнага жыцця людзей.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Ананіч, А. Захавальнікі народнай культуры і традыцый / А. Ананіч // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2019. – 23 кастр. – С. 2.

2. Ананіч, А. Знаёмцеся: «Велікасельскія вячоркі»! / А. Ананіч // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2019. – 23 лют. – С. 6.

3. Лазовік, Л. «Жанілі Цярэшку» / Л. Лазовік // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2001. – 24 студз. – С. 2.

4. Чарняўская, В. Калі музыка аб'ядноўвае / В. Чарняўская // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2019. – 4 мая – С. 6.

5. Януш, І. Ю. Нам засталася спадчына / І. Ю. Януш // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. Л. М. Лабачэўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2004. – С. 447–448