Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Гісторыя. Шумілінскі раён. Пасляваенны перыяд

 

Пасляваеннай разрусе працаўнікі Шуміліншчыны супрацьпаставілі мужнасць, самаадданую працу, згуртаванасць і веру ў поспех. У цяжкую хвіліну людзі прыходзілі на дапамогу адзін аднаму, думаючы ў першую чаргу аб дзецях і хлебе. Рашэннем Сіроцінскага райвыканкама 2 кастрычніка 1944 г. была створана спецыяльная камісія па ўладкаванні дзяцей-сірот. Да вясны 1945 г. у раёне заставалася яшчэ замініравана плошча ў 360 га, з іх 120 га раллі. Для вызвалення зраненай, абпаленай зямлі было падрыхтавана на спецыяльных курсах каля ста спецыялістаў па размініраванні. Вясновая сяўба праходзіла ў неверагодна цяжкіх умовах. Насенне калгаснікам прыходзілася насіць на сабе здалёку, часам за 40 кіламетраў. Не на чым было араць, не хапала працоўных рук.

Адначасова з аднаўленнем разбураных ферм, прадпрыемстваў, школ ствараліся новыя. Непадалёк ад Шуміліна пачалося будаўніцтва буйнога торфапрадпрыемства «Дабееўскі Мох», прадукцыя якога прызначалася для Віцебскай ЦЭЦ, школ раёна, устаноў, жылых дамоў.

Прыклады гераічнай працы паказалі ў гэтыя гады сотні працаўнікоў Шуміліншчыны.

Гады ўпартай працы прынеслі свой плён. За першую пасляваенную пяцігодку ў раёне адбыліся значныя змены. Адрадзіліся з попела сёстры Хатыні – Барсукі, Гульбішча, Ціжма, Ужляціна і частка іншых спаленых гітлераўцамі вёсак. У калгасах былі поўнасцю адноўлены грамадскія будынкі, пабудаваны новыя. Да 1950 г. больш чым на 5 тыс. га ў параўнанні з 1946 г. павялічыліся пасяўныя плошчы, у паўтара разы ўзрасла ўраджайнасць. 15 калгасамі былі поўнасцю засвоены даваенныя пасяўныя плошчы. Паляпшалася культура земляробства, павялічылася аплата працы калгаснікаў. Паспяхова працавалі льнаводы раёна. У 1949 г. яны здалі дзяржаве льнопрадукцыі на 67 % больш, чым у першы год пяцігодкі; узраслі надоі малака ад адной фуражнай каровы.

Да пачатку 50-х гадоў на поўную магутнасць ужо працавалі Обальская цагельня, торфапрадпрыемства імя А. Э. Даўмана, брыкетны цэх торфапрадпрыемства «Дабееўскі Мох». Калектыў Сіроцінскага льнозавода пяцігадовы план выпуску валавай прадукцыі выканаў за 4 года, заняўшы першае месца ў спаборніцтве льнозаводаў рэспублікі.

У раёне былі створаны 2 дзіцячыя дамы, дзе жылі і выхоўваліся каля 200 дзяцей, бацькі якіх загінулі ў гады вайны. Былі адноўлены будынкі Амбрасавіцкай, Лаўжанскай, Сіроцінскай і іншых школ-сямігодак, пабудаваныя новыя школы. Усяго ў Сіроцінскім раёне ў 1950 г. налічвалася 66 школ. Сярод настаўнікаў былі педагогі з вялікім вопытам працы, франтавікі, такія як Н. Ф. Лосеў і Ф. І. Семчанка, удастоеныя пасля звання «Заслужаны настаўнік БССР», і тыя, хто пачаў сваю настаўніцкую дзейнасць у пасляваенны час.

Рос дабрабыт працаўнікоў, а разам з ім і патрабаванні ў вобласці культуры. У 1946 г. на раён прыходзілася не больш 100 радыёкропак, а да 1950 г. іх колькасць узрасла ў тры разы. Працавалі Дамы культуры, 7 клубаў, 14 хат-чытальняў, 2 стацыянарныя і 4 перасоўныя кінаўстаноўкі, раённая, 2 сельскія і 11 перасоўных бібліятэк. Цікавы лёс раённай бібліятэкі. Перад вайной у ёй было каля 9 тысяч кніг. Гітлераўцы спалілі яе. І ўсё ж частку кніг шумілінцам атрымалася выратаваць. У. Ф. Каранеўская, якая пачала працаваць у бібліятэцы да вайны, зберагла 1337 кніг. У першыя жа пасляваенныя гады сталі паступаць кнігі з Урала і Сібіры. У 1949 г. у бібліятэцы было ўжо больш 8 тысяч кніг.

Новых працоўных поспехаў дабіліся працаўнікі раёна ў 6-й пяцігодцы. Раней вызначанага тэрміна выканалі сезонныя заданні 1959 г. калектывы торфапрадпрыемстваў імя А. Э. Даўмана і «Дабееўскі Мох». Пасля далучэння торфапрадпрыемства імя А. Э. Даўмана да дзяржаўнай энергасістэмы асноўныя працэсы нарыхтоўкі торфу на ім былі электрыфікаваныя. На прадпрыемстве пачалося будаўніцтва адной з буйнейшых у СССР фабрык цеплаізаляцыйных пліт. Гонарам торфапрадпрыемства «Дабееўскі Мох» стаў пасёлак з добраўпарадкаванымі дамамі, шырокімі вуліцамі, прыгожай школай, клубам. У 1959 г. тут здадзены 40 кватэр, школа, дзіцячыя яслі.

У раёне выраслі сапраўдныя майстры сельскагаспадарчай вытворчасці. Імёны маладой даяркі Зінаіды Бабахі з калгаса «Світанак», свінаркі калгаса «40 гадоў Кастрычніка», дэпутата Вярхоўнага Савета БССР М. Я. Калінінай, птушніцы саўгаса «Сіроцінскі», дэлегата XXI з'езду камсамола Беларусі Зоі Шараковай сталі вядомыя далёка за межамі раёна і вобласці.

У лютым 1967 г. Віцебская вобласць была ўзнагароджана ордэнам Леніна. Як і ўсе працаўнікі вобласці, шумілінцы адчувалі пачуццё гонару за родны край, усведамляючы, што яны таксама ўнеслі свой пасільны ўклад у агульную справу. За сямігодку ў гаспадарках раёна ўзраслі валавыя зборы збожжа на 20 %, бульбы больш чым у 2 разы, ільнопрадукцыі на 22 %, аплата працы хлебаробаў павялічылася на 11 %. У ліку перадавых гаспадарак былі калгасы імя У. І. Леніна, «Расія», імя У. І. Чапаева, саўгасы «Сіроцінскі», «Мішневічы». Сваёй працай услаўлялі Шуміліншчыну цялятніца калгаса імя У. І. Леніна З. Т. Пальвінская, сувязіст І. Н. Маркаў, паштальён М. Ф. Шарыкава, удастоеная ў 1979 г. за шматгадовую працу ганаровага звання «Заслужаны сувязіст БССР», і інш. У 1966 г. З. Т. Пальвінская была ўдастоена вышэйшай узнагароды Радзімы – звання Героя Сацыялістычнай Працы. Яна была абраная дэлегатам на XXIII з'езд КПСС і дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР 7-га склікання.

У студзені 1968 г. бюро Шумілінскага райкама партыі прыняла рашэнне заснаваць Кнігу Народнай Славы раёна. У ліку першых у кнігу былі занесены імёны ўдзельнікаў грамадзянскай вайны Н. Т. Шпакава і Герояў Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка, Д. М. Мінчугова, П. А. Ласкунова, Н. К. Спірыдзенка, Е. З. Зяньковай.

У 1970 г. у сельскай гаспадарцы раёна працавалі 236 дыпламаваных спецыялістаў, 698 механізатараў. Да паслуг працаўнікоў былі 7 бальніц на 300 коек, 4 амбулаторыі, 12 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Працавалі 4 Дамы культуры, 19 клубаў, 20 бібліятэк, фонд якіх налічваў да 200 тыс. кніг. У 9 сярэдніх, 18 васьмігадовых і 45 пачатковых школах працавалі 480 педагогаў. Сярод іх – заслужаныя настаўнікі БССР М. П. Ільінец, Л. З. Храмцоў, Э. А. Юшкевіч, М. А. Пухава, З. Г. Ерашова, М. А. Кібісава, У. П. Сураўнёва.

Як і ў даваенныя гады, адной з лепшых на Віцебшчыне лічылася Обальская сярэдняя школа імя Героя Савецкага Саюза 3. М. Партновай. У 1968 г. за вялікую працу па камуністычным выхаванні навучэнцаў і выдатныя вынікі ў сацыялістычным спаборніцтве школ рэспублікі ёй быў уручаны памятны сцяг ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Савета Міністраў БССР і Беларускага рэспубліканскага савета прафсаюзаў, а дырэктару школы О. А. Цітовай было прысвоена званне «Заслужаны настаўнік БССР».

У 1971 г. адзін з лепшых працоўных Шуміліншчыны – машыніст торфапрадпрыемства «Дабееўскі Мох» М. Б. Кандраценка ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.

Развіццё раёна ў 70-х гадах характарызавалася працоўным і палітычным уздымам, хуткім ростам прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, далейшым паляпшэннем дабрабыту кожнай сям'і. Да 1977 г. у распараджэнні 13 калгасаў, 6 саўгасаў і адной птушкаводчай гаспадаркі раёна знаходзіліся 155 збожжаўборачных камбайнаў, 683 трактары, 245 аўтамабіляў, 76 бульбаўборачных і 57 ільнаўборачных камбайнаў, 198 сеялак і шмат іншага інвентара. У сельскагаспадарчай вытворчасці раёна былі занятыя больш 900 механізатараў, многія сотні жывёлаводаў і паляводаў, каля 400 спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Рыхтаваць кадры для сельскай гаспадаркі актыўна дапамагалі школы раёна. Адзін з прыкладаў – Мішневіцкая сярэдняя школа і саўгас «Мішневічы». З 85 механізатараў, якія працавалі ў саўгасе ў 1974 г., 69 былі выпускнікамі мясцовай школы. Сістэма прафарыентацыі была прадумана педагогамі школы сумесна з дырэкцыяй саўгаса.

Дзесяцігоддзямі ўпартай працы ўсеагульную павагу і славу заслужылі механізатар саўгаса імя З. М. Кароткіна І. Ф. Іспенкоў, працаўнікі саўгаса «Мішневічы» – даярка Н. З. Канстанцінава, брыгадзір А. П. Вікулаў, загадчык фермай Н. І. Даўгілаў, механізатар, заслужаны настаўнік моладзі Н. Н. Абраменка, трактарыст калгаса імя І. У. Мічурына Н. І. Федура і звеннявая льнаводаў М. Р. Кляцкова. Усе яны ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Кавалерам ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі стала Е. П. Кавалёва, загадчыца свінафермай калгаса імя У. І. Леніна. Ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі адзначана праца цялятніцы К.Я. Русаковай і даяркі Е. І. Арэхавай з саўгаса імя З. М. Кароткіна, трактарыстаў У. У. Макеева з саўгаса «Казьяны» і А. Ф. Гапеева з калгаса «Іскра». Сваімі працоўнымі дасягненнямі праславіліся: кавалер двух ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга звеннявы саўгаса імя С. М. Кароткіна А. К. Чарнічэнка, кавалер ордэнаў Працоўнай Славы III і II ступеняў, старэйшая даярка калгаса імя У. І. Леніна У. Н. Тукаева і многія іншыя працаўнікі Шуміліншчыны.

Праз нялёгкія выпрабаванні 90-х гадоў прайшлі многія прадпрыемствы Шумілінскага раёна. Выстаяў і адрадзіўся Шумілінскі льнозавод. З 1998 г. – ААТ. Магутнасць прадпрыемства сёння 800 тон валакна ў год, перапрацоўваецца звыш 5 тысяч тон ільнотрасты. На рынак прыйшлі новыя прадпрыемствы: сумеснае беларуска-германскае па вырабе піламатэрыялаў «Ханзэ-Хольц», аднавіла сваю работу замежнае прыватнае прадпрыемства «Славянскі прадукт», якое да 2003 года належала ААТ «Нарцімер» (г. Масква). Стабільна працуе ў раёне замежнае прадпрыемства па гадоўлі і перапрацоўцы птушкі «Вітконпрадукт». Адладзіў за гады выхаду з крызісу механізм работы ДРБУ-204. Неацэнны ўклад у эканоміку раёна ўнеслі меліяратары.

Выключна важнае месца займае культура. Па-майстэрску гэта робяць у раённым аддзеле культуры райвыканкама. На базе клубаў і палацаў культуры праходзіць творчае сталенне больш за 130 суполак, у 88 з іх займаюцца дзеці. Працуюць дзве дзіцячыя школы мастацтваў, 25 бібліятэк раёна, метадычны цэнтр, музеі, Дом рамёстваў. У раёне развіваюцца фізічная культура і спорт. Працуюць гарадскі стадыён, спартыўныя залы, спартыўныя пляцоўкі, секцыі. У апошнія гады актывізаваўся аграэкатурызм. Развіваецца медыцына, гандаль, транспартныя паслугі, сфера бытавога абслугоўвання і інш.

 

Гарадскі пасёлак Шуміліна. Цэнтр пазашкольнай работы. Фатаграфія з сайта http://news.21.byГарадскі пасёлак Шуміліна. Цэнтральная аптэка № 40 Шумілінскага раёна. Фатаграфія з сайта http://pharmacia.byГарадскі пасёлак Шуміліна. Новы шматпавярховы раён. Фатаграфія з сайта http://schelkunov.livejournal.com

 

ЛІТАРАТУРА

1. 1945–1980-е // Память: историко-документальная хроника Шумилинского района / редкол.: И. П. Шамякин [и др] ; худож. А. Н. Хилькевич. – Минск : БелЭн им. П. Бровки, 1985. – С. 478–510.

2. История [Электронный ресурс] // Шумилинский районный исполнительный комитет. – Режим доступа: http://shumilino.vitebsk-region.gov.by/ru/region/new_3. – Дата доступа: 06.09.2017.

3. Ісачэнка, Л. Подзвіг адраджэння / Л. Ісачэнка // Герой працы (Шуміліна). – 1984. – 27 сак. – С. 2.

4. Наш раён з 1945 года да пачатку 90-х гадоў // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 105–118.

5. Становішча ў канцы ХХ–пачатку ХХІ ст. // Гісторыка-краязнаўчы курс «Наша Шуміліншчына». Шуміліназнаўства / уклад.: В. А. Падляшчук [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2010. – С. 121–136.

6. Уладзіміраў, В. Працяг подзвігу / В. Уладзіміраў // Герой працы (Шуміліна). – 1977. – 8 верас. – С. 2.