Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Спіс помнікаў археалогіі. Ушацкі раён

arrow Гарадзішча ля в. Белюкоўшчына

Гарадзішча знаходзіцца каля вёскі на беразе воз. Горнава, на 2 пляцоўках. Памер першай 40х70 м, другой 55х60 м. З боку поля ўмацавана валам вышынёй каля 2 м і ровам глыбінёй 2 м. Выявіў у 1967 г. К. П. Шут, абследавалі ў 1972 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Сабраны фрагменты ляпной гладкасценнай і сеткавай керамікі. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі, датуецца IV ст. да н. э. – II ст. н. э.

arrow Гарадзішча ля в. Ваўчо

Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку V ст. да н. э. – V ст. н. э. знаходзіцца за 0,1 км на паўночны ўсход ад вёскі, на заходнім беразе воз. Гарадзенец ва ўрочышчы Замак, на высокім прадаўгаватым узгорку. Вышыня над возерам 7 м. З захаду гарадзішча абмываецца р. Ваўчо. Памер пляцоўкі 45х60 м. Абследавалі ў 1972 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Гарадзішча ля в. Гарадзец 3-і

Гарадзішча знаходзіцца на левым беразе р. Ушача на месцы былой в. Гарадзец-1, на ўзгорку вышынёй 16–18 м. Памер пляцоўкі каля 90х90 м. Вядома з 1873 г. Даследавалі ў 1928 г. А. І. Сербаў, ў 1972 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Культурны пласт 0,2–0,6 м. Мае 2 гарызонты. У ніжнім знойдзена ляпная кераміка, у верхнім – рэшткі ганчарнага посуду. Адносіцца да першай паловы І тыс. н. э. і ХІ–ХІІ стст.

arrow Гарадзішча ля в. Загаваліна

Гарадзішча размешчана за 1 км на захад ад аднайменнай вёскі. Помнік вядомы з 1873 г., а першыя звесткі аб ім утрымлівае праца «Известия Археологической комиссии. Вып. 5» за 1903 год, дзе аб гарадзішчы каля в. Загаваліна сказана: «...кругообразной формы, расположено в болотистой местности и не имеет никаких украшений, и, по преданию, здесь был некогда город Заголовщина».

У далейшым гарадзішча згадваецца ва ўсіх публікацыях, што прысвечаны старажытнасцям жалезнага веку гэтага рэгіёна.

Упершыню раскопкі на помніку праводзіў у 1966 г. беларускі археолаг К. П. Шут на плошчы 200 м2. Пляцоўка памерам 40х30 м мела форму авала. Знойдзены культурны пласт, складаецца з двух гарызонтаў. Ніжні, які датуецца I–IV стст. н. э. і пакінуты насельніцтвам днепра-дзвінскай культуры, утрымліваў рэшткі наземнага жытла слупавой канструкцыі з каменнымі агнішчамі, рэшткі печаў-домніц і кавалкі шлаку, жалезныя сярпы, нажы, шылы, іголкі, дроцік, бронзавыя спіралькі, бляшкі, касцяныя праколкі, каменныя паліраваныя сякеры, таўкачы, слабапрафіляваныя гаршкі і пасудзіны слоікавай формы, упрыгожаныя ямачнымі паглыбленнямі, скразнымі адтулінамі ніжэй краю венчыка, наразнымі лініямі і насечкамі на верхняй частцы пасудзін.

У верхнім гарызонце, які адносіцца да VI–VIII стст. н. э. і пакінуты насельніцтвам культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны, знойдзены абломкі гладкасценных пасудзін. Даследчык надае асаблівую ўвагу і знаходкам прылад, якія сведчаць пра земляробства. Гэта ў першую чаргу знаходкі касара і сярпоў, а таксама зерняцёркі і песты. Пры апісанні матэрыялаў раскопак К. П. Шут звяртае таксама ўвагу на цікавую знаходку донца ад невялікай бочачкі, што сведчыць аб тым, што жыхары гарадзішча ведалі, як іх зрабіць. Ён падкрэслівае, што неад'емнай часткай матэрыяльнай культуры насельніцтва днепра-дзвінскай культуры былі сякеры, частка з якіх выкарыстоўвалася ў ваенных мэтах.

Існаванне гарадзішча ў I ст. да н. э. – IV ст. н. э. пацверджана наяўнасцю архаічнай арнаментаванай керамікі, бронзавай спіралі, жалезных петлепадобных булавак і бранзалетаў. Тое, што яно існавала і ў V–VII стст. н. э., даказваецца знаходкамі фрагментаў ляпнога неарнаментаванага посуду, нажоў з патоўшчанай спінкай і ўтулкавым двухшыпным наканечнікам дзіды.

arrow Гарадзішча ля в. Кублічы

Гарадзішча размешчана за 0,5 км на ўсход ад вёскі, на востраве Кубліцкага возера. Ва ўрочышчы Замчышча засталося гарадзішча, заснаванае ў IV ст. да н. э. – III ст. н. э. насельніцтвам днепра-дзвінскай культуры. Гарадзішча знойдзена ў 1928 г. І. А. Сербавым. У 1964–1966 гг., 1968 г. К. П. Шут заклаў на ім раскоп плошчай 736 м2. У цэнтры пляцоўкі магутнасць культурнага пласта дасягала 0,2–0,3 м, каля краёў яна была каля 1 м. Знойдзены сляды наземнага жытла слупавой канструкцыі, якое размяшчалася каля краю пляцоўкі. Унутры жытла былі рэшткі адкрытых агнішчаў, абкладзеных камянямі. Абсалютная колькасць (90 %) знойдзенай керамікі была выраблена насельніцтвам днепра-дзвінскай культуры. Гэта слабапрафіляваныя гаршкі і пасудзіны слоікавай формы. Невялікая колькасць (10 %) посуду зроблена пад уплывам культуры штрыхаванай керамікі. Знойдзены і кавалкі гаршкоў, аздобленыя адбіткамі тканіны. Сярод знаходак жалезныя сярпы, нажы, сякеры, страла, матыка, шылы, рыбалоўныя кручкі, посахападобныя шпількі, разнастайныя пярсцёнкі, бронзавыя бляхі, бранзалеты, касцяныя праколкі, рукаятка нажа. Знойдзены таксама падмурак печы-домніцы, у якой выплаўлялі жалеза, шмат шлакаў, каменныя кавадлы, зерняцёркі. Дадаткова гарадзішча Кублічы даследавалі А. Г. Калечыц у 1972 г. і А. А. Егарэйчанка ў 1981 г.

arrow Гарадзішча ля в. Любжана

Вядома пад назвай Гракава. Знаходзіцца за 0,8 км на захад ад вёскі, на беразе воз. Паўазер'е. Пляцоўка памерам 84х40 м у паўночнай частцы мае невялікі тэрасападобны выступ, з усходняга боку захаваліся рэшткі невялікага рова, з заходняга – паглыбленне, штучна ператворанае ў глыбокі роў. З поўначы і поўдня гарадзішча мае высокія і стромкія схілы. Выявіў у 1929 г. І. Карандзей, абследавалі ў 1929 г. Л. В. Аляксееў, у 1967 г. Г. В. Штыхаў, у 1972 г. М. М. Чарняўскі, у 1981 г. Э. М. Зайкоўскі. На краях пляцоўкі – культурны пласт каля 0,3 м. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Гарадзішча ля в. Турасполле

Гарадзішча знаходзіцца за 1,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, на мысе воз. Атолава, каля дарогі з в. Зарэчча ў в. Касоўшчына. Пляцоўка памерам 30x60 м. Вышыня над узроўнем возера 8–10 м. Вядома з канца ХІХ ст., абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Культурны пласт 0,4–0,5 м. Знойдзены фрагменты ляпной керамікі і шмат абпаленых камянёў. Належала плямёнам днепра-дзвінскай культуры, датуецца І–ІІ стст. н. э.

arrow Гарадзішча ля в. Усая

Гарадзішча знаходзіцца каля вёскі, на беразе воз. Усая. Усходняя частка гарадзішча ўзвышаецца над возерам на 10 м. Пляцоўка памерам 40х80 м. З паўночнага боку, каля ўвахода на гарадзішча, прасочваецца вал вышынёй да 2 м. Вядома з 1873 г., абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Культурны пласт 0,5 м. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Гарадзішча ля г. п. Ушачы

Гарадзішча знаходзіцца на ўсходняй ускраіне г. п. Ушачы. Вядома пад назвай Замак. Пляцоўка авальная, памерам 82х35 м з невялікім узвышшам па краях, умацавана валам. Абследавалі ў 1949 г. А. Р. Мітрафанаў, у 1964 г. К. П. Шут, у 1972 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Культурны пласт у цэнтры дасягае 0,4 м, па краях перавышае 1 м. Мае 2 гарызонты – ніжні з керамікай днепра-дзвінскай культуры (не пазней ІІІ– IV стст. н. э.) і верхні, які адносіцца да перыяду ранняга феадалізму (ХІ–ХІІІ стст.).

arrow Гарадзішча ля в. Чамярычына

Гарадзішча размешчана за 0,5 км на паўднёвы захад ад вёскі, на ўзгорку, які мае назву Замак. Належала плямёнам днепра-дзвінскай культуры і датуецца IV ст. да н. э. – III ст. н. э. Мае авальную пляцоўку памерам 35 х 55 м, якая абкружана валам вышынёй да 2,5 м і ровам глыбінёй 1,6 м. Выявіў і даследаваў К. П. Шут у 1968 г. Знойдзена ляпная гладкасценная і штрыхаваная кераміка, каменныя свідраваныя сякеры, касцяное долата, жалезны серп, шыла, фрагмент тыгля і іншыя рэчы.

arrow Курган ля в. Павулле

Курган знаходзіцца за 2 км на поўнач ад вёскі, пры ўпадзенні р. Дзіва ў воз. Павульскае. Памер 6х8 м, вышыня 2 м. Выявіла ў 1971 г. А. Г. Калечыц.

arrow Курган ля в. Пранікі

Курган знаходзіцца за 0,2 км на паўночны ўсход ад вёскі, на краі поля. Насып вышынёй 3 м, дыяметрам 8 м. Вядомы з 1873 г. Абследаваў у 1981 г. А. А. Егарэйчанка.

arrow Курганны могільнік ля в. Бадзяліна

Курганны могільнік знаходзіцца за 0,4 км на захад ад в. Бадзяліна, у лесе. 7 насыпаў вышынёй 1,4–1,5 м, дыяметрам 12–15 м, адзін курган вышынёй 6 м, дыяметрам 25 м. Абследавалі ў 1972 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Башоўка

Курганны могільнік знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі, ва ўрочышчы Бор. Каля 50 курганоў вышынёй да 2 м, дыяметрам 6–10 м. Амаль усе абкладзены камянямі. Захаванасць добрая. Выявіла і абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганныя могільнікі ля в. Воснава

Курганны могільнік (1) знаходзіцца за 1 км на захад ад вёскі, злева ад дарогі з в. Вялікія Дольцы ў в. Дубінец. 7 насыпаў: 2 круглыя дыяметрам 7–9 м, вышынёй 1 і 2,5 м; 2 доўгія памерам 18х15 м, вышынёй 2,5 м; 2 курганы вышынёй 1,5 м, дыяметрам 8 м, маюць каменную муроўку; адзін вышынёй 1,5 м, у папярочніку 8 м, з двух бакоў абрэзаны.

Курганны могільнік (2) знаходзіцца за 1 км на поўнач ад вёскі, ва ўрочышчы Барок. 15 курганоў вышынёй ад 1 да 2,5 м, дыяметрам 7–10 м. Вядомы з 1924 г. Абследавалі ў 1972 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Гарадзец 3-і

Курганны могільнік знаходзіцца побач з вёскай, на высокім беразе воз. Існа. 20 курганоў вышынёй да 1,5 м, дыяметрам да 3 м. 7 курганоў не пашкоджаны. Вядомы з 1873 г.

І. А. Сербаў у 1928 г. раскапаў адзін насып, у якім шкілет нябожчыка ляжаў на вогнішчы на грунце. Датуецца пачаткам ІІ тыс. н. э.

arrow Курганны могільнік ля в. Гута

Курганны могільнік перыяду ранняга сярэдневякоўя IX–XIII стст. знаходзіцца за 0,3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі. 32 курганы добрай захаванасці, ёсць вышынёй да 1 м, дыяметрам 25 м. Сярэдняя вышыня 2–3 м, дыяметр 6–8 м. Выявіла ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганныя могільнікі ля в. Заазер'е

Курганны могільнік (1) знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі, на перакрыжаванні бальшака Вялікія Дольцы – Пышна і грунтовай дарогі на былы хутар Тартак, на высокай выдме, зарослай лесам. Складаецца з 2 груп: 11 і 15 насыпаў, вышынёй да 2 м, дыяметрам 6–8 м.

Курганны могільнік (2) перыяду ранняга сярэдневякоўя IX–XIII стст. знаходзіцца за 0,2 км на ўсход ад вёскі, на заходнім беразе воз. Заазер'е. Захавалася 5 насыпаў вышынёй 2–3 м, дыяметрам да 10 м. Выявіў могільнікі ў 1928 г. І. А. Сербаў, абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Ідута

Курганны могільнік знаходзіцца за 0,6 км на поўнач ад вёскі, у лесе. Больш за 70 насыпаў дыяметрам ад 5–7 да 20 м і вышынёй ад 1 да 5 м. Вядомы з 1873 г. Абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Касары

Курганны могільнік знаходзіцца за 3 км на захад ад вёскі, у лесе, ва ўрочышчы Краснік (каля балота). Больш за 120 курганоў вышынёй да 3 м, дыяметрам да 10 м, асобныя курганы вышынёй 5,5 м, дыяметрам 25 м. Захаванасць добрая. Выявіла ў 1972 г. А. Г. Калечыц, абследаваў у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Кляпцы

Курганны могільнік знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі. 80 курганоў вышынёй 1–2,5 м, дыяметрам ад 4–8 м. Вядомы з 1873 г. Абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Корсакава

Курганны могільнік знаходзіцца за 0,5 км на поўдзень ад вёскі, у напрамку в. Чарсцвяты, на беразе воз. Чарсцвяцкае. 10 курганоў дыяметрам 7–16 м, вышынёй 2–3 м. Адзіночны курган размешчаны на паўночны захад ад вёскі (каля могілак), вышынёй 2,5 м, дыяметрам 12 м. Вядомы з 1873 г. Абследавалі ў 1972 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Крывушана

Курганны могільнік знаходзіцца за 0,5 км на паўночны захад ад вёскі, на месцы ўпадзення р. Тураўлянка (левы прыток Заходняй Дзвіны) у воз. Бярозавае. 5 насыпаў дыяметрам 8–12 м, вышынёй 0,5 і 1 м. Вядомы з 1873 г. Абследавалі ў 1971 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганныя могільнікі ля в. Кублічы

Курганны могільнік (1) знаходзіцца на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі. 10 курганоў; 4 прадаўгаватыя (10х16 і 9х14 м), вышынёй да 2,5–3 м, астатнія круглыя, дыяметрам 8–12 м, вышынёй 0,3–2,5 м.

Курганны могільнік (2) знаходзіцца за 0,3 км ад першага, ва ўрочышчы Валатоўкі, у лесе (мясцовая назва Чырвоны Бор). 126 насыпаў дыяметрам да 5–8 м, вышынёй 0,5–2 м.

Выявілі могільнікі ў 1903 г. М. Ф. Кусцінскі, абследавалі ў 1928 г. І. А. Сербаў, у 1971 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі праводзіліся ў 1990 г. Даследаваннямі займалася археолаг Л. У. Дучыц.

arrow Курганны могільнік у в. Мазуліна

Курганны могільнік знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне вёскі. 9 курганоў вышынёй да 1,5 м, дыяметрам да 5 м, асобныя вышынёй да 4 м, дыяметрам 15–20 м. Абследавалі ў 1971 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганныя могільнікі ля в. Матырына

Курганны могільнік (1) знаходзіцца на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, у лесе, на левым беразе р. Альзініца, абапал палявой дарогі ў в. Угрынкі. 116 курганоў вышынёй 1,5–2 м, дыяметрам да 10 м.

Курганны могільнік (2) знаходзіцца за 0,3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі. 7 курганоў. Памеры блізкія да курганоў першага могільніка.

Курганны могільнік (3) знаходзіцца за 0,5 км на ўсход ад вёскі, уздоўж дарогі ў в. Угрынкі. 69 насыпаў вышынёй 1,5–2 м, дыяметрам да 10 м, ёсць курганы вышынёй да 4 м і дыяметрам да 30 м.

Курганны могільнік (4) знаходзіцца за 1,5 км на ўсход ад вёскі, на заходнім беразе воз. Матырына, у лесе. 130 насыпаў вышынёй 0,5–2,5 м, дыяметрам да 6–15 м, добрай захаванасці, выцягнуты ўздоўж берага возера палосай да 100 м.

Выявіў могільнікі ў 1928 г. І. А. Сербаў, абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Пуцілкавічы

У 80–90-я гг. ХІХ ст. даследаваннямі наваколля в. Пуцілкавічы займаўся вядомы беларускі краязнаўца і археолаг Ф. Л. Вярэнька. Ён склаў археалагічную карту ваколіц Пуцілкавічаў, на якую нанёс 85 помнікаў старажытнасці, сярод якіх шмат курганных могільнікаў. На карце адзначаны курганы каля вёсак Старынкі, Ідуты, Гарадзец, Афераўшчына, Весніцк, Воснава, Вялікія Дольцы, Замошша, Чарнаручча, тры курганныя могільнікі каля в. Пуцілкавічы (за 300 м на паўднёвы ўсход ад маёнтка Пуцілкавічы; у напрамку в. Елюбава, у некалькіх сотнях метраў на захад ад в. Пуцілкавічы і два курганы за 1–1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі).

Раскопкі ў Пуцілкавічах Ф. Л. Вярэнька праводзіў у 1887–1891 гг. Усяго было раскапана 36 пахаванняў (земляных курганоў і курганоў, абкладзеных камянямі). Сярод знаходак – гліняныя гаршкі, жалезныя сякеры і нажы, упрыгажэнні, сярэбраны кубічны дырхем, рэшткі тканін (ільняной і золататканай). Асаблівую цікавасць уяўляюць жаночыя ўпрыгажэнні. Гэта бронзавыя бранзалеты, пярсцёнкі, падковападобныя фібулы (зашпількі для адзення), шыйныя грыўні, бразготкі і падвескі ў выглядзе плоскіх стылізаваных конікаў, а таксама разнастайныя пацеркі. Сярод пацерак рознакаляровыя шкляныя, золаташкляныя, бурштынавыя і пацеркі, зробленыя з костачак сліў.

arrow Курганны могільнік ля в. Рыбакі

Курганны могільнік знаходзіцца за 1,15 км на паўночны ўсход ад вёскі, на ўсходнім беразе воз. Рыбакоўскае, у лесе. 136 курганоў вышынёй 1,5–6 м, дыяметрам 7–16 м. Каля асноў большасці насыпаў прасочваюцца раўкі. Некалькі насыпаў пашкоджаны ямамі. Выявіў у 1928 г. І. А. Сербаў, абследавалі ў 1951–1952 гг. К. С. Астапаў, у 1971 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі праводзіліся ў 1990 г. Даследаваннямі займалася археолаг Л. У. Дучыц.

arrow Курганны могільнік ля в. Садкі

Курганны могільнік знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі, у полі. 20 курганоў, абкладзеных камянямі, вышынёй 0,5–2 м, дыяметрам 5–8 м. Выявіла ў 1971 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Салаўёўка

Курганны могільнік знаходзіцца за 0,2 км на захад ад былой в. Хадакова. 5 курганоў вышынёй 0,5–2,5 м, дыяметрам 10–14 м. Выявіла ў 1971 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Селішча

Селішчанская курганная група (мясцовая назва Французскі могільнік, Напалеонаўскія магілы, магілы воінаў) размешчана за 0,1 км на поўдзень ад вёскі, за школай, каля сучасных могілак. Да пачатку раскопак тут захавалася 52 насыпы. Вышыня іх ад 1 да 3 м, дыяметр ад 5 да 10 м. Было раскапана 16 курганоў. У іх знойдзены нож, расплаўленыя шкляныя пацеркі, фрагменты пласцінчатых і дротавых упрыгажэнняў, гліняная праселка. Рэчы датуюцца X ст. У адным з курганоў знойдзены галаўны вяночак са спіральных пранізак, бранзалетападобныя скроневыя кольцы і бранзалет са стылізаванымі звярынымі галоўкамі. Мяркуючы па рэчах, пахаванне адбылося ў пачатку XI ст.

У курганах з пахаваннямі па абрадзе трупапалажэння знойдзены ножыкі, гліняны посуд, дротавыя бранзалетападобныя скроневыя кольцы і разнастайныя шкляныя пацеркі (золаташкляныя бочкападобныя, сінія, упрыгожаныя белымі ромбікамі, бісерныя, лімонкі, невялікія срэбрашкляныя і інш.)

На падставе знойдзеных рэчаў і абрадаў пахавання Селішчанскі курганны могільнік датуецца канцом X – пачаткам XII стст. Этнічная прыналежнасць пахаваных вызначаецца як балта-славянская (крывічанская).

Выявіў у 1928 г. І. А. Сербаў, абследавалі ў 1971 г. А. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. Раскопкі праводзіліся ў 1990 г. Даследаваннямі займалася археолаг Л. У. Дучыц.

arrow Курганны могільнік ля в. Слабодка

Курганны могільнік знаходзіцца за 0,9 км на поўдзень ад вёскі, у лесе, каля павароту з былога тракта Кублічы – Зарэчча на в. Слабодка. 20 насыпаў вышынёй 0,5–4 м, дыяметрам 6–20 м. Выявіла ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Славені

Курганны могільнік знаходзіцца за 1 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, у лесе, абапал дарогі ў в. Крыжы. 18 насыпаў вышынёй 1–3 м, дыяметрам 10–17 м. Выявіў і даследаваў у 1930 г. I. А. Сербаў, абследавалі ў 1971 г. Л. Г. Калечыц, у 1981 г. А. А. Егарэйчанка. I. Л. Сербаў раскапаў 2 курганы. У адным пахавальны абрад – трупапалажэнне. Побач з нябожчыкам ляжалі 50 пацерак, падвеска з дырхема дынастыі Саманідаў (914–943 гг.), жалезны нож, ганчарны гаршчок, бронзавая падвеска. У другім пахавальны абрад – трупаспаленне на мацерыку. Знойдзены жалезны нож, рэшткі ганчарнага посуду. Курганы датуюцца ІХ–ХІ стст., належалі крывічам.

arrow Курганны могільнік ля в. Сонькін Рог

Курганны могільнік знаходзіцца на паўночным беразе воз. Павульскае, паміж в. Цётча і Сонькін Рог. 13 насыпаў вышынёй 1,5–3 м, дыяметрам 10–16 м. Выявіла ў 1971 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Старынка

Курганны могільнік знаходзіцца за 0,2 км ад вёскі, абапал дарогі Ушачы – Вялікія Дольцы. 10 насыпаў вышынёй 2–3 м, дыяметрам 3–6 м. Абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Усая

Курганны могільнік знаходзіцца за 0,5 км на паўднёвы захад ад воз. Жэнна, абапал дарогі з в. Усая ў в. Пола. 158 курганоў вышынёй 2 м, дыяметрам 6–8 м. Вядомы з 1873 г., абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганныя могільнікі за 7 км ад г. п. Ушачы

Знаходзіцца за 7 км на поўдзень ад г. п. Ушачы, непадалёку ад дома адпачынку «Лясныя азёры».

Курганны могільнік (1) знаходзіцца злева ад дарогі Ушачы – Лепель каля павароту на воз. Вечалле. 10 насыпаў вышынёй 1,5–4 м, дыяметрам 18–36 м. Выявіў у 1928 г. І. А. Сербаў, абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

Курганны могільнік (2) знаходзіцца за 0,6 км на поўдзень ад першага. 103 насыпы вышынёй не больш за 3 м, дыяметрам да 10 м, стаяць у адзін, два, радзей у тры рады кампактнай групай. Насыпы пясчаныя, здзірванелыя, захаваліся добра. Асобныя курганы трапляюцца і далей, уздоўж дарогі. Выявіў у 1928 г. І. А. Сербаў, абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля г. п. Ушачы

Курганны могільнік знаходзіцца за 3 км на паўднёвы ўсход ад г. п. Ушачы, у лесе. 6 курганоў дыяметрам 5–12 м, вышынёй 0,5–2 м. Абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Цётча

Знаходзіцца за 0,4 км на паўночны ўсход ад вёскі, злева ад дарогі Чарсцвяты – Краснае, каля моста цераз р. Дзіва, якая злучае воз. Павульскае і воз. Бярозавае. 9 насыпаў вышынёй 1–2,5 м, дыяметрам 8–12 м. За 0,3 км на поўдзень знаходзіцца яшчэ тры курганы вышынёй да 2 м, дыяметрам 10–12 м. Выявіў у 1956 г. Л. В. Аляксееў, абследавала ў 1972 г. А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.

arrow Курганны могільнік ля в. Ягадкі

Курганны могільнік знаходзіцца за 1 км на поўдзень ад вёскі. 2 курганы. Падоўжаны насып памерам17х19 м, круглы – вышынёй 2,5 м, дыяметрам 10 м. Выявіла і абследавала ў 1971 годзе А. Г. Калечыц. Раскопкі не праводзіліся.