Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Галубіцкая пушча, заказнік ландшафтна-гідралагічны. Докшыцкі раён, Глыбоцкі раён

Катэгорыя рэспубліканскі
Тып ландшафтна-гідралагічны
Раён Докшыцкі, Глыбоцкі
Год утварэння / пераўтварэння 1998, 2001

 

Заказнік рэспубліканскага значэння Галубицкая пушча знаходзіцца  ў Докшыцкім і Глыбоцкім раёнах. Утвораны ў 1998 годзе. У 2001 годзе ў сувязі з пашырэннем заказніка зменены яго межы і плошча.

Галубіцкая пушча ўяўляе сабой мазаічнае спалучэнне леса-балотных, лугавых, балотных і лясных масіваў, а таксама буйных натуральных вадаёмаў, якія знаходзяцца ў вадазборным басейне вярхоўяў ракі Бярэзіна. Лясамі пакрыта 70 % тэрыторыі, 18 % займаюць балоты. Ядром заказніка з’яўляюцца масівы сфагнавых і пераходных балот, якія размешчаны ў яго паўночнай частцы. Лясы ў асноўным прадстаўлены сярэдняўзроставымі хвойнікамі, у меншай ступені – ельнікамі, чорнаалешнікамі, бярэзнікамі. Вельмі рэдка сустракаюцца фрагменты шыракалістых лясоў.

Галубіцкая пушча адносіцца да вярхоўяў ракі Бярэзіна, якая з'яўляецца асноўнай воднай артэрыяй заказніка. Даўжыня ракі ў межах ТВП складае 40 кіламетраў. Рэчышча яе вельмі звілістае і часта разгалінаванае, багатае на пратокі і невялікія пясчаныя астравы, якія затапляюцца ў паводку. Рака Бярэзіна на тэрыторыі заказніка працякае праз пойменнае возера Медзазол. Другое буйное возера – Межужол размешчана сярод сфагнавых балот і звязана з Бярэзінай меліярацыйнымі каналамі і ракой Чарніца. Вада гэтага возера характарызуецца нізкай мінералізацыяй і высокай колернасцю. Возера зарастае слаба. У выніку правядзення асушальнай меліярацыі і торфараспрацовак у заходняй і часткова ў паўднёва-ўсходняй частках заказніка гідралагічныя ўмовы тэрыторыі значна трансфармаваліся.

3 гаспадарчай дзейнасці пераважае лесакарыстанне. Тарфяныя радовішчы на тэрыторыі Галубіцкай пушчы з'яўляюцца адной з асноўных у раёне баз здабычы прамысловай сыравіны. Мясцовыя жыхары на тэрыторыі заказніка збіраюць ягады і грыбы, займаюцца паляваннем і рыбнай лоўляй.

На тэрыторыі сустракаецца 140 відаў птушак, два з якіх – арлан-белахвост і драч – знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення, а 24 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

У заказніку гняздуюцца чапля-бугай (10–20 самцоў), звычайны гогаль (15–20 пар), поплаўны лунь (5 пар), малы арлец (10–20 пар), арол-вужаед (1–2 пары), залацістая сеўка (10–14 пар), даўгахвостая кугакаўка (3–5 пар), цецярук (70–100 пар), глушэц (30–40 самцоў), шэры журавель (8–11 пар) і пугач (1–3 пары). Адзначаны таксама чорнаваллёвы гагач, вялікая белая чапля і звычайны зімародак. 3 млекакормячых, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, сустракаюцца буры мядзведзь, барсук, еўрапейская рысь.

Рэдкія і знікаючыя віды флоры, занесеныя ў Чырвоную кнігу, прадстаўлены 9 відамі раслін і 1 відам грыбоў.

Заказнік быў створаны для захавання тыповага верхавога балота.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Бородин, В. Медвежий край / В. Бородин // Народная газета. – 2008. – 27 чэрв. – С. 7.

2. Леса-балотны комплекс «Галубіцкая пушча» // Скарбы прыроды Беларусі: тэрыторыі, якія маюць міжнароднае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці = Treasures of Belarusian nature: ares of International Significance for Conservation of Biological Diversity / аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш.]. – 2-ое выд, перапрац., дап. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 114–119.

3. Экалагічны веснік : [экалагічная старонка] / падрыхт. А. Панкрат // Веснік Глыбоччыны. – 2015. – 24 студз. – С. 6.