Расоны, г. п., Расонскі раён
- Подробности
- Створана 19.04.2017 12:23
- Адноўлена 16.07.2025 10:13
| Назва | Расоны |
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | гарадскі пасёлак |
| Вобласць | Віцебская |
| Раён | Расонскі |
| Першае ўзгадванне | 1552 |
| Тапанімічнае паходжанне назвы | назвы стаяць у адным шэрагу з назвамі Рось, Росіца, воз. Рушоны |
Гарадскі пасёлак Расоны знаходзіцца на беразе возера Расона, за 170 км на паўночны захад ад Віцебска, 45 км ад чыгуначнай станцыі Дрэтунь на лініі Полацк – Невель (Расія). Аўтадарогамі злучаны з Полацкам, Верхнядзвінскам, Невелем. У 2017 г. – 4888 жыхароў.
Расоны вядомыя з 1552 г. як вёска з 7 дымоў у Полацкім ваяводстве ВКЛ. Яна належала Ф. І. Корсаку. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Расоны ўвайшлі ў Полацкую, у 1796 г. – у Беларускую губерню, з 1802 г. вёска ў складзе Віцебскай губерні Расійскай імперыі. Паводле звестак Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта, у 1877 г. у вёсцы было 12 дымоў. Тут працавалі прыватныя агульнаадукацыйныя вучылішчы: з 1866 г. – жаночае, з 1869 г. – мужчынскае. Стаялі 2 царквы, карчма. У 1905 г. у вёсцы 51 жыхар. Расоны ў гэты час уваходзілі ў Вазнясенскую воласць Полацкага павета.
У 1924 г. у Расонах 26 двароў, 135 жыхароў. У тым жа годзе вёска – цэнтр раёна, які існаваў да 1962 г. У 1965 г. Расонскі раён адноўлены. У 1924–1930 гг. і 1935–1937 гг. Расоны ўваходзілі ў Полацкую акругу. 3 1938 г. – у Віцебскай вобласці.
У Вялікую Айчынную вайну 15 ліпеня 1941 г. Расоны акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі. За час акупацыі яны ў Расонах і раёне загубілі 3750 чалавек. У Расонах дзейнічала адна з груп Расонскага патрыятычнага падполля. Кіраўніком яе быў настаўнік Расонскай сярэдняй школы П. М. Машэраў. 19 верасня 1942 г. партызаны разграмілі ў Расонах фашысцкі гарнізон. Вёска да снежня 1943 г. была цэнтрам Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. 12 ліпеня 1944 г. Расоны вызвалілі часці 2-га Прыбалтыйскага фронту.
У 1944–1952 гг. Расоны ўваходзілі ў Полацкую вобласць. 14 ліпеня 1958 г. яны сталі гарадскім пасёлкам, які ў 1962–1965 гг. знаходзіўся ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці.
Планіровачная структура сучаснага пасёлка радыяльна-веерная, з рэгулярнай унутрыквартальнай забудовай. Асноўная кампазіцыйная вось – вуліца Савецкая з музеем баявой садружнасці і мемарыяльным паркам, забудаваная 2–5-павярховымі капітальнымі дамамі. На ёй склаўся адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр. Гарадскі пасёлак развіваецца паводле генплана 1995 г. Пераважае аднапавярховая індывідуальная забудова сядзібнага тыпу.
Працуюць прадпрыемствы харчовай, лесанарыхтоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці.
Працуюць сярэдняя школа, школа мастацтваў, ДЮСШ, 3 дашкольныя ўстановы, Дамы культуры і рамёстваў, 2 бібліятэкі, бальніца, паліклініка, гасцініца, 2 аптэкі, 2 спартыўныя залы, футбольнае поле; музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан; касцёл Святога Іасафата Кунцэвіча (2010).
У 1965 г. створаны мемарыяльны комплекс у гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Ёсць магіла ахвяр фашызму. Пастаўлены помнікі на месцах знішчэння савецкіх людзей у 1941–1942 гг. і расстрэлу падпольшчыкаў; партызанам; у гонар партызанскіх брыгад, а таксама помнік Вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Помнікі архітэктуры – Вазнясенская царква (1879), сядзібны дом (1900).
ЛІТАРАТУРА
1. Бегунова, Е. Чистые росы Россон / Е. Бегунова // СБ. Беларусь сегодня. – 2022. – 1 апр. – С. 1, 8–9.
2. Лешніца, К. Расоны, Клясціцы... / К. Лешніца // Звязда. – 2023. – 6 верас. – С. 13.
3. Ляховская, Е. Витебщина туристическая : Россоны: каждый найдет свое / Е. Ляховская // Витебские вести. – 2025. – 11 апр. – С. 12–13.
4. Пастернак, Т. С. Удобный доступ / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2024. – 12 апр. – С. 24.
5. Расоны // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. У. Андрыевіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – Т. 6 : М–Я. – С. 275.
6. Расоны // Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. – Мінск : Беларусь, 2005. – С. 87–88.
7. Расоны // Рэспубліка Беларусь. Вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 156.
8. Россоны // Путеводитель по городам и районным центрам Республики Беларусь = Guide book of the cities and regional centers of the Republic of Belarus / cост. А. Варивончик [и др.]. – Минск : Харвест, 2004. – С. 238–239.
9. Россоны // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.:Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 419.
10. Россоны // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П.Броўкі, 2008. – Т. 6 : Пейзаж–Снегирёв. – С. 512–513.
11. Россоны // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника ; редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. – Минск : БелЭн, 2007. – С. 498.
12. Яско, А. Второе дыхание дома в сто окон / А. Яско // Сельская газета. – 2025. – 12 июня. – С. 12.
СПАСЫЛКІ
Почему Россонский район? Россонский районный исполнительный комитет


