Тэатр народны. Докшыцкі раён, г. Докшыцы
- Подробности
- Створана 13.08.2019 12:23
- Адноўлена 27.08.2019 09:31
У 1947 годзе ў Докшыцкім Доме культуры быў створаны драматычны калектыў, заснавальнікам якога стала Г. П. Лынова. Працу калектыў пачаў з пастаноўкі аднаактавых п'ес А. Чэхава «Мядзведзь» і «Юбілей», а таксама ўрыўкаў з «Пінскай шляхты» В. Дуніна-Марцінкевіча.
У 1975 годзе драматычны калектыў узначаліла рэжысёр Г. В. Яцкоўская. З гэтага часу пачаўся новы творчы этап у жыцці тэатра. Адразу першая пастаноўка па п'есе Р. Тома «Восем закаханых жанчын» учарашняй выпускніцы Віцебскага культпрасветвучылішча атрымала званне лаўрэата першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных. Калектыў быў узнагароджаны дыпломамі Малога тэатра СССР і Саюза пісьменнікаў СССР за актыўную прапаганду твораў савецкай драматургіі. Заканамерным вынікам працы стала і прысваенне тэатру ў 1982 г. ганаровага звання «народны».
У тэатра з'явілася светлавое і музычнае афармленне, пастаноўкі сталі больш прафесійнымі. Кожны год дзейнасці тэатра быў адзначаны прэм'ерай, а то і дзвюма. Несумненнымі ўдачамі сталі спектаклі, пастаўленыя па творах М. Матукоўскага «Апошняя інстанцыя», «Мудрамер», М. Анкілава «Салдацкая ўдава», М. Чарота «Мікітаў лапаць», Л. Радзевіча «Конскі партрэт», К. Крапівы «Хто смяецца апошнім», А. Тура «Месячная саната», А. Каламійца «Фараоны», М. Рошчына «Уся надзея», В. Шукшына «Да трэціх пеўняў», У. Сауліча «Сабака з залатым зубам», Г. Лоркі «Чароўная башмачніца», Я. Купалы «Паўлінка», «Прымакі».
У 1996 годзе калектыў, дзякуючы выдатнаму баяністу Яўгену Ганчарову, адважыўся на першую музычную пастаноўку. Гэта была «Ідылія» В. Дуніна-Марцінкевіча, у якой артысты спявалі і танцавалі. Работа была ацэнена трэцім месцам на абласным фестывалі «Тэатральная вясна». З таго часу амаль кожны год тэатр атрымліваў узнагароды на тэатральных фестывалях. У 2002 годзе – 1-е месца за спектакль па п'есе А. Дударава «Прынц Мамабук». У 2004 годзе за спектакль па п'есе А. Курэйчыка «П'ямонцкі звер» калектыў стаў лаўрэатам абласнога фестывалю. У 2009 годзе атрымаў 2-е месца за спектакль «Не пакідай мяне» па А. Дудараву. Яго артысты сем разоў атрымлівалі Гран-пры за лепшае выкананне роляў. Тэатр з поспехам удзельнічаў у Міжнародных тэатральных фестывалях у Беларусі і Латвіі. Пастаноўка спектакля Ф. Палачаніна «Расплата за нелюбоў» гучала па рэспубліканскім радыё. Дзейнасці тэатра прысвячалася перадача абласнога тэлебачання. Кіраўнік Докшыцкага народнага тэатра Г. Яцкоўская за шматгадовую плённую працу і як лепшая прадстаўніца жаночай грамадскасці ўдастоена ганаровага звання «Жанчына года Віцебшчыны 2002 г.».
У рэпертуары калектыву больш за 30 спектакляў айчынных і замежных драматургаў, класікаў і сучаснікаў. Дасягненні народнага тэатра – гэта вынік плённай дзейнасці рэжысёра і артыстаў. Праз тэатр прайшлі дзясяткі самадзейных аматараў сцэны. Адны заставаліся назаўсёды, іншыя абмяжоўваліся некалькімі выхадамі, але кожны з іх зрабіў свой пасільны ўнёсак у яго дзейнасць.
ЛІТАРАТУРА
1. Аб тэатры і акцёрах // Родныя вытокi (Докшыцы). – 1997. – 22 кастр. – С. 4.
2. Акцёры і ролі // Родныя вытокi (Докшыцы). – 1997. – 7 лістап. – С. 4 ; 12 лістап. – С. 4 ; 19 лістап. – С. 4 ; 22 лістап. – С. 4 ; 26 лістап. – С. 4 ; 29 лістап. – С. 4.
3. Альшэўская, Т. З Балві – з прызнаннем / Т. Альшэўская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2013. – 17 ліп. – С. 1, 4.
4. Альшэўская, Т. Узыход на вяршыню / Т. Альшэўская // Родныя вытокi (Докшыцы). – 2007. – 8 снеж. – С. 6.
5. Бажанаў, В. У Докшыцкім народным / В. Бажанаў // Літаратура і мастацтва. – 1983. – 11 лют. – С. 2.
6. Докшыцкі народны тэатр // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. / гал. рэд. Г. П. Пашкоў. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 1 : А–К. – С. 367–368.
7. З чаканым поспехам! // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2002. – 19 чэрв. – С. 2.
8. Касцюк, I. М. Докшыцкі народны тэатр / І. М. Касцюк // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 702.
9. Касцюк, I. Святкуе тэатр / І. Касцюк // Родныя вытокi (Докшыцы). – 1999. – 24 сак. – С. 4.
10. Малевіч, Я. «Тэатр пачынаецца з лялькі» / Я. Малевіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2015. – 18 крас. – С. 5.
11. Дземідовіч, Т. Запрашаем на прэм'еру / Т. Дземідовіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2015. – 25 сак. – С. 4.
12. Ольшевская, Т. Мельница судеб / Т. Ольшевская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2011. – 21 снеж. – С. 5.
13. Палачанін, Ф. Трохі складана і дужа сардэчна / Ф. Палачанін // Народнае слова. – 1995.– 27 крас. – С. 5.
14. Пацэвіч, В. Брыльянт / В. Пацэвіч. – Родныя вытокі (Докшыцы). – 1993. – 17 лют. – С. 1–2.
15. Пашэвіч, В. Талент / В. Пашэвіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2003.– 26 сак. – С. 2.
16. Селицкий, Э. А вечером – театр / Э. Селицкий // Сельская газета. – 1981. – 28 июля. – С. 4.
17. Сташэвіч, Н. «Асцярожна, жанчыны!» / Н. Сташэвіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2015. – 4 крас. – С. 5.
18. Фурсевiч, I. Новы поспех народнага тэатра / І. Фурсевіч // Родныя вытокi (Докшыцы). – 1997. – 20 снеж. – С. 4.
19. Чувахова, Т. Шчаслівы лёс Яцкоўскай / Т. Чувахова // Ленінская трыбуна (Докшыцы). – 1986. – 6 мая. – С. 2.
20. Чувахова-Альшэўская, Т. У святле рампы / Т. Чувахова-Альшэўская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2018. – 24 сак. – С. 5.
21. Шпаковская, Г. Браво, режиссёр / Г. Шпаковская // Народнае слова. – 2005. – 18 студз. – С. 6.
22. Шпакоўская, Г. Другое дыханне / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 1998. – 10 лют. – С. 5.
23. Шпакоўская, Г. Народная дыпламатыя ў дзеянні / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2013. – 25 июля. – С. 15.
24. Юбiлейны вечар тэатра // Родныя вытокi (Докшыцы). – 1997. – 10 снеж. – С. 3.
25. Яцкоўская, Г. В. «Тэатр – гэта маё жыццё» / Г. В. Яцкоўская // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2010. – 13 лют. – С. 3.