Як і ўвесь беларускі народ, жыхары Віцебшчыны з годнасцю вытрымалі суровыя выпрабаванні ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны мужна змагаліся з захопнікамі на фронце, у партызанскіх атрадах і патрыятычным падполлі. 10 кастрычніка 1943 года быў вызвалены першы раённы цэнтр Віцебскай вобласці – гарадскі пасёлак Лёзна. З гэтага дня пачаўся доўгі і цяжкі шлях выгнання акупантаў з прыдзвінскай зямлі. Шлях баявой садружнасці і подзвігу...
Вярнуўшыся да мірнага жыцця, былыя франтавікі, партызаны і падпольшчыкі здзейснілі яшчэ адзін – працоўны – подзвіг: самааддана адраджалі родны край дзеля будучых пакаленняў. Беларусь памятае і шануе сваіх вызваліцеляў.
Гісторыка-патрыятычны праект «Вызваленне Віцебшчыны. 1943–1944» створаны з мэтай актывізацыі пошукавай працы на тэрыторыі Віцебскай вобласці і захавання памяці пра пакаленне пераможцаў у Вялікай Айчыннай вайне. Гэта даніна павагі кожнаму, хто змагаўся з нацыстамі на акупаванай тэрыторыі. Гэта паглыбленне ў мікрагісторыю – гісторыю чалавека, сям’і, вёскі, горада, рэгіёна.
Мультымедыйны праект падрыхтаваны на аснове дакументальных крыніц з фондаў Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна і ўключае інфармацыю з энцыклапедычных і даведачных выданняў, архіўныя, картаграфічныя дакументы, апублікаваныя раней у перыядычным друку артыкулы пра герояў Вялікай Перамогі. Прапанаваныя матэрыялы аб’ядноўваюць храналагічны летапіс вызвалення гарадоў і вёсак, знаёмяць з воінскімі злучэннямі і асноўнымі наступальнымі аперацыямі, якія адбываліся на тэрыторыі Віцебскай вобласці, дзейнасцю партызанскіх фарміраванняў, легендарных падпольшчыкаў і камбрыгаў.
На старонках нашага праекта мы паступова будзем распавядаць пра розныя падзеі ваеннага часу, і неўзабаве ён пачне прырастаць новымі фактамі, гісторыямі і ўспамінамі, фотагалерэяй і відэахронікай.