Хор народны ветэранаў працы «Залатыя гады». Докшыцкі раён, г. Докшыцы
- Подробности
- Створана 13.08.2019 12:23
- Адноўлена 13.08.2019 15:01
У 2012 годзе хор створаны пры актыўным удзеле старшыні раённага Савета ветэранаў Іосіфа Падрэза і дырэктара Докшыцкай дзіцячай школы мастацтваў імя Н. Сакалоўскага Вольгі Сушко. Хор аб'ядноўвае каля 40 пажылых людзей, большасць з якіх не навічкі на сцэне. У рэпертуары калектыву творы патрыятычнага характару, лепшыя ўзоры савецкіх песень – усяго каля 50 канцэртных нумароў. Пры ім створаны мужчынская і жаночая вакальныя групы, спяваюць 10 салістаў, два дуэты, многія цудоўна чытаюць вершы і байкі, драматычная група ладзіць інтэрмедыі. Калектыў у стане самастойна паставіць вялікі канцэрт, што абавязкова і робіць кожны год да Дня пажылых людзей. Хор ветэранаў працы «Залатыя гады» – абавязковы ўдзельнік усіх вялікіх раённых свят, шмат гастралюе.
Высокі ўзровень выканаўчага майстэрства дазволіў калектыву стаць дыпламантам розных конкурсаў і фестываляў. Першую ўзнагароду – Гран-пры на абласным аглядзе-конкурсе «Не старэюць душой ветэраны» хор атрымаў ужо ў 2014 годзе. У 2016-м на гэтым жа конкурсе хор быў узнагароджаны за высокае выканаўчае майстэрства і за значны ўклад у развіццё грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, папулярызацыю самадзейнай творчасці і актыўны ўдзел у культурным жыцці вобласці, а ў 2018 – заняў 1-е месца на абласным фестывалі «Не старэюць душой ветэраны». За ўдзел у конкурсе харавых калектываў «Браслаўская харавая асамблея» ў межах Міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» – таксама неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі ў намінацыі «Высокае выканаўчае майстэрства, зберажэнне і прапаганда харавога жанру».
Нельга не сказаць яшчэ пра адзін бок дзейнасці гэтага згуртаванага аб'яднання. Для многіх удзельнікаў яно стала тым месцам, дзе яны адчуваюць сябе патрэбнымі, дзе атрымліваюць зарад натхнення, жадання жыць і ствараць.
ЛІТАРАТУРА
1. «Залатыя гады» – народны калектыў // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2018. – 16 мая. – С. 5.