
Персанальная выстава Ірыны Магучай
- Details
- Створана 19.09.2013 15:54
У фае бібліятэкі адкрыта мастацкая выстава работ Ірыны Магучай. У Віцебску гэта шостая персанальная выстава, якой акрамя «Огней карнавала» папярэднічалі «Арабеск» (Мастацкі музей, 1995), выстава ў мастацкай школе (1996), дзе працавала выкладчыкам, «Время комедианта» (Акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа, 2000), «Любовь, и боль, и смысл» (Мастацкі музей, 2011).
І. Магучая нарадзілася ў Віцебску 22 верасня 1963 г. Вучылася ў срэдняй школе № 2. У 1987 г. скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Член Саюза мастакоў з 1997 г.
Пастэль, гуаш, у апошняе дзесяцігоддзе акрыл на палатне, – тэхнікі, што ўвасобілі талент мастачкі, акрылены рамантызмам, імкненнем да прыгажосці і дасканаласці.
З 1999 г. (першы удзел у міжнародным мастацкім пленэры ў Германіі) і да апошніх гадоў абарванага хваробаю жыцця, І. Магучая – мастак еўрапейскі. Больш за 40 пленэраў праведзеных у Германіі, Польшчы, Грэцыі, на Кіпры і Паросе, пяць персанальных выстаў у Францыі, Польшчы, Грэцыі зрабілі імя яе вядомым у мастацкім жыцці Еўропы, а творы запатрабаванымі галерэямі і прыватнымі зборамі.
На выставе прадстаўлены творы віцебскай пары жыцця (пастэль, гуаш), уцалелыя ад вывазу за межы Беларусі. Амаль ўсё, створанае ў апошнія дзесяць гадоў за мяжою, рассеяна па галерэях і прыватных зборах краін, дзе давялося жыць і тварыць. Пра гэтую пару дае нейкае ўяўленне тое, што захавалася на здымках, на падставе якіх надрукавана серыя паштовак і альбом твораў І. Магучай. Пэўная частка гэтых матэрыялаў прадстаўлена на кніжна-ілюстрацыйнай выставе, якая дзейнічае ў аддзеле літаратуры па мастацтве.
Ірына Магучая памерла ў Віцебску 7.06.2010 г.
Творы захоўваюцца (акрамя тых, што засталіся ў сям'і) у музеі г. Хале (Германія), музеі г. Афіны (Грэцыя), у прыватных зборах Беларусі, Масквы, Грэцыі, Германіі, Францыі, Бельгіі, Швецыі, Ізраіля, Польшчы і ЗША.


































