
Творчая сустрэча з паэтам Г. М. Бураўкіным
- Details
- Створана 05.11.2013 09:15
24 кастрычніка ў ДУ «Віцебская абласная бібліятэка» адбылася сустрэча з вядомым беларускім паэтам, публіцыстам, крытыкам, перакладчыкам, лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1972), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы (1980) Генадзем Мікалаевічам Бураўкіным.
Першыя вершы паэта былі надрукаваны ў полацкай газеце ў 1952 годзе. Багатая і разнастайная лірыка паэта знайшла адлюстраванне ў зборніках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Вершы» (1969), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Вершы пяці кніг» (1976), «Варта вернасці» (1978), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995), «Выбранае» (1998), «Паміж зоркай і свечкай» (2000), «Чытаю тайнапіс вачэй» (2001), «Жураўліная пара» (2004), якія былі прадстаўлены на кніжнай выставе «Якое шчасце – жыць на белым свеце...», падрыхтаванай супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі. На вершы Генадзя Мікалаевіча напісана шмат папулярных песень, яго «Калыханка» штодзень гучыць на беларускім тэлебачанні.
На сустрэчы Генадзь Мікалаевіч прачытаў свае вершы са зборніка «Выбранае», а таксама новыя, яшчэ ненадрукаваныя творы, адказаў на пытанні пра сваю творчую дзейнасць і літаратурныя перавагі. На творчы вечар Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна прыйшлі народная артыстка Беларусі С. А. Акружная, віцебскія паэты Д. Р. Сімановіч, У. А. Папковіч, краязнаўцы Л. К. Нікіціна, М. В. Півавар, журналісты, бібліятэкары, педагогі, літаратары і інш. У адрас Генадзя Мікалаевіча прагучала шмат слоў удзячнасці ад прыхільнікаў яго творчасці, кожны з іх змог набыць адзін са зборнікаў паэта з аўтографам аўтара.


































