
Даступнасць інфармацыі для ўсіх: абслугоўванне чытачоў са слабым зрокам і невідушчых
- Details
- Створана 30.10.2013 11:53
У аддзеле перыядычнай літаратуры ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» ўстаноўлена тыфлаабсталяванне, якое складаецца з камп'ютара, аснашчанага праграмай JAWS for Windows Screen Reading Software, апаратна-праграмнага комплексу «Чытаючая машына ElecGeste INFA-300» і электроннага ручнога відэапавелічальніка ЭРВП КРУСТ-02, што дазваляе чытачам са слабым зрокам і невідушчым атрымліваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў.
Праграмма JAWS for Windows Screen Reading Software
Дзякуючы моўнаму сінтэзатару, праз гукавую карту камп'ютара інфармацыя з экрана чытаецца ўслых, забяспечваючы магчымасць доступу да самай разнастайнай інфармацыі на электронных носьбітах, у тым ліку да інфармацыйных рэсурсаў Інтэрнэт. Праграма дазваляе працаваць з плоскадрукаванымі тэкстамі, самастойна ствараць на камп'ютары дакументы (навучальныя работы, справаздачы і інш.), выкарыстоўваць сучасныя праграмныя сродкі для работы з інфармацыяй, дае магчымасць чытачам са слабым зрокам без дапамогі карыстацца камп'ютарам.
Чытаючая машына ElecGeste INFA-300
Комплекс выкананы ў выглядзе звычайнага сканера, зручны і кампактны. Кіраванне ажыццяўляецца пры дапамозе спецыялізаванай клавіятуры і гукавога меню. Імёны файлаў задаюцца пры дапамозе моўнага ўводу.
Магчымасці машыны:
– захаванне прачытаных матэрыялаў на здымным носьбіце або цвёрдым дыску чытаючай машыны ў тэкставыя файлы;
– адкрыццё для чытання раней захаваных матэрыялаў, а таксама чытанне лічбавых кніг, запісаных на здымных носьбітах;
– работа з закладкамі (з дапамогай закладкі карыстальнік можа запомніць патрэбнае яму месца на старонцы, каб хутка яго адшукаць);
– захаванне тэксту ў гукавыя файлы ў фармаце МРЗ на здымны носьбіт.
Электронны ручны відэапавелічальнік «ЭРВП КРУСТ-02»
Прызначаны для чытання друкаванага тэксту: газет, часопісаў, рэцэптаў, лістоў, рахункаў і г.д. Пры дапамозе відэапавелічальніка можна таксама пісаць і маляваць. Акрамя павелічэння, апарат мае функцыю «Стоп-кадр», а таксама функцыю «Фатаграфаванне» з захаваннем бягучага малюнка на карце памяці.
ЭРВП адрозніваецца прастатой, надзейнасцю, тыфлаэрганамічнасцю, зручны ў эксплуатацыі.



































