
Юбілейная выстава жывапісу Рыгора Сяргеевіча Фядзькова «Пленэр»
- Details
- Створана 13.01.2014 10:01
4 студзеня ў абласной бібліятэцы адбылося адкрыццё юбілейнай выставы мастака, кандыдата педагагічных навук, дацэнта кафедры выяўленчага мастацтва УА «ВДУ імя П. М. Машэрава» Рыгора Сяргеевіча Фядзькова «Пленэр».
Рыгор Сяргеевіч нарадзіўся 4 студзеня 1954 года ў в. Арцюхоўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1979 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Вучыўся ў Л. Анцімонава, А. Гаўрушкі, В. Ляховіч, І. Сталярова, В. Вінаградава. Р. С. Фядзькоў з'яўляецца аўтарам вялікай колькасці публікацый, сярод якіх манаграфія, артыкулы ў часопісах Беларусі і Расіі, метадычныя рэкамендацыі для студэнтаў.
Педагагічную дзейнасць Рыгор Сяргеевіч сумяшчае з творчасцю, працуючы ў лепшых традыцыях рэалістычнай школы жывапісу. З 1980 года Р. С. Фядзькоў актыўна ўдзельнічае ў гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх выставах. Работы мастака знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, краінах блізкага і далёкага замежжа.
На выставе прадстаўлены 18 жывапісных палотнаў, якія перадаюць чароўную прыгажосць роднага краю, створаных Р. С. Фядзьковым ў асноўным у 2013 годзе на пленэры. У прыродзе, лічыць Рыгор Сяргеевіч, усё асэнсавана і гарманічна пабудавана, і таму сэнс працы мастака ён бачыць у тым, каб шукаць пластычныя і жывапісныя якасці, якія б не разбуралі яе эстэтычнай шматграннасці, а дапамагалі ўвасобіць задуму ў той ці іншай мастацкай форме.
Павіншаваць мастака з юбілеем прыйшлі калегі, студэнты, прыхільнікі яго таленту.


































