
Выстава графікі Алены Гурынай «З кнігі сноў…»
- Details
- Створана 28.02.2014 16:01
26 лютага ў бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы графікі члена Саюза дызайнераў Рэспублікі Беларусь Алены Віктараўны Гурынай «З кнігі сноў...».
Алена Гурына нарадзілася ў 1978 г. у творчай сям'і. З 1989 г. па 1995 г. вучылася ў Віцебскай дзіцячай мастацкай школе № 1. У 2000 г. скончыла УА «Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт» (кафедра дызайну, спецыяльнасць «мастак-мадэльер»).
Алена Гурына вядома сваім удзелам у творчым аб'яднанні мастакоў «M'ART». Яна з'яўляецца аўтарам дзвюх персанальных выстаў, удзельнікам цэлага шэрагу творчых праектаў: «Партрэт горада», «Арт-сезон», міжнародных мастацкіх праектаў «Калегіум», «Маляваны экватар». Яе карціны знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Германіі, Галандыі, Турцыі, Бахрэйна.
На выставе экспануюцца 18 работ, якія былі выкананы ў апошнія чатыры гады. Мастачка назвала сваю выставу «З кнігі сноў...». І сны гэтыя, трэба сказаць, прыгожыя, загадкавыя, пачуццёвыя, яны вельмі цёплыя і светлыя. Прасочваецца любоў аўтара да міфалогіі, да гісторыі культуры. Работы выкананы ў аўтарскай тэхніцы.
Павіншаваць Алену з адкрыццём выставы прыйшлі яе родныя, мастакі, прыхільнікі яе таленту.


































