
Літаратурна-тэатральная вечарына «Быкаўская праўда вайны»
- Details
- Створана 14.04.2014 14:47
10 красавіка ў 15.00 у агульнай чытальнай зале Віцебскай абласной бібліятэкі адбылася літаратурна-тэатральная вечарына «Быкаўская праўда вайны», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, Героя Сацыялістычнай Працы Васіля Уладзіміравіча Быкава.
Кнігі Васіля Быкава, напоўненыя суровай праўдай вайны, рэалістычныя і трывожныя, чытаюць людзі ва ўсім свеце. Пісьменнік праўдзіва, без усялякіх прыўкрас паказаў сапраўдны твар гэтай вялікай бяды.
Супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Надзея Кастунова і Ларыса Рагачова напомнілі прысутным некаторыя старонкі з жыцця Васіля Быкава. Быў паказаны дакументальны фільм пра Васіля Быкава, у якім пісьменнік расказвае пра свае ваенныя шляхі.
У мерапрыемстве ўзяў удзел пераможца гарадскога конкурсу драматычных сцэнічных чытанняў «Школьны тэатр-18», уладальнік Гран-пры – тэатральны калектыў УА «Сярэдняя школа № 28 г. Віцебска» пад кіраўніцтвам Зоі Віктараўны Таранеўскай. З вялікай цікавасцю ўдзельнікі вечарыны паглядзелі спектакль па апавяданні Васіля Быкава «Сваякі».
Краязнавец, журналіст Аркадзь Міхайлавіч Падліпскі расказаў пра ўдзел Васіля Быкава ў стварэнні Музея Марка Шагала ў Віцебску, а таксама выказаў свае меркаванні пра ўшанаванне памяці Васіля Быкава ў нашым горадзе.
Пра шматгадовае сяброўства народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, пра іх месца і ролю ў літаратуры і грамадстве расказаў паэт, перакладчык, выкладчык Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Уладзімір Антонавіч Папковіч.
Аддзелам краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі да 90-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава на працягу года будзе падрыхтаваны цыкл кніжных выстаў «Стваральнік ваеннай эпапеі». Запрашаем карыстальнікаў бібліятэкі пазнаёміцца з гэтымі матэрыяламі.


































