
Дзіцячае свята «Радасць дзецям падарыце»
- Details
- Створана 02.06.2014 10:22
Да Міжнароднага дня абароны дзяцей 29 мая ў ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна» прайшло дзіцячае свята «Радасць дзецям падарыце». У гэты дзень у бібліятэку былі запрошаны выхавальнікі Вялікалятчанскага дзіцячага дома. Для дзяцей была падрыхтавана цікавая праграма, якая складалася з дзвюх частак: сустрэча з дзіцячым пісьменнікам Сяргеем Анатольевічам Трафімавым «Я жыву ў Сусвеце» і вясёлае гульнёвае прадстаўленне «Прыгоды ў казачным лесе».
Сяргей Анатольевіч Трафімаў нарадзіўся ў горадзе Полацку. Скончыў Віцебскі педагагічны інстытут імя С. М. Кірава, Мінскі педагагічны інстітут імя А. М. Горкага. З 2009 года член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У цяперашні час жыве і працуе ў горадзе Оршы. Часта працуе ў сааўтарстве з жонкай Галінай Уладзіміраўнай Трафімавай. Сям’я Трафімавых – аўтары 250 кніг, якія выдадзены тыражом болей за паўтара мільёна; удзельнікі розных адукацыйных праграм; лаўрэаты шматлікіх прэмій, міжнародных конкурсаў; дыпламанты рэспубліканскіх конкурсаў «Лепшы твор у галіне дзіцячай літаратуры» і «Залатое пяро». Іх кнігі (навукова-папулярныя выданні, вучэбныя дапаможнікі, метадычная літаратура, кнігі для сумеснага чытання) – гэта рэальная дапамога бацькам, настаўнікам і выхавальнікам у пошуку адказаў на шматлікія дзіцячыя пытанні. Кожная з іх – гэта маленькая энцыклапедыя па пэўнай тэме.
У час сустрэчы Сяргей Анатольевіч расказаў аб сваёй творчасці і захапленнях. У яго з першых хвілін атрымалася знайсці агульную мову з дзецьмі, захапіць іх займальнымі конкурсамі. Выконваючы яго нескладаныя і цікавыя заданні, дзеці атрымалі новыя ўяўленні аб навакольным асяроддзі, навучыліся параўноўваць і разважаць, пазнаёміліся з таямніцамі прыроды. На сустрэчы не было месца для суму. Хлопчыкі і дзяўчынкі не згубілі дарэмна ніводнай хвіліны свайго часу. Да гэтага мерапрыемства супрацоўнікамі аддзела дзіцячай літаратуры была падрыхтавана выстава маляўніча ілюстраваных кніг Галіны і Сяргея Трафімавых. Гэтыя кнігі напісаны даступнай мовай і змяшчаюць у сабе ўнікальныя звесткі пра тайны і цуды нашага свету.
Пасля сустрэчы з Сяргеем Анатольевічам Трафімавым хлопчыкаў і дзяўчынак чакаў сюрпрыз: у холе бібліятэкі іх сустрэлі вясёлыя гарэзлівыя клоуны, у ролі якіх выступілі валанцёры 42-й групы факультэта сацыяльнай педагогікі і псіхалогіі пад кіраўніцтвам старэйшага выкладчыка І. А. Сёмкінай ВДУ імя П. М. Машэрава.. Клоуны падарылі дзецям шмат музыкі, смеху, радасці. У самы разгар свята з’явіліся казачныя героі, у якіх пераўвасобіліся супрацоўнікі аддзела дзіцячай літаратуры. Яны захапілі ў палон юных чытачоў і потым выпрабоўвалі сваіх «гасцей», каб зразумець, ці могуць яны ўступіць у банду Бабы Ягі. Дзеці з задавальненнем прымалі актыўны ўдзел у конкурсах, адказвалі на пытанні казачных віктарын. У сценах бібліятэкі на працягу ўсяго свята стаяў вясёлы і заўзяты дзіцячы смех. Як і павінна быць у казцы, усё скончылася добра. Усе ўдзельнікі атрымалі салодкія пачастункі і падарункі.


































