
Вечар памяці і прэзентацыя кнігі Давіда Сімановіча «Дней разорванные звенья»
- Details
- Створана 09.06.2014 16:38
12 чэрвеня ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбыўся вечар памяці паэта Давіда Сімановіча і прэзентацыя яго апошняга зборніка «Дней разорванные звенья», які аўтар не паспеў прадставіць чытачам пры жыцці.
«Дней разорванные звенья» – гэта паэзія і проза са старых сшыткаў аўтара, лаўрэата Шагалаўскай прэміі, прэміі імя Уладзіміра Караткевіча. Выданне прэзентаваў пісьменнік, журналіст Сяргей Васільевіч Рублеўскі, якога звязвала з Д. Сімановічам 40-гадовае сяброўства.
Свой маналог пра жыццё і творчасць вядомага віцебскага паэта Сяргей Рублеўскі прадставіў у выглядзе тэматычных блокаў – дзяцінства, сям'я, працоўная дзейнасць, творчы круг зносін Давіда Сімановіча. Фатаграфіі з асабістага архіва, якія дэманстраваліся на экране, дазволілі ўбачыць Давіда Рыгоравіча яшчэ дзіцём, нагадалі пра самыя яркія і шчаслівыя сустрэчы і хвіліны жыцця паэта.
Увазе прысутных была прапанавана персанальная кніжная выстава, падрыхтаваная аддзелам краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі, на якой была прадстаўлена творчая спадчына паэта, альбом з яго фотаздымкамі, бібліяграфічныя паказальнікі, выдадзеныя да юбілейных дат жыцця і творчасці. Кніжную экспазіцыю дапоўнілі асабістыя рэчы Давіда Сімановіча – друкарская машынка, настольная лямпа пад абажурам, дзённік з запісамі.
На мерапрыемстве прысутнічалі сябры Давіда Рыгоравіча, прадстаўнікі бібліятэк, музеяў г. Віцебска, творчая інтэлігенцыя горада. Вечар памяці пачаўся і скончыўся хвілінай маўчання ў памяць пра паэта.



































