
Вечар памяці «И в песне город над Двиной», прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння кампазітара М. Р. Фрадкіна
- Details
- Створана 24.09.2014 10:47
18 верасня ў аддзеле літаратуры па мастацтве ў рамках мастацка-эстэтычнага салона «ОЛИ-Аrt» адбыўся вечар памяці М. Р. Фрадкіна «И в песне город над Двиной» і прэзентацыя кнігі А. М. Падліпскага «Маршал советской песни», прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння кампазітара.
Адкрылі вечар старшыня салона «ОЛИ-Аrt» Уладзімір Іванавіч Джарыані і мастацкі кіраўнік Віцебскай абласной філармоніі Нэлі Вячаславаўна Мацаберыдзе. З цікавымі фактамі з біяграфіі вядомага савецкага кампазітара, ураджэнца Віцебска Марка Фрадкіна і гісторыяй стварэння шматлікіх песень пазнаёміў прысутных вядучы вечара і аўтар кнігі А. М. Падліпскі. Выступ Аркадзя Міхайлавіча быў падзелен на блокі: пра вайну, пра каханне, пра Віцебск, песні да кінафільмаў. Усе блокі ілюстраваны на экране відэадакументамі і музычнымі ўстаўкамі. Прагучалі гуказапісы песень «Дорога на Берлин», «Песня о Днепре», «Вернулся я на Родину», «Столица областная», «Ожидание». Шэраг песень выканалі лаўрэаты абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і фестываляў Вольга Секунда і Таццяна Кулакова, а таксама студэнты музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага Яна Прусакова і Арцём Мураўёў. Сваімі ўспамінамі аб сустрэчах з Маркам Фрадкіна падзяліліся дачка акцёра Барыса Левіна, з якім Марк Фрадкін сябраваў усё жыццё, Юлія Левіна, народная артыстка Беларусі Святлана Акружная, дырэктар культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кальцо Віцебска «Дзвіна» Віктар Кібісаў, найстарэйшы журналіст віцебскага тэлебачання Валерый Зяльвінскі. На вечары выступіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, кавалер ордэна Францыска Скарыны Міхаіл Мікалаевіч Волкаў.
Гэтая сустрэча яшчэ раз даказала, што песні Марка Фрадкіна ствараюць незвычайную атмасферу жыццёсцвярджальных пачуццяў і эмоцый. Яны па-за часам. Іх ведаюць, памятаюць і любяць. Гэты вечар аб'яднаў усіх, сцёр мяжы паміж узростам, інтарэсамі і перакананнямі людзей. Яркае пацвярджэнне таму тое, што амаль усе песні , якія прагучалі на вечары, былі падхоплены хорам гледачоў у зале.
Усе шматлікія прыхільнікі творчасці Марка Фрадкіна, якія прыйшлі на вечар памяці, атрымалі магчымасць азнаёміцца з друкаванымі і аўдыёвізуальнымі дакументамі з фонду бібліятэкі на кніжна-ілюстрацыйнай выстаўцы, разгорнутай у аддзеле.


































