
Прэзентацыя зборніка навуковых паведамленняў «Исторический календарь мини-проектов “Падбярэзскі куфар”»
- Details
- Створана 08.10.2014 15:18
7 кастрычніка ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя зборніка навуковых паведамленняў «Исторический календарь мини-проектов "Падбярэзскі куфар"». Матэрыялы зборніка ўключаюць даследаванні гісторыка-культурнай і эканамічнай спадчыны вёскі Падбярэззе Віцебскага раёна, закранаюць пытанні развіцця аграэкатурызму ў рэгіёне.
Кіраўнік і ініцыятар праекта Валянціна Кірылава расказала гасцям сустрэчы пра перамогу ў Рэспубліканскім конкурсе праектаў, звязаных з адным малым сельскім населеным пунктам. У навукова-даследчай рабоце ўдзельнічалі гісторыкі, архівісты, краязнаўцы, мастакі, інтэлігенцыя вёскі Падбярэззе. Па матэрыялах, сабраных у выніку рэалізацыі праекта, адбылася навуковая канферэнцыя.
Прысутныя з цікавасцю слухалі выступленні намесніка дырэктара Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерыя Шышанава, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяніса Юрчака, кандыдата сельскагаспадарчых навук, былога дырэктара вучгаса «Падбярэззе» Станіслава Мікалаевіча Янчыка і іншых удзельнікаў праекта. Пра мастацкае афармленне свята вёскі Падбярэззе расказала дацэнт кафедры дызайну ВДТУ, член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Галіна Васільева.
Зборнік, які ў хуткім часе з'явіцца ў фондзе бібліятэкі, безумоўна, прыцягне ўвагу ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю.


































