
Узнагароджанне пераможцаў абласнога літаратурнага конкурсу«Нам жить и помнить»
- Details
- Створана 10.11.2014 10:24
4 лістапада ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога літаратурнага конкурсу сярод дзяцей і моладзі, прысвечанага 70-годдзю вызвалення Віцебскай вобласці і Вялікай Перамогі.
У конкурсе прынялі ўдзел 350 навучэнцаў гарадскіх і сельскіх навучальных устаноў Віцебскай вобласці, на суд журы было прадстаўлена больш за 1070 работ. Кампетэнтнае журы пад кіраўніцтвам старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамары Іванаўны Красновай-Гусачэнка вызначыла 45 пераможцаў у розных намінацыях.
Адзначыўшы важнасць і значнасць такіх гістарычных дат, як 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і юбілей Вялікай Перамогі, Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка расказала прысутным пра ўдзельнікаў конкурсу, крытэрыі адбору твораў-пераможцаў, работу журы. Добрыя пажаданні юным паэтам гучалі ад членаў журы – паэтаў Барыса Беляжэнкі, Вольгі Русілкі, Мікалая Намеснікава. З хваляваннем слухалі прысутныя выступленне складальніка біяграфічных нарысаў «Детство, опаленное войной» Алы Бекішавай, якая расказала пра гісторыю стварэння кнігі і яе герояў. Са словамі падзякі да арганізатараў і ўдзельнікаў конкурсу звярнуліся намеснік старшыні Віцебскага абласнога Савета ветэранаў Міхаіл Аляксандравіч Ляшчынскі, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама Ларыса Васільеўна Арэхава. Гучалі вершы пра вайну ў выкананні пераможцаў конкурсу, віцебскіх паэтаў, удзельнікаў мерапрыемства. Вучань гімназіі № 3 г. Віцебска, стыпендыят фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Дзяніс Угорцын парадаваў удзельнікаў сустрэчы мелодыямі, віртуозна выкананымі на баяне.
Падчас мерапрыемства прысутным была паказана электронная прэзентацыя пра работу бібліятэк Віцебскай вобласці па патрыятычным выхаванні і святкаванні 70-годдзя вызвалення Беларусі, падрыхтаваная супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.


































