
Прэзентацыя кнігі А.М. Падліпскага і У.А. Рызо «Лагерь смерти “5-й полк”»
- Details
- Створана 26.11.2014 11:00
20 лістапада ў чытальнай зале Віцебскай абласной бібліятэкі адбылася прэзентацыя кнігі А.М. Падліпскага і У.А. Рызо «Лагерь смерти "5-й полк"».
Гэта кніга – першая, прысвечаная лагеру смерці, які знаходзіўся на тэрыторыі 5-га чыгуначнага палка, што размяшчаўся ў казармах на заходняй ускраіне Віцебска паміж дарог на Полацк і Гарадок. Праз жахі гэтага лагера прайшлі родныя і блізкія многіх жыхароў нашага горада.
Аркадзь Міхайлавіч Падліпскі расказаў прысутным на мерапрыемстве пра гісторыю стварэння, структуру кнігі, пра значнасць зробленай работы для захавання гістарычнай памяці, выхавання падрастаючага пакалення.
Уладзімір Аляксандравіч Рызо – былы малалетні вязень канцлагера «5-ы полк», які займаецца вывучэннем гісторыі лагера на працягу многіх гадоў, у сваім выступленні прыводзіў факты з архіўных дакументаў, расказаў пра гісторыю стварэння мемарыялу на месцы былога канцлагера.
Былы малалетні вязень Іван Андрэевіч Мядзведзеў, які знаходзіўся сярод апошніх вязняў лагера, расказаў прысутным пра страшныя падзеі таго часу.
Пра блізкіх людзей, якія былі вязнямі лагера, расказала народная артыстка Беларусі Святлана Арцёмаўна Акружная.
Выступленні магістранта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Яўгена Захарава і святара абшчыны Іконы Божай Маці «Спагнанне загінуўшых» Іаана Каляды таксама не пакінулі абыякавымі ўдзельнікаў мерапрыемства.
Аўтары кнігі зрабілі велізарную работу, патрэбную, важную, своечасовую. Выданне гэтай кнігі, магчыма, паслужыць штуршком для іншых, больш глыбокіх даследаванняў.
Кніга «Лагерь смерти "5-й полк"» у хуткім часе з'явіцца ў фондзе Віцебскай абласной бібліятэкі.


































