
Мастацкая выстава Вікенція Ральцевіча «Рэтраспектыва»
- Details
- Створана 16.12.2014 14:45
11 снежня ў бібліятэцы адбылося адкрыццё мастацкай выставы члена Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь Вікенція Іванавіча Ральцэвіча «Рэтраспектыва», прымеркаваная да 50-годдзя выставачнай дзейнасці мастака.
Вікенцій Іванавіч Ральцэвіч нарадзіўся 20 студзеня 1936 года ў в. Гарбавічы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава (1957), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1963). Выкладаў на кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1963–1970).
Упершыню работы Вікенція Іванавіча былі выстаўлены ў Маскве ў 1964 годзе на 10-й Усесаюзнай выставе дыпломных работ. М. Клімава ў часопісе «Творчество» пісала: «Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут паказаў усяго дзве графічныя работы, з якіх ілюстрацыі В. Ральцэвіча да аповесці К. Крапівы «Мядзведзічы» адно з яркіх уражанняў выставы. Выразнасць кампазіцыйных рашэнняў, своеасаблівасць і характарнасць тыпажу, выразнасць графічнай мовы – усё гэта кажа пра мастака адоранага» (Творчество. – 1964. – № 5).
У экспазіцыі прадстаўлена 13 твораў майстра. На адкрыцці выставы выступіў мастацтвазнаўца Міхаіл Леанідавіч Цыбульскі, у адрас Вікенція Іванавіча было сказана шмат цёплых слоў мастакамі Уладзімірам Мікалаевічам Вальновым, Юрыем Панцеляймонавічам Зуевым, Алегам Аляксандравічам Скавародкам, старшынёй мастацка-эстэтычнага салона «ОЛІ-Аrt» Уладзімірам Іванавічам Джарыані, Іванам Паўлавічам Хіцько, які з'яўляецца вучнем В.І. Ральцевіча. Пра мастака раскажа і кніжная выстава ў аддзеле літаратуры па мастацтве, на якой прадстаўлены матэрыялы пра жыццё і творчасць Вікенція Іванавіча Ральцевича.


































