
Вечарына памяці ахвяр Халакоста «Чтобы помнили…»
- Details
- Створана 30.01.2015 10:59
28 студзеня ў бібліятэцы адбыўся вечар памяці, арганізаваны ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У.І. Леніна» сумесна з ВГА «Гарадское яўрэйскае таварыства» і ВДГА «Хасдэй Давід». Вечар быў прымеркаваны да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту.
Прысутным на мерапрыемстве быў прадстаўлены міні-спектакль Магілёўскага народнага яўрэйскага тэатра «Шалом» «Чемодан воспоминаний». У яго аснове ляжыць успамін аб няпростым лёсе рэжысёра тэатра Міры Раманаўны Джаліашвілі. Акцёры не проста расказалі аб жахах вайны, але і данеслі да сэрца кожнага гледача боль, перажыты дзецьмі ў гэты няпросты час.
Адбылася прэзентацыя кнігі гісторыка М. Рыўкіна і журналіста А. Шульмана «Хроника страшных дней. Трагедия Витебского гетто» – дакументальна выверанага апавядання аб крывавых днях лета і восені 1941 года, калі фашыстамі было знішчана яўрэйскае насельніцтва г. Віцебска. Кніга з'явілася вынікам шматгадовай працы. У ёй сабраны ўнікальныя дакументы, прыводзяцца шматлікія паказанні сведак.
У рамках мерапрыемства быў паказаны фільм рэжысёра Б. Мафцыра «Хранители памяти». Здымкі сумеснага ізраільска-беларускага дакументальнага фільма праходзілі ў месцах масавых расстрэлаў яўрэяў фашыстамі на тэрыторыі Беларусі. Фільм складаецца з аповядаў сведак. Мясцовыя жыхары, сведкі трагічных падзей, дзеляцца са здымачнай групай сваімі ўспамінамі.
Асаблівую цікавасць выклікала выстава кніг і перыядычных выданняў «Память жива...», арганізаваная супрацоўнікамі агульнай чытальнай залы і аддзела перыядычнай літаратуры.
Прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр Халакосту запальваннем свечак, равін г. Віцебска Шымшон Даніэль Ізаксон прачытаў памінальную малітву.


































