
Адкрыццё мастацкай выставы і прэзентацыя альбома У.П. Напрэенкі
- Details
- Створана 05.02.2015 09:28
29 студзеня ў бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы члена Беларускага саюза мастакоў Уладзіміра Пятровіча Напрэенкі «Из творческих поездок по Балканам» і прэзентацыя альбома «Владимир Напреенко», выдадзенага да 70-годдзя мастака-акварэліста.
Нарадзіўся Уладзімір Напрэенка 2 студзеня 1944 г. у в. Антонаўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1970). Жыве ў Віцебску. Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі.
Уладзімір Напрэенка шмат падарожнічаў, удзельнічаў у шматлікіх міжнародных пленэрах. Выстава «Из творческих поездок по Балканам» прысвечана пленэрам, якія адбыліся ў Сербіі і Чарнагорыі. Цікавыя сустрэчы, багацце ўражанняў аказалі велізарны ўплыў на мастака і спрыялі яго творчаму натхненню. У экспазіцыі прадстаўлена 14 твораў, выкананых у тэхніцы акварэлі.
Прысутным на адкрыцці выставы быў прадстаўлены альбом «Владимир Напреенко». Каля ста твораў, з больш за тысячу створаных майстрам за шматгадовы перыяд творчай дзейнасці, знайшлі адлюстраванне на старонках гэтага выдання, якое выйшла ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» ў 2014 годзе. Аб творчасці Уладзіміра Напрэенкі аўтар уступнага артыкула да альбома, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя П.В. Масленікава Святлана Страгіна, напісала: «Этот художник ассоциируется с солнцем, которое всходит на небо и, сияя, согревает всех своими лучами. А безмерная любовь к людям выделяет его среди других художников».
З прывітальным словам на мерапрыемстве выступілі намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Ларыса Канстанцінаўна Аленская, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Мікалаеўна Адамян. Аб творчасці Уладзіміра Напрэенкі расказаў мастацтвазнаўца, куратар выставы Міхась Цыбульскі. Віншаванні ў адрас мастака прагучалі ад настаўнікаў, былых аднакурснікаў і сяброў: Фелікса Гумена, Мікалая Гугніна, Уладзіміра Вітко, Рыгора Фядзькова, Уладзіміра Вальнова, Валерыя Белага, старшыні Віцебскай абласной арганізацыі «Беларускі саюз мастакоў» Святланы Баранкоўскай, фотамастака Міхаіла Шмерлінга, прадстаўнікоў ВНУ, дзіцячых мастацкіх школ, бібліятэк г. Віцебска: доктара мастацтвазнаўства, прафесара, загадчыка кафедры выяўленчага мастацтва ВДУ імя П.М. Машэрава Таццяны Катовіч, дырэктара дзіцячай мастацкай школы Міхаіла Кліменкі, выкладчыка цэнтра эстэтычнага выхавання «Маладзік» Людмілы Дабранскай, намесніка дырэктара ЦГБ імя М. Горкага Вольгі Лебедзевай.
Таксама адбыўся прагляд электроннай прэзентацыі і відэароліка пра мастака. З экрана прагучаў музычны падарунк ў выкананні сербскіх мастакоў.
На кніжна-ілюстрацыйнай выставе «Владимир Напреенко. Очарование акварели» былі прадстаўлены дакументы з фонду бібліятэкі і асабістага архіва мастака: кнігі, альбомы, артыкулы з перыядычных выданняў,рэпрадукцыі, фатаграфіі.
Усіх жадаючых запрашаем азнаёміцца з выставай карцін мастака ў фае бібліятэкі і дакументамі кніжна-ілюстрацыйнай выставы ў аддзеле літаратуры па мастацтве.


































