
Сустрэча з паэтам Алегам Зорыным
- Details
- Створана 26.02.2015 10:16
19 лютага ў бібліятэцы адбылася сустрэча з паэтам, членам Расійскага Міжрэгіянальнага саюза пісьменнікаў Алегам Зорыным.
Алег Уладзіміравіч Зорын нарадзіўся 20 снежня 1949 года ў г. Полацку Віцебскай вобласці. Мае тэхнічную і эканамічную адукацыю. Жыве ў Санкт-Пецярбургу. Пісаць вершы пачаў яшчэ ў юнацтве, а вось публікавацца – ужо ў сталым узросце. Алег Уладзіміравіч з'яўляецца аўтарам шэрагу кніг, а таксама адным з аўтараў двухтомнай анталогіі сучаснай пецярбургскай паэзіі «Поэтический форум» (2012). Сярод асноўных публікацый зборнікі вершаў «Черные Маруси» (2008), «Ромашковый разлив» (2008), «Скульптор и поэт» (2009).
Член-карэспандэнт Акадэміі рускай славеснасці і мастацтваў Таццяна Крыжаноўская пра творчасць Алега Зорына пісала: «Алег Зорын – гэта паэт са сваім арыгінальным почыркам, у якім адбіліся і самабытнасць, і глыбокія высновы аўтара. Паэт з уласцівай яму віртуознасцю ўмела падбірае дакладныя словы, каб выказаць яркую разнастайнасць пачуццяў, з дапамогай якіх ён спрабуе ахапіць надзённа-важныя законы зямнога быцця».
Пацвярджэннем гэтых радкоў стала і наша сустрэча. Адкрыў яе старшыня салона «ОЛИ-Аrt» Уладзімір Джарыані, распавёўшы пра цікавыя факты з біяграфіі Алега Зорына. Затым прагучалі вершы ў выкананні аўтара. Чытанне вершаў дапоўнілася музычным відэарадам. З экрана гучалі песні на вершы Алега Зорына ў выкананні хору Аляксандра-Неўскай лаўры, пецярбургскіх бардаў. Зборнік паэта «Скульптор і поэт», прысвечаны віцебскаму скульптару Валерыю Магучаму, прадставіла Народная артыстка Беларусі Святлана Акружная, прачытаўшы шэраг вершаў.
Прыгожым заключным акордам сустрэчы прагучала песня кампазітара С. Сідарэнка на вершы Алега Зорына, прысвечаная Віцебску.


































