
Сустрэча з паэтам, лаўрэатам «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» за 2014 год Мікалаем Намеснікавым
- Details
- Створана 16.04.2015 09:12
14 красавіка ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі адбылася сустрэча з паэтам, кіраўніком секцыі паэзіі Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Мікалаем Намеснікавым.
У жыцці нашага земляка, вядомага віцебскага паэта Мікалая Намеснікава ў 2015 годзе адбыліся дзве знамянальныя падзеі – гэта выхад у свет новага зборніка вершаў «Время яблок» і прысуджэнне аўтару абласной «Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі» за 2014 год. Намеснік дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі па бібліятэчнай рабоце Вольга Макараўна Камендантава сардэчна павіншавала паэта з прысуджэннем яму ганаровай узнагароды.
Вядучы вечарыны – загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Іванаўна Рагачова расказала ўдзельнікам сустрэчы пра першыя паэтычныя публікацыі Мікалая Намеснікава ў мясцовым перыядычным друку і часопісе «Неман» у пачатку 80-х гадоў.
Мікалай Уладзіміравіч чытаў вершы, якія ўвайшлі ў зборнік «Время яблок», расказваў пра вандроўкі па Віцебшчыне, што натхнілі яго на напісанне вершаў, якія будуць складаць наступны зборнік «Крэсы». Гаворачы пра герояў сваіх вершаў, ён падкрэсліў, што ўсе яны – не прыдуманыя персанажы, а рэальныя людзі.
З выхадам новай кнігі прыйшоў павіншаваць свайго былога студэнта кандыдат філалагічных навук Іван Людзвікавіч Лапін.Ганаровы член Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Барыс Паўлавіч Беляжэнка адзначыў найбольш блізкія яму радкі са зборніка вершаў «Время яблок» і прадставіў увазе аўдыторыі свае пародыі на вершы Мікалая Намеснікава. Паэтэса і фотамастак Лілія Паўлаўна Забаўленка таксама прачытала палюбіўшыйся ёй верш з гэтай кнігі. З вялікай павагай гаварыла пра свайго настаўніка былая вучаніца Мікалая Уладзіміравіча – загадчык бібліятэкі СШ № 34 г. Віцебска Марына Сяргееўна Анішчанка.
Усе выступоўцы падкрэслівалі філасофскі накірунак, глыбіню, шчырасць, душэўнасць вершаў Мікалая Намеснікава.
Завяршаючы сустрэчу, паэт прачытаў вершы, якія ўвойдуць у яго наступны паэтычны зборнік.


































