
Адкрыццё выставы жывапісу «Чалавек і прырода» мастака Вячаслава Шайнурава
- Details
- Створана 13.05.2015 14:34
7 мая ў бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы жывапісу мастака Вячаслава Шайнурава «Чалавек і прырода».
Вячаслаў Шайнураў нарадзіўся 13 ліпеня 1986 г. ў Віцебску. У 2009 г. скончыў мастацка-графічны факультэт УО «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава». З 2009 па 2010 гг. навучаўся ў магістратуры. Працуе мастаком у Беларускім тэатры «Лялька». З 2009 г. В. Шайнураў вядзе актыўную выстаўную дзейнасць. Выступаў у ролі арганізатара, куратара і ўдзельніка шэрага праектаў у Віцебску: выставы «Выявы», «Подых» (па выніках пленэраў у сядзібе І.Е. Рэпіна «Здраўнёва»), «Скрыжаванне», «Навагодняя завея». Вячаслаў Шайнуров з'яўляецца ўдзельнікам рэспубліканскай выставы «Зямля пад белымі крыламі» (2010 г.), выставы віцебскіх мастакоў у Смаленску (2011 г.), міжнародных выстаў-конкурсаў ArtSessio, абласных выстаў «Ню», арт-праектаў «Партрэт горада». Ён аўтар персанальных выстаў жывапісу: «Дакрананне», «На парозе» (2009 г.), «Дыялог» (2013 г.).
Сваю новую выставу Вячаслаў Шайнураў назваў «Чалавек і прырода». У анатацыі да яе аўтар напісаў пра важнасць разумення яднання чалавека і прыроды: «Яно захоўваецца ў невялікіх аскепках памятных момантаў, якія мы і зараз можам убачыць, калі толькі захочам зноў пранікнуцца і адчуць, што чалавек і ёсць частка прыроды».
На адкрыцці выставы выступілі дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва ВДУ імя П.М. Машэрава Генадзь Пятровіч Ісакаў, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, мастацкі кіраўнік тэатра «Лялька» Віктар Ігнацьевіч Клімчук, журналіст, культуролаг Георгій Каржанеўскі. Імправізаваную экскурсію па карцінах Вячаслава Шайнурава ў вершах правяла паэт, загадчык літаратурнай часткі тэатра «Лялька» Людміла Сіманёнак.
Запрашаем усіх жадаючых азнаёміцца з выставай карцін мастака Вячаслава Шайнурава.


































