
Фотавыстава А. Арцем’ева «Линия жизни»
- Details
- Створана 22.06.2015 10:09
17 чэрвеня ў бібліятэцы адбылося адкрыццё фотавыставы фатографа, відэёграфа, дырэктара студыі «Art.foto plus» Аляксандра Арцем'ева «Линия жизни».
Аляксандр Арцем'еў нарадзіўся і вырас у г. Вялікія Лукі (Расія), але больш за 20 гадоў жыве ў г. Віцебску. Скончыў Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт шляхоў зносін. Працаваў у канструктарскім бюро. Але захапіўся кіна- і фотаздымкай, працуючы на тэлебачанні ў г. Вялікія Лукі, а пасля пераезду ў Віцебск – на 48-м тэлевізійным канале.
Больш за 30 гадоў Аляксандр Арцем'еў займаецца любімай справай. Яго фатаграфіі публікаваліся ў часопісах «Foto&Video», «Digital Photo», у газетах Расіі і Беларусі. Аляксандр Арцем'еў удзельнік многіх фотапраектаў. Ён фіналіст міжнародных фотаконкурсаў «Эпоха 1812» і «ПРОлетая Россию» (Расія) сярод прафесіяналаў і аматараў паветранай здымкі, пераможца міжнароднага фотаконкурсу «IT'S INTERESTING!» (Беларусь), удзельнік міжнароднай сустрэчы паветраплавальнікаў у г. Вялікія Лукі (Расія). Фатаграфіі Віцебска, выкананыя Аляксандрам Арцем'евым, змешчаны ў кнізе Мікалая Півавара «Музеі Віцебска на пачатку ХХI стагоддзя».
На выставе прадстаўлена 20 работ фотамастака. На фатаграфіях – Віцебск і яго жыхары, Вялікія Лукі і паветраныя шары. Тое, што вельмі дорага Аляксандру. Павіншаваць яго прыйшлі сябры і калегі, тыя з кім пачынаў працаваць як фатограф і з кім працягвае супрацоўнічаць зараз. На адкрыцці выставы выступілі журналіст Сяргей Галеснік, краязнаўца, кандыдат гістарычных навук Мікалай Півавар, арганізатар фотафэсту імя С. Юркоўскага ў г. Віцебску Анатоль Жолудзеў, педагог, вядучы гарадскіх імпрэз Сяргей Піталенка.
А. Арцем'еў павіншаваў пераможцаў конкурсу «Чароўны Віцебск» (https://vk.com/bestvitebsk) і ўручыў ім прызы.
Фотамастак Аляксандр Арцем'еў знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку. Фотавыстава «Линия жизни» – яркае таму пацверджанне.


































