
Літаратурная вечарына «Да роднай зямлі я навечна прырос…»
- Details
- Створана 26.06.2015 10:18
25 чэрвеня ў 12.00 у бібліятэцы адбылася літаратурная вечарына «Да роднай зямлі я навечна прырос...», прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння нашага земляка, народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі.
Песні на словы Петруся Броўкі, што прагучалі ў пачатку вечарыны, былі добра вядомы ўсім, хто прыйшоў у гэты дзень у абласную бібліятэку.
Вядучая вечарыны, загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Ларыса Рагачова нагадала прысутным некаторыя старонкі жыццёвага і творчага лёсу Петруся Броўкі. Увазе ўдзельнікаў вечарыны была прадстаўлена электронная прэзентацыя пра славутага земляка.
Загадчык бібліятэкі імя Петруся Броўкі Віцебскай гарадской сеткі публічных бібліятэк Ларыса Шашкова расказала пра ўшанаванне памяці Пятра Усцінавіча Броўкі ў Беларусі.
Вершы паэта падчас вечарыны чыталі супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Анжаліка Радзевіч і Марыя Бяляцкая.
Са словамі пашаны і ўдзячнасці народнаму паэту выступілі пісьменнікі-лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі: старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка, Ганаровы член Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Барыс Беляжэнка, паэт Мікалай Намеснікаў.
Фанаграма верша «Бывае, што хтосьці пакіне свой дом...» з голасам народнага паэта Беларусі прагучала напрыканцы вечарыны.
А святочныя ўрачыстасці працягнуліся на мітынгу каля памятнага знака Петрусю Броўку ў Віцебску. Прагучалі вершы паэта ў выкананні пісьменнікаў, бібліятэкараў, юных чытачоў.


































