
Сустрэча з докторам гістарычных навук, прафесарам В. М. Ляўко
- Details
- Створана 16.09.2015 08:24
![]()
14 верасня ў бібліятэцы адбылася сустрэча з доктарам гістарычных навук, прафесарам Вольгай Мікалаеўнай Ляўко. Удзельнікам мерапрыемства была прадстаўлена кніжная серыя «Древнейшие города Беларуси», якая ўключае даследаванні пра гарады, што зарадзіліся на племянной аснове і стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці. З 2010 года ў гэтай серыі былі выдадзены кнігі «Витебск» (2010), «Полоцк» (2012), «Друцк» (2014).
Вольга Мікалаеўна Ляўко займаецца археалагічным вывучэннем феадальнага Віцебска з 1976 года. Ёй адкрыліся многія тайны віцебскай зямлі. Матэрыялы археалагічных даследаванняў, пісьмовых і графічных крыніц былі пакладзены ў аснову яе манаграфіі «Витебск». Вольга Мікалаеўна з'яўляецца таксама навуковым рэдактарам і аўтарам многіх артыкулаў кніг «Полоцк» і «Друцк».
Са словамі падзякі за грунтоўную, фундаментальную працу пра старажытныя гарады Віцебшчыны да Вольгі Мікалаеўны Ляўко звярнуліся дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі Таццяна Мікалаеўна Адамян і галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Валер'евіч Юрчак.
Археолаг і даследчык расказала пра некаторыя цікавыя знаходкі і адкрыцці падчас раскопак у нашым горадзе, пра старажытныя віцебскія храмы. Увазе прысутных былі прадстаўлены электронныя прэзентацыі «Витебск на пути "из варяг в греки"», «Древнерусские княжества на территории Беларуси», «Крещение Руси и христианизация Полоцкой земли».
Значнасць археалагічных даследаванняў і прац па археалогіі падкрэсліла і кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Таццяна Станіславаўна Бубенька, у якой таксама ёсць працы, прысвечаныя гісторыі і археалагічным даследаванням Віцебска.
Напрыканцы сустрэчы Вольга Мікалаеўна Ляўко падарыла абласной бібліятэцы кнігу «Витебск» і адказала на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства.
З публікацыямі і манаграфіямі В. М. Ляўко прысутныя маглі пазнаёміцца на кніжнай выставе «Раскрывает тайны Беларуси», наладжанай супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.


































