
Прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук Віктара Мамертавіча Хаданёнка
- Details
- Створана 30.09.2015 09:42
![]()
28 верасня ў бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі кандыдата гістарычных навук Віктара Мамертавіча Хаданёнка «Сацыяльна-эканамічнае становішча насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны (1915–1917 гг.)».
З выхадам у свет манаграфіі аўтара павіншавалі кандыдат гістарычных навук, галоўны спецыяліст Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяніс Валер'евіч Юрчак і кандыдат гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Анатоль Мікалаевіч Дулаў. У выступленнях была падкрэслена важнасць дадзенай работы для беларускай гістарыяграфіі, бо тэма Першай сусветнай вайны ўсё яшчэ недастаткова вывучана.
Віктар Мамертавіч даследуе тэму Першай сусветнай вайны дастаткова даўно, ён мае нямала публікацый пра падзеі Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі. Першая сусветная вайна з'явілася цяжкім іспытам для беларускага народа. Акупацыйны рэжым у заходніх і масавыя рэквізіцыі, мабілізацыя, прымусовая праца ва ўсходніх губернях – усё гэта непасільным цяжарам клалася на плечы нашага насельніцтва. Віктар Хаданёнак прывёў нямала прыкладаў гаротнага становішча людзей як на фронце, так і ў тыле. З цікавасцю слухалі прысутныя расказ аўтара пра працу над кнігай і пра падзеі далёкай вайны.
У завяршэнне сустрэчы Віктар Хаданёнак перадаў у фонд Віцебскай абласной бібліятэкі некалькі экзэмпляраў манаграфіі.


































