
Карпаратыўны электронны рэсурс «Беларускія смаляне, смаленскія беларусы»
- Details
- Створана 26.01.2016 10:36
25 студзеня Віцебскую абласную бібліятэку з прафесійным візітам наведала расійская калега – загадчык аддзела электронных рэсурсаў бібліятэкі Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук Таццяна Ладожына. Мэта візіту – супрацоўніцтва бібліятэк у рамках карпаратыўнага праекта па стварэнні рэфератыўнай базы даных «Беларускія смаляне, смаленскія беларусы».
У базу даных будуць уключаны анатаваныя бібліяграфічныя запісы публікацый на беларускай і рускай мовах пра беларусаў, вядомых сваёй дзейнасцю на Смаленшчыне, і пра смалян, якія ўнеслі ўклад у развіццё беларускай культуры, адукацыі і навукі. У перспектыве – стварэнне паўнатэкставай базы даных.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны пытанні супрацоўніцтва па стварэнні базы даных, у дар Віцебскай абласной бібліятэцы былі перададзены выданні «Созидатели культуры Смоленщины», «Фотографы Смоленщины» і іншыя краязнаўчыя матэрыялы.
У сакавіку 2016 года ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбудзецца круглы стол, прысвечаны пытанням узаемадзеяння бібліятэк-удзельнікаў праекта.


































