
Літаратурна-музычная вечарына «Права на неўміручасць»
- Details
- Створана 10.03.2016 07:36
3 сакавіка ў бібліятэцы адбыўся літаратурна-музычны вечар «Права на неўміручасць», прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. Мерапрыемства было арганізавана сумесна з Віцебскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Актыўная, разнастайная творчая і грамадская дзейнасць Кандрата Крапівы – паэта-сатырыка, байкапісца, празаіка, драматурга, крытыка, вучонага, віцэ-прэзідэнта АН БССР – прынесла яму шырокую вядомасць не толькі ў сваёй краіне, але і далёка па-за яе межамі. Пра вялікае выхаваўчае значэнне твораў Кандрата Крапівы і яго ўнёсак у беларускую літаратуру расказала член Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, кандыдат філалагічных навук, літаратуразнаўца, паэтэса Вольга Русілка. Асістэнт рэжысёра Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святлана Дашкевіч распавяла пра спектаклі па творах Кандрата Крапівы, што былі пастаўлены ў розныя гады на сцэне тэатра. Ганаровы член Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменнік Барыс Беляжэнка падкрэсліў актуальнасць баек Крапівы. Знакамітыя байкі класіка прагучалі ў выкананні вучняў сярэдняй школы № 28 г. Віцебска Вікторыі Марозавай і Мікіты Стрыжонка.
Падчас мерапрыемства былі прагледжаны ўрыўкі з дакументальных фільмаў пра Кандрата Крапіву. Супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі была наладжана кніжная выстава, прысвечаная творчасці пісьменніка. Навучэнцы Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага аздобілі вечарыну выкананнем музычных кампазіцый на тэму беларускіх народных песень.


































