
Прэзентацыя кніг Васіля Паўлючкова
- Details
- Створана 11.04.2016 05:37
Віцебскі трамвай – гэта візітная картка нашага горада, адна з яго гістарычных славутасцей. З'явіўшыся ў Віцебску ў 1898 годзе першым у Беларусі і трэцім у Расійскай імперыі, вось ужо амаль 120 год наш гарадскі трамвай працягвае штодзень вазіць людзей у розныя канцы горада.
Гісторыя віцебскага трамвая заўсёды цікавіла гарадскіх краязнаўцаў, аднак самы вялікі ўклад у яе вывучэнне ўнёс начальнік УКТП «Віцебскае трамвайна-тралейбуснае ўпраўленне» Васіль Міхайлавіч Паўлючкоў. Выкарыстоўваючы крыніцы айчынных і еўрапейскіх архіваў, ён скрупулёзна ўзнавіў гісторыю гарадскога трамвая, у выніку чаго з'явіліся кнігі «Віцебскі трамвай. Гістарычны нарыс», «Віцебскі трамвай: людзі, падзеі, факты» і «Віцебскі трамвай: дакументы і матэрыялы».
6 красавіка ў Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася прэзентацыя гэтых кніг. Васіль Міхайлавіч расказаў пра работу па іх стварэнні і падзяліўся сваімі творчымі планамі па далейшым вывучэнні гісторыі віцебскага трамвая.
Павіншаваць Васіля Паўлючкова прыйшлі не толькі яго калегі, але і шматлікія госці. З падзякай ў адрас аўтара выступілі галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага абласнога выканкама Д. В. Юрчак, дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Т. М. Адамян, дырэктар аўтапарка № 1 В. І. Іллюковіч, пісьменнік С. В. Рублеўскі, краязнаўца А. М. Падліпскі, дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і сусветнай культуры ВДУ імя П. М. Машэрава А. Г. Лісаў і многія іншыя.


































