
Перасоўная фотавыстава «Мой край не абышла вайна»
- Details
- Створана 01.07.2016 11:09
Да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь
У бібліятэцы да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адкрылася перасоўная фотавыстава «Мой край не абышла вайна». Праект рэалізаваны ў рамках Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж абласнымі ўніверсальнымі бібліятэкамі прыгранічных тэрыторый дзяржаў-удзельніц СНД – Віцебскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна і Смаленскай абласной універсальнай бібліятэкай імя А. Т. Твардоўскага.
Экспазіцыя ўключае ўнікальныя фотаздымкі Віцебска і Смаленска даваеннага, ваеннага і пасляваеннага перыядаў з фондаў Смаленскага дзяржаўнага музея-запаведніка, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, прыватных калекцый, фонду нямецкага горада Хагена.
Дырэктар абласной бібліятэкі Таццяна Адамян прэзентавала праект, як пачатак сумеснай дзейнасці з расійскімі калегамі, кірункі якой былі вызначаны ў сакавіку гэтага года падчас прафесійнага візіту ў Смаленск.
Вялікую ролю праекта ў яднанні рускага і беларускага народаў, якія маюць агульную ваенную гісторыю, падкрэсліла дырэктар Смаленскай абласной універсальнай бібліятэкі імя А. Т. Твардоўскага Вольга Мальцава. Актуальнасць праекта адзначылі галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Дзяніс Юрчак і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый Шышанаў.
Цікавасць да мерапрыемства праявілі гісторыкі, краязнаўцы, супрацоўнікі ўстаноў адукацыі і культуры. Выстава працуе ў бібліятэцы да сярэдзіны ліпеня, затым будзе перавезена ў адзін з прыгранічных раёнаў Беларусі, далей працягне перасоўванне па тэрыторыі Смаленскай вобласці.


































